Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Актуальнасць каталіцкай адукацыі
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
02.10.2009 16:00
Доўгія гады безальтэрнатыўнага панавання бязбожнай сістэмы адукацыі ў нашым грамадстве стварылі два вельмі небяспечныя стэрэатыпы. Па-першае, людзям навязвалася меркаванне, што працэс фарміравання чалавечай асобы не патрабуе рэлігійнага выхавання. А па-другое, што гэтае фарміраванне вызначае грамадства.  

Не сакрэт, што кожная сістэма адукацыі залежыць ад разумення чалавека. Пытанне «як выхоўваць?» заўсёды будзе залежаць ад адказу на пытанні «каго выхоўваць?» і «з якой мэтай выхоўваць?». Ацэнка вартасці ці неабходнасці нейкіх форм адукацыі кіруе нашую ўвагу на фундаментальнае пытанне аб чалавеку. Не дастаткова мудраваць над пытаннем «як выхоўваць?», не маючы абгрунтаванага адказу на пытанне: «чаму?».

Атэістычная сістэма адукацыі, якая доўгія гады панавала ў нашай краіне, была заснавана на калектывістычнай канцэпцыі грамадства, дзе чалавек быў усяго толькі функцыяй групы. Паняцце «асоба» фактычна атаясамлівалася з супольнасцю, а не з канкрэтнай адзінкай. Сістэма адукацыі павінна была забяспечыць інструментальнае выхаванне чалавечай асобы. Практычна гэта павінна было выражацца ў максімальнай падрыхтоўцы адзінкі да выканання нейкай функцыі, вызначанай (кіраўнікамі) у грамадстве. Інструментальная канцэпцыя чалавека ў выніку прыводзіла да велізарнага націску на высвятленне пытанняў тыпу: «як дзейнічаць, каб падрыхтаваць адзінку да добрага выканання функцыі „шурупа“ ў велізарнай „машыне“ грамадства?». Таму ж фантому грамадства прыпісваліся фактычна боскія атрыбуты. Выхаваўчыя вынікі атэістычнай утопіі фатальныя. Забарона на пытанні тыпу «чаму?» прывяло да дэфіцыту разумення здаровых сэнсаў (мэтаў), што каналізавалася ў пошук прымітыўных адказаў на складаныя пытанні. Безсэнсоўнасць заканчваецца нігілізмам, абыякавасцю, недахопам маральнай матывацыі. Удар па розуму і волі (галоўных паказчыках асобы) пачаў прыводзіць да жадання ўцячы ад адказнасці і свядомасці. Далейшыя практычныя наступствы дэхрысціянізацыі сістэмы адукацыі: маральная дэградацыя чалавека, алкагалізм, наркаманія, эратаманія, распад грамадскіх сувязей (у першую чаргу — сужэнскіх і сямейных). Заканчэнне атэістычнай утопіі — гэта самазнішчэнне чалавецтва.

Хрысціянская канцэпцыя выхавання заснавана на разуменні чалавека як асобы, якая мае свабодную волю і розум (здольнасць да свядомых і адказных дзеянняў). Каталіцкае вучэнне аб годнасці чалавечай асобы як вобраза і падабенства Бога, як Божага дзіцяці ставіць высокія рэлігійна-маральныя і выхаваўчыя мэты. Разуменне каштоўнасці кожнага чалавека схіляе католікаў да пашаны кожнай індывідуальнасці, пошуку і раскрыцця атрыманых ад Бога патэнцыяльных магчымасцей кожнай асобы. Заснаваная на Святым Пісанні і Традыцыі каталіцкая адукацыйная сістэма разглядае супольнае жыццё людзей у мікра- і макравымярэннях як адзінства ў шматграннасці, гармонію камплементарных рознасцей. Пошук паяднання паміж асобамі — гэта не нейкая прагматычная неабходнасць кансэнсусу індывідуалістаў. Яднанне ў хрысціянскім сэнсе заснавана на свядомасці адзінства сям’і чалавецтва і яе роўнасці перад Богам. Ён стварыў нас для гарманічнага жыцця ва ўзаемадапаўняльнай супольнасці. Вера Касцёла — гэта рэлігійна-практычнае перакананне, што сапраўднае адзінства паміж людзьмі магчымае, і што яно не патрабуе нейкіх дэградуючых абмежаванняў асобы. Магчымасць шчаслівага і гарманічна шматграннага развіцця чалавека закладзена ў самой натуры чалавека, здольнай раскрыцца і выправіцца з дапамогай Божай ласкі. Таму каталіцкая сістэма адукацыі кіруе намаганні на развіццё чалавека як асобы (развіццё інтэлектуальных і валітыўных магчымасцей), а таксама на раскрыццё велізарнага багацця непаўторнасці чалавека ў яго талентах, здольнасцях, дарах Божых. Свядомасць таго, што нармальнае развіццё чалавечай асобы немагчымае без разумення сэнсаў і канчатковых мэтаў жыцця, робіць рэлігійны складнік стрыжнем выхавання і развіцця асобы. Той, хто ведае, куды і навошта ідзе, не будзе патрабаваць грамадскай «пугі» і кантролю. Абгрунтаваны адказ на пытанне «чаму?» (мэта, сэнс) адкрывае непаўторную шматлікасць геніяльных адказаў на пытанне «як?» (спосаб, сродак). Хрысціянскае грамадства самасвядомых асобаў здольнае вырашаць найбольш складаныя праблемы, шануючы ўсё і кожнага.

Сучасны стан беларускага грамадства патрабуе ад кожнага хрысціяніна велізарных асабістых намаганняў па вызваленні ад антычалавечых наступстваў атэістычнага выхавання і адукацыі. Шлях ратунку пралягае праз хрысціянскую адукацыю і адпаведнае выхаванне дзяцей. Існуючыя катэхетычныя заняткі для дзяцей і дарослых пры кожнай парафіі — гэта магчымасць адарвацца ад цывілізацыі смерці, якая «выхоўвае» безасабовага чалавека, рыхтуючы яго дэградацыю і самазнішчэнне. Ад кожнай канкрэтнай асобы залежыць, ці яна праявіць хоць кроплю адказнасці за сябе і сваіх блізкіх, каб звярнуцца па дапамогу да Бога і Яго Касцёла, адкрыць сваю годнасць і высокае пакліканне. Касцёл і каталіцкая адукацыя — гэта вялікая скарбніца здаровага, сэнсоўнага жыцця, згоднага з адвечным і захапляючым Божым намерам адносна чалавека. Ад кожнага з нас залежыць, ці прыйдзем мы і ці скарыстаем з гэтай скарбніцы. 

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.