Што такое Запусты і «з чым іх ядуць»? |
Усяго патроху |
13.02.2015 14:30 |
Запусты былі самым вясёлым, бесклапотным і сытым тыднем у годзе, асабліва ў шляхецкіх і магнацкіх дамах. Старадаўняя прыказка сцвярджала: «На Запусты не хоча панства капусты». Шляхце хацелася хутчэй сарніны, аленіны, ласяціны і нават зубраціны... У даўнія часы, калі аснову эканомікі складала сельская гаспадарка, калі пост захоўвалі вельмі строга, а зімовы час даваў селяніну натуральны адпачынак ад бясконцых турботаў, карнавал перад Вялікім постам быў самым бесклапотным перыядам у годзе, спрэс запоўненым вясёлымі забавамі. Шмат у якіх хрысціянскіх гарадах і рэгіёнах да нашых дзён захаваліся свае рэгіянальныя традыцыі, свае ўнікальныя мясцовыя «карнавалы», якія прывабліваюць шматлікіх турыстаў: маскарады, шэсці, гульні, традыцыйныя стравы. У традыцыйным календары католікаў былой Рэчы Паспалітай Запусты, або Запускі, — традыцыйная назва апошніх дзён (як правіла, апошняга тыдня) перад постам. У Заходняй Еўропе Запусты перад Вялікім постам называюць карнавалам (ад італьянскага carne — «мяса» і valere — «панаваць», «загадваць», бо гэта апошнія дні, калі мяса яшчэ «пануе» на сталах). Самым вясёлым быў апошні тыдзень карнавалу — у вузкім сэнсе менавіта яго і называлі карнавалам, калі народ імкнуўся быццам «запасціся» вяселлем і забавамі на ўвесь 40-дзённы Вялікі пост. У праваслаўнай традыцыі аналагічны перыяд называюць Масленіцай, а ў былой Рэчы Паспалітай часам таксама Запустамі (або Запускамі).
Пачынаўся гэты тыдзень з вясёлых забаваў, якімі быў запоўнены ўсе сем дзён. Абавязковым быў і «Тлусты чацвер». Дарэчы, і ў традыцыі праваслаўнай Масленіцы апошні перад Вялікім постам чацвер лічыцца днём «шырокага разгулу», менавіта ў гэты дзень забавы (катанне на санках з ледзяных горак, гушканне на арэлях, бітвы за «снежныя гарадкі», таварыскія пачастункі) дасягалі ў Расіі свайго апагею.
«На Запусты не хоча панства капусты» У карнавальны час гуляліся не толькі парадыйныя, але і сапраўдныя вяселлі, і існаваў звычай, каб маладыя жанчыны, якія толькі што выйшлі замуж, частавалі ў дні Запустаў сваіх сябровак з даўжэйшым «стажам» у шлюбе, быццам бы далучаючыся да «карпарацыі» жонак. Пра блінны дзень і Масленіцу Несумненна, Запусты былі самым вясёлым, бесклапотным і сытым тыднем у годзе, асабліва ў шляхецкіх і магнацкіх дамах. Старадаўняя прыказка сцвярджала: «На Запусты не хоча панства капусты». Шляхце хацелася хутчэй сарніны, аленіны, ласяціны і нават зубраціны... Ад ежы і напояў аж выгіналіся сталы, і чаго толькі на іх не было! Самай старажытнай і распаўсюджанай стравай, зразумела, былі бліны, як і на Масленіцу. Ды і ў Заходняй Еўропе карнавал і бліны непарыўна звязаны паміж сабой, так што і апошні дзень карнавалу, аўторак перад Папяльцом, па-англійску называецца «блінны дзень» (Pancake Day) — у нас гэта быў Тлусты аўторак. Шмат было на сталах тлустых, мясных страваў (абавязваў «Тлусты» тыдзень) — розных вяндлінаў, кілбасаў, кішак, сальцісонаў, бігасу, смажаніны, пячыстых… У бяднейшых сем’ях у Тлусты чацвер елі тыя самыя стравы, што і ў будні, напрыклад, капуснік, крупнік, верашчаку, толькі імкнуліся як мага болей дадаць тлустага, пару-тройку колцаў кілбаскі, зашкварыць, так што тлушч ажно плаваў па паверхні. Апроч бліноў, папулярным печывам на Запусты, асабліва ў Тлусты чацвер, былі пончыкі (якія да XVIII ст. называлі «пампухамі») і хруст, званы інакш фаворкамі, якія паступова сталі ўспрымацца як сімвал Тлустага чацвярга. Як жа шмат добрых і прыгожых звычаяў, па-сапраўднаму годных, страчана намі ў бязглуздай пагоні за модай, асабліва за апошняе стагоддзе! Зрэшты, ніхто не можа забараніць хрысціянам трымацца сваіх традыцыйных святочных звычаяў, хаця б у вузкім сямейным коле. Алесь Белы |