Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пачынаецца...
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
05.03.2014 09:26

...Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакш і жыць немагчыма.


Апошнім часам гэтыя тры радкі верша Яўгеніі Янішчыц часта прыходзяць у галаву. Чаму не ўвесь верш – такі чулы, гарачы, шчыры?.. Не ведаю, але з гэтых трох пачынаецца Вялікі пост.

Азірнемся ж назад: з чым прыйшлі? Што за цяжар нясём на плячах? Іншым можам сказаць, што крыж, а перад Богам? Бывае, што пустка прыцісне горш, чым выпрабаванні.

Вось гэтыя "сто дарог" – напэўна, пачыналіся з любові, а ці захавалі мы ёй вернасць?.. Куды штурхала нас маладушнасць? За якімі міражамі мы гонімся з апошніх сіл? А колькіх бліжніх самі сапхнулі з добрых шляхоў... Не тое, каб яны перашкаджалі, але ж зайздрасць... Можа, горш, калі зусім не заўважылі? Суседзяў, блізкіх? І нават паэта Рыгора Барадуліна, з якім развітваемся? Не мелі часу. Ці цанілі сяброўства, любоў без карысці, хараство простых рэчаў? Што ж мы тады прыдбалі? Што растрэслі па дарозе? А прызначаны былі на што?

Бог вызначае людскія шляхі любоўю... Яны і пачынаюцца так, і доўжацца, і адраджаюцца – з любові. Кажуць, са страху людзі навяртаюцца. Дзе там! Бягуць па глухіх сцежках да якой-небудзь варажбіткі... Або спрабуюць адкупіцца: "Вазьмі, Пане, грашыма". Нашыя цвёрдыя каркі не возьмеш страхам, мы нават з болем прызвычаіліся жыць. Таму інакш пачынаецца пакаянне. Інакш пачыналася дарога дадому блуднага сына.

Хрыстус прыйшоў на зямлю і стаў Святлом на шляхах чалавецтва. Не дзесьці там далёка і даўно, але тут, у жыцці кожнага чалавека, сям'і, грамадства. Вялікі пост дае магчымасць разам з Езусам прайсці Ягонымі дарогамі – праз прыняцце рашэння, праз Крыжовы шлях, праз цішыню Галгофы аж да Уваскрасення – каб убачыць, зразумець, вымаліць адчуванне, як Бог любіць чалавека. "Адчуйце, нарэшце, сэрцам", – заклікае псальміст. І там, у сэрцы, прыняць рашэнне выправіць свае шляхі, нешта змяняць кожны дзень, патроху, з надзеяй на Бога, з любоўю, якая не стамляецца пачынаць усё нанова.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.