Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Што забяру я з сабою?
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
16.11.2012 14:36

Напэўна, вам даводзілася сустракаць пытанне: якую кнігу або рэч вы ўзялі б з сабой на бязлюдную выспу? Многія ўзялі б Біблію, але варыянтаў адказаў увогуле вельмі шмат.

Прапаную крыху перайначыць сітуацыю. Ніхто не выганяе нас на выспу, але наадварот: мы атрымалі запрашэнне на вялікі карабель, які адплывае да Валадара Сусвету на святочны пір. Можна тое-сёе ўзяць з сабой, каб паказаць Яму, чым бавіш час на зямлі, што створана тваімі рукамі, што ты цэніш і любіш. І даецца на роздум і падрыхтоўку... 12 месяцаў, напрыклад. Потым паклічуць на карабель ужо праз 10, але гэта неістотна. Згадзіцеся, што й так часу дастаткова, каб падумаць, выбраць, стварыць нешта добрае, нарэшце, ці прыдбаць.

Што забраць з сабой? Чым можна ўразіць свайго Створцу? Як згадаць, што Яго ўсцешыць?.. На якіх вагах узважыць сваё дабро, калі дробязь можа аказацца адзіным учынкам, а гонар жыцця — нікчэмнасцю? Тады трэба было б браць з сабой усё, але як?

Прыгожыя светлыя згадкі... Зусім па-іншаму глядзіш на рэчы і каштоўнасці, якія сабраліся вакол цябе за пражыты час.

Праўда ў тым, што такія агледзіны і пошукі прыгожых падарункаў прыемна ахінаюць, але развейваюцца, як туман летнім ранкам, калі ўзыходзіць сонца. Асабліва горка, калі развейваецца туман нашых апраўданняў.

Праўда ў тым, што як паклічуць нас на карабель, то не возьмем з сабой з гэтага свету нічога. Толькі сябе. Таму і «збіраць» скарбы Евангелле вучыць не на зямлі, а на небе...

Гэта зразумелі людзі вельмі даўно. І людзі мудрыя разважалі і рыхтаваліся, пражывалі кожны дзень, як апошні, памятаючы пра запрашэнне ў невядомае падарожжа. Калі адплывае твой карабель, невядома...

Але няўжо ўласнае прамінанне азначае нічога на зямлі не рабіць? Не, вядома. Трэба будаваць, збіраць, удасканальваць, захоўваць, служыць іншым. Нават калі наступнікі змарнуюць, а сучаснікі не ацэняць. Памятаеце прымаўку дыетолагаў: ты — тое, што ты ясі? Ці больш доўгатэрміновую заўвагу архітэктараў: спачатку ты будуеш дом, а потым ён будуе цябе. Мы выбіраем нават ва ўмовах абмежаванага выбару, мы выбіраем тое, што потым фарміруе, «збірае» нас саміх. Не адразу і не за 10–12 месяцаў, усё жыццё... Ці можна спадзявацца, што хопіць розуму памятаць пра гэта, не заляніцца, не зрабіць абы-як, не адкласці на, «можа, потым»?.. Што застанецца, калі развеецца туман усіх нашых спадзяванняў і застанецца толькі крыж?

— Даверся Мне...  — гаворыць Езус.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.