Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
420-я гадавіна Брэсцкай уніі: «Веру ў Адзіную Царкву»
Усяго патроху
13.07.2016 09:00

ХХІІ штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка вырушыла 12 ліпеня з Віцебска. Пілігрымам і ўсім астатнім айцец Андрэй Крот прапануе разважанні пра еднасць Царквы (Касцёла).

Патрэбу адзінства Хрыстовай Царквы разумее кожны хрысціянін. Прамаўляючы Сімвал веры, мы вызнаем веру ў Адзіную, Святую, Паўсюдную і Апостальскую Царкву. Аднак як належыць разумець адзінства Царквы? У чым яно праяўляецца?

1. Многія хрысціяне лічаць, што дастаткова, каб адзінства Царквы было толькі духовым: прадстаўнікі розных веравызнанняў вызнаюць Адзінага Бога, вераць у Хрыста, праслаўляюць Святога Духа.

Час ад часу яны сустракаюцца на экуменічных малітвах, абмяркоўваюць нейкія пытанні на супольных канферэнцыях ці ў сяброўскім коле пры каве.

На жаль, наш сённяшні вопыт паказвае, што для сапраўднага адзінства не дастаткова толькі такой еднасці. Пэўныя супольнасці могуць прымаць рашэнні адносна веры і хрысціянскага жыцця, абсалютна непрымальныя для іншых. Напрыклад, мы не можам пагадзіцца з жаночым «святарствам» ці гомасексуальнымі «шлюбамі», якія практыкуюцца ў некаторых некаталіцкіх супольнасцях.

Мы, католікі, верым у тое, што для сапраўднага адзінства неабходна, каб у хрысціянскай супольнасці быў адзін Галава. Гэта падказвае нам і чалавечая логіка: для паспяховасці любой справы патрэбна, каб хтосьці яе ўзначальваў, нёс за яе адказнасць і размяркоўваў заданні іншым удзельнікам справы.

Евангелле гаворыць нам пра тое, хто павінен быць Галавой Царквы. Пад Кесарыяй Піліпавай аднаму са сваіх вучняў, Сымону, сыну Ёны, Езус кажа:

«Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. І Я кажу табе, што ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе» (Мц 16, 17-19).


2. Кранутыя гэтымі словамі, айцы Брэсцкай уніі, 420-ю гадавіну якой мы сёлета адзначаем, звярнуліся да наступніка святога Пятра — біскупа Рыма, каб аднавіць Адзінства нашай Царквы з Царквой Паўсюднай.

Часамі даводзіцца чуць ад праціўнікаў еднасці: Брэсцкая унія была падпісана таму, што праваслаўныя епіскапы хацелі мець больш улады, грошай, гонару. Насамрэч, пачаўшы працэс падпісання уніі, Айцы мусілі развітацца з сытым і спакойным жыццём.

Знакамітыя магнаты і палітычныя дзеячы, якім не выгадна было адзінства Царквы (узгадайма старажытнарымскі прынцып «раздзяляй і валадар»), вялі палітычныя інтрыгі, каб папсаваць іх намеры і не дапусціць уніі. Епіскапы накіроўваліся ў далёкія і небяспечныя па тых часах падарожжы. Да іх падсылалі забойцаў: у 1609 г. быў здзейснены напад на Мітрапаліта Кіеўскага Іпація Пацея, а ў 1623 годзе раз’юшаны натоўп, падбухтораны ілжывай прапагандай праціўнікаў уніі, забіў арцыбіскупа Полацкага Язафата Кунцэвіча. Да нашых дзён падман, паклёпы і няпраўда брудзяць імёны слаўных сыноў Царквы і Бацькаўшчыны.

Дзякуючы Богу і сумленнай працы навукоўцаў, мы сёння адкрываем праўду пра Уніяцкую Царкву, пра яе значэнне для беларускай культуры, мастацтва, асветы.

Аднак мне падаецца, што той плён, які прынесла нам Уніяцкая Царква — гэта не проста багаты ўнёсак пэўнай канфесіі. Гэта плён адзінства Царквы, бо калі нашыя продкі жылі па запавеце Хрыста «каб усе былі адно» (Ян 17, 21), то тады ласка Божая актыўна дзейнічала ў іх, дазваляла будаваць велічныя святыні, ствараць выдатныя творы мастацтва, збіраць багатыя бібліятэкі, але галоўнае — несці Божае слова кожнаму чалавеку.

3. Якім чынам мы можам дапамагчы вяртанню адзінства Царквы? Безумоўна, неабходна малітва аб еднасці хрысціян.

Аднак я хацеў бы звярнуць увагу на адну вельмі важную справу, да якой мы, грэка-католікі, пакліканы — несці праўду пра адзінства Царквы. Мы павінны моцна ўсвядоміць, што рэальнае адзінства паміж хрысціянамі розных традыцый магчымае, і яно існуе ў Каталіцкім Касцёле. Мы, хрысціяне візантыйскай традыцыі, захоўваем яе багацце і пры гэтым жывём у еднасці з нашымі братамі і сёстрамі лацінскай і іншых традыцый.

Мяне заўсёды моцна кранае, калі падчас вялікіх урачыстасцяў у рыма-каталіцкіх касцёлах прысутнічаюць прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і нашыя, грэка-каталіцкія святары. Мы выглядаем аднолькава — тыя самыя святарскія вопраткі, падобныя крыжы. Праваслаўныя святары заўсёды паказваюць сваю глыбокую пашану да рыма-каталіцкай традыцыі, аднак, у адрозненне ад грэка-каталіцкіх святароў, яны не могуць супольна служыць Эўхарыстыю. Я веру, што калісьці гэты боль падзелу будзе цалкам пераадолены, а пакуль мы, грэка-католікі, дзякуючы подзвігу Айцоў Брэсцкай уніі можам супольна прымаць Цела Хрыстовае разам з братамі і сёстрамі — католікамі іншых традыцый.

Каб быць годнымі сведкамі адзінства, мы павінны глыбока ведаць навучанне Каталіцкага Касцёла — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, дакументы Другога Ватыканскага Сабору, навучанне Папаў, бо ў іх гаворыцца праўда пра каталіцкае бачанне адзінства.

Тады нашая вера ў Адзіную Царкву не будзе проста сентыментальнай чалавечай выдумкай, а будзе грунтавацца на Святым Пісанні, Традыцыі двух тысячагоддзяў хрысціянства, на навучанні Айцоў Царквы, на духоўным вопыце пакаленняў хрысціян.

Тады нашае сведчанне будзе не толькі яскравым, але і грунтоўным.

А. Андрэй Крот (АлГ)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.