Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Белая нядзеля — радасць і сум
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
09.04.2013 17:26

Свята Божай Міласэрнасці. Нядзеля пасля Уваскрасення Езуса. Шмат прыгожых правільных слоў. Парадаксальна мала непасрэднай радасці ад дасведчанай міласэрнасці. Але і суму не вельмі. Так, мы разлічвалі на іншы свет і адкрыта Богу аб гэтым гаворым. За дзяцей страшна, за праўду крыўдна, самі параненыя...

Міласэрны Бог насамрэч сыходзіць у тую багну, куды мы спаўзлі. Не працягвае доўгую руку з аблокаў, а падыходзіць і схіляецца над чалавекам. Вось Ён побач, каб адарыць міласэрнасцю і прабачэннем...

Не, да мяне не падыходзь — адварочваецца чалавек, — я не грэшнік. Так, можа, «лажануўся» два-тры разы. Але гэта збег абставінаў, проста так склалася. Якія грахі? У мяне — толькі раны.

Рана ці позна жыццё паставіць перад намі наступствы «збегу абставінаў». Паставіць далёка не ўсе, хоць справядлівасць вымагае адплаты за зло — за кожны непрафесіяналізм, кожную справу, выкананую абы-як, кожную дурасць і злосць, якімі мы адзначыліся ў гэтым свеце...

Ці мы можам убачыць, хоць на кроплю здагадацца, каму адгукнецца наш грэх? Чыё жыццё ён раструшчыць?

Але нам не сумна. Можа, удалося прызвычаіцца да пекла?

Міласэрнасць Божая прыходзіць не толькі прысесці побач і пашкадаваць, але і вынесці са склепа на сонца, на вольнае паветра, удыхнуць новае жыццё. І толькі тады з’яўляецца надзея на лепшы свет, які прыйдзе праз нашыя рукі. Мы ж здольныя на любоў і дабро, хоць і не заслужылі гэтыя Божыя дары.

Тэрэса Клімовіч


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.