Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Штодзённыя пытанні да сябе. Рахунак сумлення паводле біскупа Зыгмунта Лазінскага
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
15.12.2012 12:12

«Я быў вам сябрам шчырым і адданым, і тым больш застануся ім у жыцці за гробам».

Сын навагрудскай зямлі, як вучань, семінарыст, а потым студэнт тэалогіі, разам з адметнымі здольнасцямі адзначаўся незвычайнай моцай характару. Ён быў па сваёй натуры чалавекам эмацыйным, жывым, імпульсіўным, амбіцыйным і ўладным, але, працуючы над сабой, стаў узорам засяроджанасці і разважлівасці, цярплівасці, пакоры, лагоднасці і сціпласці. <...> (З невялічкай брашуры з біяграфіяй Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага на польскай мове, выдадзенай у 1991 годзе.)

Больш падрабязна пра ягоны жыццёвы шлях — артыкул «Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі».

Нашыя дні лятуць за днямі, часта зліваючыся ў адну невыразную плынь, якая нясе з сабой вялізную частку жыцця. Нездарма на схіле свайго зямнога шляху многія здзіўлена заўважаюць, што жыццё непрыкметна праляцела невядома куды. Або, як герой кнігі Льюіса, прызнаюцца, што «большую частку жыцця я не рабіў ні таго, што я павінен, ні таго, што я хацеў». Здараецца і так, што чалавек змяняецца, а не заўважае — калі і ў які бок. Скардзіцца, як пагоршыліся часы, а не бачыць, што дадае ён да гэтых сумных зменаў.

Прыглядацца да сябе стала, шчыра і спакойна — гэта праца, для якой патрэбны адвага і воля. Біскуп Зыгмунт Лазінскі вяртаўся да гэтых пытанняў штодзённа. У іх няма асуджэння і пагрозы, толькі поўны любові пошук дабра сваёй душы і імкненне да дасканаласці ў служэнні Богу і людзям. Годны прыклад для кожнага хрысціяніна.

РАХУНАК СУМЛЕННЯ

(складзены і практыкаваны біскупам Зыгмунтам Лазінскім)

1. Ці ўчора вечарам ты з увагай і жалем зрабіў рахунак сумлення?
Ці пабожна прамовіў вечаровыя малітвы?
Як правёў рэшту дня і вечара?

2. Прачнуўшыся сёння раніцай, ці адразу ты ахвяраваў Пану Богу ўвесь надыходзячы дзень?
Ці неадкладна ўстаў у патрэбны час?
Як ты апрануўся і памаліўся?
Ці старанным было тваё разважанне? Як яно прайшло? Калі з цяжкасцю, то — чаму?
Якія ты зрабіў пастановы?
Ці добра памятаў пра іх на працягу дня?
З якой пабожнасцю і верай ты ўдзельнічаў (цэлебраваў) у святой Імшы?
Калі служыў да Імшы, то ці з належнай пільнасцю і ўзрушанасцю?
Ці прымаў ты Святую Камунію? Так альбо не — чаму?
З якой падрыхтоўкай і падзякай?

3. Дзе ты сёння быў, з кім сустракаўся, што рабіў раніцай і ад поўдня да вечара?
Ці не выступіў ты супраць веры, пабожнасці, чысціні, любові да бліжняга, абавязку маўчання?
Як выканаў свае сённяшнія абавязкі?

4. Як прайшлі твае духоўныя практыкаванні?
Як і што ты чытаў са Святога Пісання?
Як правёў духоўныя чытанні?
Ці звяртаўся на працягу дня да Бога?
Ці ўвесь час ты памятаў пра Ягоны закон?
Ці прамовіў свае асабістыя малітвы, якімі абяцаў маліцца («Гадзіны», Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Навэнна ці інш.)?
Ці быў зроблены падрабязны рахунак сумлення?
Што ты зрабіў для ўтаймавання сваёй найбольш адмоўнай рысы характару?
Як паводзіў сябе ў спакусах?
Ці пазбягаў небяспечных магчымасцяў і думак?
Калі сёння спавядаўся, то — як?
Ці практыкаваўся ў аскезе?
Задавольваючы голад, як ты сябе паводзіў?
Ці з добрым настроем і падзякай прымаў прыніжэнне і прыкрасць?
Як паводзіў сябе адносна начальства, калег, падначаленых, старонніх людзей?
Ці не стаўся ты магчымасцю або прычынаю граху, дэмаралізацыі, смутку?
Ці намагаўся даць гэтаму рады, нават калі не быў вінаваты?
Калі была магчымасцю паслужыць бліжняму, саступіць яму, ці выкарыстаў яе?
Ці не марнаваў час на непатрэбныя справы або нікчэмныя заняткі?

5. Ці зрабіў ты сёння што-небудзь добрае звыш сваіх абавязкаў?
Ці падзякаваў за гэта Пану Богу?
Гэты рахунак зрабіў уважліва?
Ці шчыры твой жаль за грахі?
Ці любіш Бога ўсім сэрцам?
Што пастанаўляеш на будучыню?

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме