Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: жывая вера — цнота дасканаласці хрысціяніна
Усяго патроху
04.11.2016 10:43

Чым ёсць вера? Святы апостал Павел у Пасланні да габрэяў дае на гэта пытанне вельмі трапны адказ: «вера ёсць здзяйсненне чаканага і ўпэўненасць у нябачным» (Гбр 11, 1).

Кіруючыся энцыклікай «Spe Salvi» Святога Айца Бэнэдыкта XVI да біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў, кансэкраваных асобаў і да ўсіх свецкіх вернікаў аб хрысціянскай надзеі, растлумачыць гэты выраз можна наступным чынам: «Вера — гэта не толькі асабістая прыхільнасць да таго, што павінна адбыцца, але пакуль цалкам адсутнічае. Яна штосьці нам дае. Ужо цяпер яна дае нам крыху чаканай рэчаіснасці, і гэтая цяперашняя рэчаіснасць уяўляе для нас пэўны “доказ” рэчаў, якіх яшчэ не бачым. Яна сама ўключае будучыню ў цяперашні час настолькі, што гэты апошні час больш не з’яўляецца толькі “яшчэ не”. Існаванне гэтай будучыні змяняе сучаснае; цяперашняя рэчаіснасць дакранаецца да будучай, і так будучыя рэчы ўплываюць на цяперашнія, а цяперашнія — на будучыя».

Але «нават самая моцная вера нічым не дапаможа без учынкаў» (Дз. 742), — чытаем у Дзённіку святой сястры Фаўстыны. Таму, каб дасягнуць хрысціянскай дасканаласці, патрэбна мець жывую веру: веру ў дзеянні — гэта значыць веру, якая абапіраецца на пэўныя ўчынкі. Тым больш, што вера — каштоўны Божы дар, дадзены чалавеку, а хрысціянін, які жадае духоўна ўдасканальвацца, павінен гэты дар у сабе развіваць. Па гэтай прычыне недастаткова казаць толькі, што «я веру ў Бога» альбо «Бог у мяне ў душы», таму што такая вера — мёртвая.

Каб узрастаць у веры ў сваім хрысціянскім жыцці, мы можам наследаваць розных святых. Напрыклад, чытаючы Дзённік «Божая міласэрнасць у маёй душы» святой сястры Фаўстыны Кавальскай, можна ўбачыць той шлях, якім яна крочыла да святасці, як сапраўды жыла верай у Хрыста і цалкам давяралася Ягонай міласэрнасці. Шлях гэты не просты — праз духоўную барацьбу са спакусамі, цярпенні і выпрабаванні, штодзённую шчырую малітву, прыняцце святых сакрамэнтаў, учынкі міласэрнасці да бліжніх.

«О шэрае і манатоннае жыццё, колькі ў табе скарбаў. Кожная гадзіна не падобная да астатніх, а таму шэрасць і манатоннасць знікаюць, калі я гляджу на ўсё вачыма веры» (Дз. 62).

«Я горача прашу Пана, каб Ён пажадаў умацоўваць маю веру, каб я ў штодзённым шэрым жыцці кіравалася не людскім настроем, а духам. О, як усё цягне чалавека да зямлі, але жывая вера ўтрымлівае душу ў найвышэйшых сферах, а самалюбству вызначае адпаведнае для яго месца — гэта значыць апошняе» (Дз. 210), — разважае сястра Фаўстына.

Чаму сучасныя людзі ў большасці сваёй не маюць жывой веры? Нават практыкуючыя хрысціяне вельмі часта публічна саромеюцца вызнаваць сваю веру ў Езуса Хрыста, таму што вельмі моцна залежаць ад чалавечых меркаванняў, а не кіруюцца духам; больш прывязаны да створаных матэрыяльных рэчаў, чым да Бога; жывуць не па Божых запаведзях, а вераць у гараскопы і іншыя забабоны, якія не сумяшчальныя з хрысціянствам.

Як кажа святы Ян Марыя Віянэй у кнізе «Бог прагне нашага шчасця»: «Калі нам не хапае веры, мы сляпыя. А хто не бачыць – той не пазнае, хто не пазнае – не любіць, хто не любіць Бога – любіць самога сябе і разам з гэтым свае задавальненні. Сваё сэрца ён звязвае з мімалётнымі, нібы дым, рэчамі. Не можа пазнаць ані праўды, ані дабра; можа пазнаць толькі няпраўду, бо не мае святла і знаходзіцца ў тумане. Калі б меў святло, то выразна ўбачыў бы: тое, што ён любіць, можа прынесці яму толькі смерць, і яно ўжо мае прысмак пекла».

Каб у людзей была сапраўдная жывая вера ў збаўчую моц Хрыста, не было б у грамадстве столькі ахвяраў акультызму – тых, хто добраахвотна адкрывае сэрца на ўплыў злога духа, калі, напрыклад, носіць чырвоную нітку, іншыя амулеты і талісманы. Але Бог часам дапускае такія выпрабаванні ў жыцці хрысціяніна: Ён дазваляе чалавеку сыйсці са шляху Божай праўды, каб у рэшце яшчэ больш умацаваць веру ва Усемагутнага жывога Бога.

«Вера апынаецца ў агні, змаганне тут вялікае, душа намаганнямі волі трывае пры Богу. Сатана з Божага дазволу прасоўваецца яшчэ далей, выпрабоўваюцца надзея і любоў. Страшныя гэтыя спакусы, Бог патрымлівае душу як бы патаемна. Яна пра гэта не ведае, бо інакш немагчыма выстаяць. Бог ведае, што можа дазволіць перажыць душы. Душа спакушаецца бязвер’ем адносна аб’яўленай праўды, няшчырасцю адносна спаведніка. Сатана ёй кажа: “Глядзі, цябе ніхто не зразумее, навошта пра гэта ўсё гаварыць?” У яе вушах гучаць словы, якіх яна жахаецца, і ёй здаецца, што яна прамаўляе іх супраць Бога. (…) Усе гэтыя выпрабаванні складаныя і цяжкія. (…) Часта Бог такім чынам рыхтуе душу да будучых задумаў і вялікіх справаў і хоча яе выпрабаваць, як чыстае золата, але гэта яшчэ не канец выпрабавання. Ёсць яшчэ выпрабаванне над выпрабаваннямі – гэта поўная адкінутасць ад Бога» (Дз. 97). Такое вялікае выпрабаванне святая сястра Фаўстына называе «агонія душы» (гл. Дз. 98).

Так жывая хрысціянская вера загартоўваецца ў выпрабаваннях. Ад чалавека ж залежыць, наколькі ён будзе адкрыты на дзеянне Божай ласкі і наколькі застанецца верным Богу ў жыцці, ці будзе ён дзякаваць Богу за Яго вялікую любоў.

Для нас тут можа зноў-такі стаць прыкладам святая сястра Фаўстына, а дакладней, прагненні яе сэрца. «Я прагну жыць духам веры; усё, што мяне напаткае, я прымаю як дадзенае мне любячаю Божаю воляю, якая шчыра жадае майго шчасця, і таму я прыму ўсё, што мне спашле Бог, з пакораю і ўдзячнасцю, не зважаючы на голас натуры і шэпты самалюбства. Перад важнаю справаю я на хвіліну задумаюся, якую сувязь яна мае з вечным жыццём, што з’яўляецца галоўнаю прычынаю гэтага пачынання: ці хвала Божая, ці нейкая карысць для ўласнай душы, ці для іншых душаў. Калі сэрца мне скажа “так”, я буду непахісная ў выкананні гэтай справы, не зважаючы ні на якія перашкоды або ахвяры (…) А калі я зразумею, што ўсё ідзе ад самалюбства, я закрэслю гэта на самым пачатку» (Дз. 1549).  

Каб развіваць жывую веру, хрысціянін павінен усе добрыя ўчынкі здзяйсняць на хвалу Божую і на карысць бліжнім, а не для таго, каб адчуць толькі самазадаволенасць, што «я такі добры, міласэрны, чулы ў адносінах да іншых».

Яшчэ вельмі важна навучыцца дзякаваць Богу за дар веры, за тое духоўнае багацце, якое атрымаў ад Яго задарма. А найлепшая ўдзячнасць Богу і праслаўленне Яго бязмежнай велічы – гэта сведчанне сваёй хрысціянскай веры перад іншымі людзьмі, асабліва перад тымі, хто шукае Бога, але ўсё яшчэ блукае далёка ад Яго. Так, напрыклад, хтосьці пакліканы Богам да евангелізацыі і апостальства; такі хрысціянін абавязкова павінен даваць іншым сведчанне сваёй веры. Менавіта з мэтай, каб умацаваць веру іншых людзей, а тым больш тых, хто знаходзіцца ў роспачы і не бачыць выйсця са складанай жыццёвай сітуацыі.

Увогуле кожны хрысціянін пакліканы сваім жыццём сведчыць аб жывым Уваскрослым Хрысце, які і сёння не стамляецца прабачаць грахі, ацаляць зраненыя душы і сэрцы, аздараўляць, вызваляць ад розных залежнасцяў, напаўняць душы сапраўднай радасцю і Божым супакоем.

Спіс выкарыстаных крыніц: 

  1. /2/conference/structure/100789.html
  2. Духоўна-асветніцкае выданне. «Бог прагне нашага шчасця». Думкі святога Яна Віянэя. – Гродзенская дыяцэзія Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2010 г. – с. 36.
  3. Дзённік «Божая міласэрнасць у маёй душы», св. сястра Фаўстына Кавальская ZMBM. Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько. – Мінск, «Про Хрысто», 2014.


Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.