Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сталасць. Як яе разумець?
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
02.05.2012 14:24

Напэўна, кожнага з нас турбуюць розныя праблемы, як знешняга, так i ўнутранага характару. Ёсць праблемы, якiя маюць лакальны характар i датычацца меншай групы людзей, напрыклад, сямейныя, а ёсць праблемы больш шырокага радыусу дзеяння, што могуць закранаць ужо ўсю грамадскасць.

I, напэўна, усе гэтыя праблемы маюць не заўсёды для звычайнага вока заўважальную, але, нягледзячы на гэта, тонкую сувязь памiж сабою. І калi казаць пра аздараўленне нацыi, аздараўленне сем’яў, то трэба прыняць пад увагу, што гэтае аздараўленне пачынаецца непасрэдна з кожнага чалавека. Пад словам «аздараўленне» трэба разумець тут перадусiм маральнае ўзрастанне.  

Але ёсць адна такая тэндэнцыя, якая мае духоўна-псіхалагiчныя водгукi i якая, на мой погляд, усё больш i больш падточвае сучаснага чалавека, а разам з iм і навакольны соцыум. I, на жаль, сустракаецца яна ўсё часцей i часцей. Гэтай тэндэцыяй з’яўляецца нясталасць альбо няспеласць людскiх iстотаў. Здаецца, што гэтая нясталасць ахоплівае нас паўсюдна. Нясталыя людзi ствараюць сем’i, прыходзяць у кляштары, знаходзяцца на кiруючых пасадах i прымаюць рашэннi меншай цi большай важнасцi. Наогул, усё часцей некаторыя з людзей успрымаюць жыццё як нейкую забаўку i прыгоду. Жыццё ў iх разуменнi — гэта пастаяннае шоу i цыркавы паказ. Некаторым, у сваю чаргу, хочацца  шмат чаго ў жыццi паспрабаваць: i ў кляштары пабываць, i замуж выйсцi. Праблема яшчэ большая ў тым, што некаторыя з iх нават не iмкнуцца пасталець, бо iх задавальняе такi спосаб жыцця. Цяжка бывае часам згадзiцца з тым, што тваё жыццё прамiнае і што з гадамi надыходзяць адпаведна i новыя выклiкi, а з гэтымi выклiкамi пачынаюцца i новыя абавязкi.  

У Iталii ў апошнiя часы з’явiўся новы сацыяльны сiндром так званага bamboccioni. Гэтае слова паходзiць з iтальянскага слова bambino (дзiця) i азначае людзей ва ўзросце 30 гадоў i вышэй, якiя маюць нейкiя нетрывалыя сувязi (у тым лiку сексуальныя) з рознымі асобамi, але па-ранейшаму жывуць з татам i мамай, таму што так для iх найлепш. Гэтая праблема тычыцца не толькi самiх дзяцей, якiя не пасталелi яшчэ альбо проста не жадаюць сталець, але таксама i некаторых з iх бацькоў, якiх задавальняе такi спосаб жыцця iх дарослых дзяцей. I па розных прычынах, якiя не будзем тут блiжэй разглядаць, яны стараюцца затрымаць сваiх пестуноў дома. У той жа Iталii нядаўна адбыўся адзiн судовы працэс, на якiм бацькі абвінавачваліся сваім 40-гадовым «хлапчуком», якому яны, як дагэтуль, фiнанасава дапамагалi, але пазней, пасля разводу iх сына са сваёй жонкай, перасталi. I таму iх любімы сынок падаў у суд, патрабуючы тым самым грашовай апекi ад сваiх бацькоў. I гэты суд, як бы не гучала гэта парадаксальна, ён выйграў. На жаль, такая практыка становiцца вельмi распаўсюджанай у Iталii. Хопiць таго, што такi дарослы сынок цi дачка прынясе медыцынскае пасведчанне аб нервовым стамленнi альбо дакажа, што ў дадзены момант не мае працы, як суддзi ляцяць яму на дапамогу, спрабуючы залезці ў кiшэню бацькоў.

Трэба заўважыць, што праблемай сучасных грамадстваў, асаблiва так званых дабрабытных, ёсць зацягнуты час псіхiчнай і, больш за тое, духоўнай сталасцi. Адным словам, людзi хутка саспяваюць фiзіялагiчна, сексуальна, чаму ў сваю чаргу спрыяюць нахабныя атакi мас-медыя i сучаснай псеўдакультуры, але тым самым запавольваецца псіхалагiчна-духоўнае ўзрастанне.  У грамадствах жа з рознымi эканамiчнымi i сацыяльнымi праблемамi назiраецца хутчэйшае сталенне людзей.

Таму, можа, варта ў гэтым артыкуле разгледзець пытанне псіхалагiчна-духоўнай сталасцi. А менавiта пастараемся далей акрэслiць, якiмі павiнны быць крытэрыi сталасцi.

Адным з такiх крытэрыяў з’яўляецца вернасць. Наогул, для веруючага чалавека ўсялякая вернасць — цi вернасць дадзенаму слову, цi абяцанню, цi нейкiм жыццёвым прынцыпам — базуецца на вернасцi Богу i Яго запаведзям. І звычайна, калi чалавек застаецца верным Богу, то немагчыма, каб быў няверным у iншых галiнах жыцця. А вернасць у малым сведчыць аб тым, што ён сур’ёзна ставiцца да рэчаiснасцi вакол сябе i ўжо хутчэй за ўсё падрыхтаваны да таго, каб прыняць больш адказныя выклiкi. Быць верным — гэта таксама мець магчымасць праявiць свoй характар. Нельга ўявiць сабе вернасць без цярплiвасцi, вытрымкi i мужнасцi. I думаю, што чалавек, якi, нягледзячы нi на што, усё-ткi захаваў вернасць Богу, а тым самым i свайму паклiканню, з часам павiнен адчуваць незвычайную духоўную радасць.

Там, дзе ёсць вернасць, там павiнна прысутнiчаць i адказнасць. А каб быць адказным за штосьцi альбо кагосьцi, трэба, перш за ўсё, быць адказным за самога сябе. У грамадскiм мысленнi адказнасць звычайна разумеецца больш аднабакова: мусiш адказаць за свае ўчынкi, за зробленае зло. Так зразуметая адказнасць мае цесную сувязь з мiнулым, з пражытым, i таму мае свой пэўны негатыўны водгук. Але ёсць адказнасць, якая накiроўвае нас у будучыню. У гэтым сэнсе быць адказным азначае тое, што мы не баiмся ўзяцца за давераную нам справу, за даручанае нам заданне. І можа быць так, што гэтае заданне будзе нас пужаць i адштурхоўваць. Але, калi гэтага жадае Бог, варта за яго ўзяцца. Бо ў гэтым заданнi можа быць схаваны глыбокi сэнс нашага псіха-духоўнага росту, а таксама выконвацца план нашага збаўлення i дабра, учыненага намi. Наогул, прыкладам такой адказнасцi, скiраванай у будучыню, з’яўляецца св. Юзаф, якi, нягледзячы на розныя неспрыяльныя ўмовы i супярэчнасцi, апекаваўся Марыяй i Божым Дзiцём, адклiкаючыся на Божую прапанову i выконваючы заданне, даручанае Створцам, найдасканалей.

Здольнасць прабачаць таксама з’яўляецца адным з крытэрыяў сталасцi. Кожны з нас ведае, што прабачэнне не з’яўляецца чымсьцi лёгкiм i прыемным. Раны, прычыненыя нам людзьмi, а таксама нанесеныя намi iншым, бываюць вельмi глыбокiмi i балючымi. I звычайна чым цяснейшыя былi адносiны памiж людзьмi, тым глыбейшыя бываюць прычыненыя раны. Варта таксама дадаць, што глыбiня ранаў залежыць ад глыбiнi нашага духоўнага жыцця. Чым больш адухоўлены чалавек, тым звычайна больш тонкая i далiкатная яго натура, а таму тым большая адчувальнасць яго на праявы эмацыйных i духоўных хваляванняў вакол сябе. Думаю, што немагчыма нават прыблiзна ўявiць той боль i пакуты, якiя выцерпеў Сын Божы, аддаючы за кожнага з нас сваё жыццё на крыжы. Але як бы там ні было, якiя б ні былi глыбокiя нашы раны, трэба ўсё ж такi вучыцца прабачаць. Так, прабачэнню трэба вучыцца. Прабачэнне — гэта на самой справе працэс, у якiм мы cпрабуем прабачыць нават семдзесят сем разоў у сваiм сэрцы той асобе, якая нас пакрыўдзiла. Але без гэтага прабачэння немагчымае аздараўленне нас i нашых сувязей, а таксама вяртання да псіхалагiчна-духоўнай раўнавагi. Часта патрэбны час, і нават вельмi доўгi перыяд часу, каб залячылiся найглыбейшыя раны нашага сэрца i каб мы нарэшце прабачылi нашым крыўдзiцелям.

Сталы чалавек iмкнецца да таго, каб самому вырашаць свае ўласныя праблемы. А вырашаючы свае праблемы, напэўна, будзе ў стане панесцi цяжар i iншых людзей. Гэта ўсё евангельскія прынцыпы: выцягваючы бервяно са сваiх вачэй, будзеш здольны выцягнуць сцяблiнку i з вачэй брата свайго (пар. Мц 7, 4–5). Нясталы чалавек, у сваю чаргу, будзе iмкнуцца перакiнуць свае праблемы на iншых. Ахвярамi такiх людзей становяцца больш сталыя людзi, якiя маюць адпаведна большае пачуццё адказнасцi i сур’ёзнейшы падыход да жыцця. І гэта таксама бiч сучаснага грамадства. Як цяжка можа быць у сямейнай супольнасцi, калi адзiн з сужэнцаў увесь час так i iмкнецца перакiнуць не толькi свае праблемы, але i aбавязкi на сваю другую палавiну.

Адным з крытэрыяў, якi дае нам магчымасць распазнаць сталага чалавека, з’яўляецца здольнасць валодання самiм сабою. Валодаць — гэта значыць панаваць над сабою, над сваiмi iнстынктамi, пажадлiвасцямi, моваю. Гэта таксама здольнасць служыць блiжняму, а не выкарыстоўваць яго ў сваiх асабiстых iнтaрэсах. На самой справе чалавек шмат чаго можа зрабiць добрага: атрымаць бліскучую адукацыю, навучыцца граць на музычных iнструмeнтах, узняцца нават на вяршыню Эверэста, але авалодаць сабою мала ў каго атрымліваецца.

Яшчэ адзiн немалаважны крытэрый — гэта ўменне ставiцца да сябе i да сваiх справаў з iрoнiяй, прасцей кажучы, быць самаiранiчным. I тут лакмусaвай паперкай з’яўляецца не толькi здольнасць глядзець на сабе крытычна, але i прымаць крытыку ад блiжнiх. Напэўна, трэба вучыцца распазнаваць, дзе крытыка, у якой ёсць праява любовi да нас, а дзе крытыканства. Але добра, калi мы ўжо зараз вучымся прымаць праўду пра сябе, бо такiм чынам не толькi пазнаем сябе глыбей, але пазней, працуючы над сабой, узрастаем у нашай чалавечнасці.

Быць адкрытым на iншых, умець ствараць кантакты, а таксама падтрымліваць iх сведчыць аб тым, што мы крочым да ўсё большай сталасцi. Трэба таксама заўважыць, што ўзрост не з’яўляецца тут крытэрыем сталасцi. Можна сустрэць маладых людзей, цалкам ужо сталых, гатовых да прыняцця жыццёвых важных заданняў, і, наадварот, старэйшых, якія паводзяць сябе як падлеткi. Але калi маладым людзям мы яшчэ прабачаем iх нясталасць, бeручы пад увагу iх узрост, то горш са старэйшымi.

Трэба заўважыць, што толькi сталы чалавек здольны агарнуць iншых сапраўднай трывалай любоўю. Шчыра кажучы, да такой любовi i выхоўвае нас Бог. Бо дзе сапраўдная любоў, там служэнне, ахвяра, цярплiвасць. І ўжо тут, на зямлi, мы сталеем да Неба, дзе калiсьцi застанецца нам толькi сама Любоў.

А. Віталій Сапега ОР
 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.