Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фіялетавы Адвэнт
Усяго патроху
30.11.2014 08:46

Некаторыя крыніцы інфармацыі сведчаць, што ў Рымскай імперыі існаваў звычай, згодна з якім, калі легіянер ішоў на вайну, яго жонка насіла фіялетавую вопратку. Гэты быў зразумелы іншым знак чакання вяртання жаўнера.

У лацінскім абрадзе фіялетавы колер азначае пакаянне. Менавіта таму такі колер літургічных вопратак ужываецца падчас Вялікага посту. Аднак не ўсё так проста з Адвэнтам. Мадыфікацыя значэння гэтага перыяду і змена ў тым, як яго перажывалі людзі, была значнай. Традыцыі кельцкіх манахаў паўплывалі на літургію ў Галіі, дзе ў Адвэнце пачалі праяўляцца элементы, уласцівыя перыядам пакаяння. Думкі вернікаў канцэнтраваліся тады на прыйсці Божага Сына ў канцы часоў. Галійскі ўплыў мадыфікаваў літургію ў Рыме, дзе яна паступова перастала мець першасны характар радаснага чакання Хрыста.

Апошняя літургічная рэформа спалучыла ў Адвэнце рымскі і галійскі звычаі: цяпер гэта перыяд падрыхтоўкі да другога прыйсця (adventus) Хрыста і да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Такім чынам, мы рыхтуемся да святкавання прыйсця Божага Сына на зямлю, прагнем, каб Ён нарадзіўся ў нашым сэрцы і каб прыйшоў яшчэ раз у свет. Мы чакаем сустрэчы з Ім. Сустрэча з Езусам радасная для тых, хто жыве ў ласцы, хто да яе падрыхтаваўся. Таму і чаканне гэтай сустрэчы радаснае.

Фіялетавы колер у Адвэнце — колер чакання. Аб гэтым чаканні, якое займае ўсё наша жыццё, мы ўзгадваем падчас пахавання памерлых. Усё часцей у пахавальных абрадах чорны колер замяняецца фіялетавым. Так выражаецца не толькі наша жалоба, але і чаканне сустрэчы ў небе з тымі, хто нас апярэдзіў на гэтым шляху.

Нам можа здавацца, што Бог ад нас адварочваецца. Так, як магло б падавацца, што Сонца адварочваецца ад Зямлі і надыходзіць ноч. Аднак Ён чакае.

Кс. Кірыл Бардонаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.