Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Музей Бэтлеема» ў цэнтры Багеміі
Усяго патроху
29.12.2014 14:58

Тут і мастак, што піша ікону, і жанчына, якая мые рэчы, музыканты, рыцары, ваяры – уся гісторыя Карлштэйна як на далоні. Але цэнтральнае месца займае Той, Каму ўсё належыць, нараджэнне якога стала адпраўной кропкай для сучаснай гісторыі...

У казачнай краіне, краявіды якой нібы сышлі са старонак дзіцячай кнігі, сярод гор размясціўся слаўны горад Карлштэйн (HradKarlštejn / KarlůvTýn), ці як яго яшчэ па-іншаму называюць «Карлув Тын», а літаральна — Карлаў плот. І нездарма! Гэты горад, а ў мінулым замак, захоўваў рэгаліі Свяшчэннай Рымскай імперыі (імператарскую карону) і святыя рэліквіі, а пазней і найвялікшыя каштоўнасці Багеміі — скарбы чэшскіх каралёў, вывезеныя падчас гусіцкіх войн з Пражскага града, якімі тыя каранаваліся на працягу стагоддзяў.



Замак знаходзіцца на вяршыні гор і ўяўляе сабой шматузроўневую пабудову, якую вянчае Вялікая вежа з капліцай Святога Крыжа, дзе, уласна, і захоўваліся каралеўскія рэліквіі. Як і горад з прыпавесці, гэты сярэднявечны «прытулак каралёў» не можа схавацца, тым і заварожвае.

Да Карлштэйна, наколькі гэта было магчыма, прыляпіўся невялічкі гарадок з нібы цацачнымі дамкамі, касцёлам і шматступенчатымі могілкамі пры ім — раней рамесны цэнтр, а зараз ён ператварыўся ў “комплекс” абслугоўвання турыстаў. Сярод іншых «турыстычных» славутасцяў, якія будуць цікавымі кожнаму наведвальніку, сваёй непадобнасцю да іншых вылучаецца Музей Бэтлеема (Muyeum Betlémů). Ён знаходзіцца, здаецца, у самым належным для сябе месцы — у колішнім доме парафіяльнага святара, і займае першы паверх і гарышча.

Пры ўваходзе ў музей перад вачымі паўстае дзівосны свет, які складаецца са сцэн дзвюхтысячагадовай даўніны. Цяжка ўявіць Святую Сям’ю сярод тых пышных, ніколі не бачаных райскіх гарадоў, што ператварыліся ў жыццё дзякуючы фантазіі чэшскіх мастакоў. Фігуркі выкананы з воску, цукру і традыцыйнай для Калядаў стравы – пернікаў. Паветра напоўнена цудоўным пахам, што гэтыя скульптуркі і струменяць. Самая старая фігурка выканана 150 гадоў таму. Сярод іх ёсць і механічныя, што могуць рухацца. Усяго іх тут калі 50, а на Божае Нараджэнне дадаюцца яшчэ прыкладна 15, зробленых са свежавыпечаных пернікаў.


Рыпучая лесвіца вядзе на гарышча. Дзверы з левага боку, нібы машына часу пераносяць у мінулае, звязваюць з ім праз традыцыю, з’яўляюцца першай весткай Нараджэння Пана. На дзвярах вісіць адвэнтавы вянок, а на верхняй ліштве звыклы надпіс, напісаны крэйдай — K+M+S+1898.



Наверсе прыцемкі і цішыня. Стол, накрыты для вігілійнай вячэры. А з-пад столі ліецца чароўны спеў «Ціхая ноч». Усё прасякнута радасным чаканнем. Настолькі, што становіцца незаўважным галоўны экспанат музея — 80-метровая батлейка.

Велізарны сярэднявечны горад, нібы выхаплены з бездані стагоддзяў і ажыўлены ўмелай рукой майстра, напоўнены тагачаснымі героямі. Тут і мастак, што піша ікону, і жанчына, якая мые рэчы, музыканты, рыцары, ваяры – уся гісторыя Карлштэйна як на далоні. Але цэнтральнае месца займае Той, Каму ўсё належыць, нараджэнне якога стала адпраўной кропкай для сучаснай гісторыі. Над Дзіцяткам з ласкавым клопатам схіліліся Марыя з Юзафам. Яны гойдаюць калыску. У той жа час да Дзіцяці на паклон ідуць самыя вядомыя валадары Багеміі, пачынаючы ад легендарнага Пржэмысля і скончваючы першым прэзідэнтам Чэшскай Рэспублікі Томашам Масарыкам — усе тыя, кім так ганарыцца чэшскі народ. Узносячы пашану, яны нясуць веру, што толькі Бог можа вывесці народ з цемры небыцця, бо толькі ставячы Збаўцу ў цэнтры жыцця і гісторыі, спадзеючыся на Яго, можна з ўпэўненасцю глядзець у будучыню і ведаць, што Бог не пакіне свайго люду, што Радзіма не згібее. Толькі з моцнай верай у Яго.

Тэкст і фота Кацярыны Парыжаскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.