Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча 25 ліпеня
Рознае
23.07.2009 20:23

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

БЫЦЬ СВЕДКАМІ ХРЫСТА

Гамілія падчас святой Імшы на малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы
25 ліпеня 2009 г.

«І, паклікаўшы Дванаццаць, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім уладу над нячыстымі духамі» (пар. Мк 6, 7).
   
1.    Глыбокапаважаная моладзь!
У гэтых словах Евангелля, якое мы пачулі ў свята святога Апостала Якуба, знаходзіцца вельмі важная думка, выражаная ў словах: «пачаў пасылаць». Гэта пачатак місіі апосталаў. Да гэтага быў толькі Ён, Езус, які абвяшчаў Валадарства Божае. Вучні ішлі за Ім, слухалі Яго, вучыліся ў Яго. Цяпер жа і Хрыстус пасылае іх. Калі дасюль слова, якое Езус найбольш часта ўжываў адносна сваіх вучняў, было: «Ідзіце за Мною», цяпер Ён ужывае слова «Ідзіце!» За пакліканнем ідзе пасланне.

Таму сённяшняе Евангелле — гэта як быццам прэлюдыя будучага ўрачыстага паслання апосталаў, якое настане ў момант Унебаўшэсця: «ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсяму стварэнню» (пар. Мк 16, 15).

2.    Тут трэба адразу патлумачыць, што пасланне абвяшчаць Добрую Навіну адносіцца не толькі да апосталаў, але і да ўсіх хрысціянаў. Моцаю сакрамэнту хросту мы ўсе сталі членамі Касцёла. Дзякуючы хросту мы таксама прымаем удзел у паўсюдным святарстве Езуса Хрыста. Ёсць службовае святарства, калі пакліканыя да гэтага людзі пасвячаюцца ў святары. Аднак ёсць і агульнае святарства ўсіх ахрышчаных. Яго моцаю кожны хрысціянін з’яўляецца пасланым і павінен прымаць удзел у абвяшчэнні Евангелля. Гэта праўда асаблівым чынам была падкрэслена на II Ватыканскім Саборы. Паўсюдна гаворыцца пра тое, што найбольшай «рэвалюцыяй» сабору стала яго навучанне пра апостальства свецкіх.

Гэта праўда, што Езус найперш пасылае апосталаў. Але праўдай з’яўляецца таксама і тое, што Ён пасылае і іншых людзей. Евангелле распавядае пра пасланне сямідзесяці вучняў у тыя гарады, дзе Езус сам хацеў ісці (пар. Лк 10, 1).

3.    Усё гэта нагадвае пра тое, што Езус патрабуе ўсіх і ўсіх учыняе сваімі пасламі і папярэднікамі, каб прыгатаваць Яму шлях да тых месцаў, куды Ён збіраецца ісці. Войска, каб перамагчы ворага павінна складацца не толькі з генералаў і афіцэраў, але таксама і з жаўнераў. Адзін у полі не воін, нават калі ён і генерал. Тое ж самае і на духоўным фронце, калі можна так сказаць. Для абвяшчэння Евангелля патрэбны не толькі Папа, біскупы, святары, законнікі і законніцы, але таксама і свецкія людзі.

Больш таго, менавіта свецкія з’яўяюцца як быццам атамнай энергіяй хрысціянства. Вядома, што атамная энергія – гэта энергія, каторая атрымліваецца ад расшчаплення атама. Менавіта пад ударам нейтрона адзін атам урану расшчапляецца на дзве часткі. Пры гэтым вызваляецца энергія і паяўляюцца два або нават тры новыя нейтроны. Яны расшчапляюць некалькі наступных атамаў, вызваляючы энергію і даючы чатыры або нават і шэсць новых нейтронаў. Гэтыя нейтроны далей расшчапляюць ужо значна большую колькасць атамаў. Зноў выдзяляецца энергія і новыя нейтроны, якіх становіцца ўсё больш і больш. Яны расшчапляюць усё больш і больш атамаў. Такім чынам, распачынаецца ланцуговая рэакцыя, у выніку якой вызваленая энергія становіцца вельмі вялікай. Гэта зусім не абавязкова энергія разбуральная, але таксама мірная, бо атам дае электраэнергію, лечыць і г.д.
Нешта падобнае павінна адбывацца і ў духоўным жыцці. Адзін свецкі «паражоны» Евангеллем, калі так можна выказацца, можа «паразіць» ім іншых. Тыя, у сваю чаргу, наступных і г.д. Маючы на ўвазе, што свецкіх значна больш чым святароў, распачынаецца ланцуговы працэс, ці ядзерная рэакцыя абвяшчэння слова Божага. Таму сапраўды свецкія могуць адыграць рашучую ролю ў працэсе евангелізацыі.
  
4.    Пасля II Ватыканскага Сабору ў ЗША з’явіўся адзін чалавек, які не толькі сумленна выконваў сваю працу, але таксама многа рабіў для абвяшчэння Евангелля. Будучы гумарыстам, ён любіў казаць людзям: «Дзве з паловай тысячы біскупаў папрасілі мяне абвяшчаць вам Евангелле».
Натуральна што людзі былі вельмі зацікаўленыя ім. Як магло стацца, што дзве з паловай тысяч біскупаў звярнуліся да яго ў такой важнай справе?  Тады гэты чалавек пачынаў тлумачыць, што гэтыя дзве з паловай тысячы біскупаў — гэта ўдзельнікі II Ватыканскага Сабору. Менавіта яны прынялі дэкрэт пра апостальства свецкіх. Дэкрэт заахвочвае ўсіх хрысціянаў прымаць удзел у евангельскай місіі Касцёла. Таму гэты чалавек меў права гаварыць, што яго «папрасілі біскупы».
Словы Езуса ісці і навучаць не былі сказаны на вецер або агульна, але персанальна кожнаму чалавеку.
 
5.    Напэўна, не адзін з нас спытаецца, якім чынам мы павінны навучаць і абвяшчаць Евангелле?

Сярод многіх спосабаў абвяшчэння Добрай Навіны, такіх як гамілія, навучанне рэлігіі ці катэхізацыя, асаблівае месца займае сведчанне. Хрысціяне павінны быць перад усім сведкамі Евангелля. Яшчэ Папа Павел VI  больш за 30 гадоў таму казаў, што сучасны свет больш за ўсё патрабуе сведкаў. У наш час кожны імкнецца навучаць і даказваць, што толькі ён мае манаполію на праўду. Рэальнасць жыцця зусім іншая. Таму, кажа Папа, калі свет і прымае настаўнікаў, то толькі таму, што яны найперш з’яўляюцца сведкамі.

У час дэхрысціянізацыі і адыходу ад маральных нормаў існуе вельмі вялікая патрэба ў сапраўдных сведках. Існуе патрэба ў тых, хто сапраўды жыве паводле навучання Евангелля. Не можна быць крыху веруючымі, а крыху не. Не дастаткова верыць толькі тады, калі ў нас усё добра і ўсё атрымоўваецца, калі нас не мучаюць спакусы. Не дастаткова толькі ў нядзелю схадзіць на Імшу, а потым жыць так, як быццам Бога зусім няма. У штодзённым жыцці, у працы, навуцы, адпачынку, ва ўсіх абставінах трэба заставацца сведкам Евангелля. Не можна сказаць, што я цяпер на адпачынку, таму магу не захоўваць маральных нормаў.

Пануючая ў наш час ідэалогія постмадэрнізму сцвярджае, што няма абсалютнай праўды і ўсё адносна. Гэта вядзе да тэорыі маральнага рэлятывізму, якая сцвярджае, што калі змяняецца свет, то павінны змяняцца і маральныя нормы. Таму сучасны чалавек часта сцвярджае, што ўстаноўленыя Богам маральныя нормы абмяжоўваюць яго свабоду.

Аднак пры гэтым мы павінны памятаць: як у прыродзе існуюць свае законы, таксама яны існуюць і ў духоўным свеце. Як спроба змяніць законы прыроды вядзе да экалагічай катастрофы, так і змяненне маральных законаў вядзе да духоўнай катастрофы.

Калі паглядзім на сучасны свет з яго праблемамі, то ўбачым, як моцна чалавек парушыў устаноўленую Богам гармонію і парадак, і таму ён знаходзіцца ў крызісе. Не толькі ў фінансавым, але, найперш, у маральным. Крызіс перажывае сям’я, якая ўстаноўлена Творцам, як адзіны непарушны саюз мужчыны і жанчыны. Распаўсюджваюцца так званыя пробныя сужэнствы без дзяржаўнай рэгістрацыі і касцёльнага благаслаўлення. Моладзь амаль што нормай лічыць перадсужанскае сэксуальнае жыццё. Некаторыя краіны ўжо прынялі законы аб гомасэксуальных саюзах. У найлепшых клініках здзяйсняецца забойства ненароджаных дзяцей і эўтаназія. Пры гэтым усё ажыццяўляецца ўрачамі, якія давалі прысягу Гіпакрата бараніць жыццё як самы вялікі дар чалавеку. Да традыцыйнай праблемы алкагалізму далучылася наркаманія. Вельмі хутка распаўсюджваецца СНІД — пандэмія нашага часу. А колькі нянавісці, несумленнасці, злачынстваў? Да чаго вядуць разбэшчаныя паводзіны маладых людзей, у тым ліку і брыдкаслоў’е?

У сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці мы сапраўды адчуваем сябе нашчадкамі тых, хто стагоддзямі на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваў нашу культуру? На жаль, мы свядома адракаемся ад хрысціянскіх каранёў. Але ці можа дрэва расці без каранёў? Не, не можа. Таксама і чалавек павінен мець моцныя хрысціянскія карані, каб мог утрымацца супраць бураў сэкулярызму.
        
6.    У нашых змаганнях Касцёл не пакідае нас адных. Езус, жывучы і дзейнічаючы ў ім, спяшаецца да нас з дапамогай. Спяшаецца праз Слова Божае. Спяшаецца праз сакрамэнты.

Сёння адбудзецца аднаўленне абяцанняў хросту. Мы аднаўляем іх кожны год падчас Пасхальнай Вігіліі на ўспамін нашага збаўлення — пераходу з грахоўнай няволі да свабоды дзяцей Божых. Гэтае аднаўленне абяцання хросту не можа абмяжоўвацца толькі фармальным актам, але павінна стаць сапраўдным адрачэннем ад злога духа і вызнаннем веры ў Бога, каб мы не былі падобнымі да хістаючайся на ветры трасціны, але моцным дрэвам, катораму не страшны ніякія буры, і каб будавалі дом свайго жыцця не на пяску, але на скале, якой ёсць Хрыстус і Яго Евангелле.

Гэта зусім нялёгка ў сучасных абставінах, калі свет вабіць і прыцягвае, калі абяцае лёгкае шчасце, багацце і спаўненне мараў. Аднак у рэальным жыцці ўсё выглядае больш складана. Мары не рэалізуюцца, чалавек не становіцца шчаслівым. У такіх абставінах не цяжка страціць надзею і сэнс жыцця, калі няма цвёрдага падмурка.

Касцёл чакае ад нас не штучнага, але сапраўднага хрысціянства. Мы не можам гаварыць адно, а жыць па-іншаму. А каб быць такімі, трэба плыць супраць цячэння. Цячэнне секулярнага свету вельмі лёгка занясе ў акіян амаральнасці. Нам жа, адроджаным у сакрамэнце хросту да новага жыцця ў свабодзе дзяцей Божых, не трэба баяцца плыць супраць цячэння сучаснага секулярнага свету. Мы не пакліканы каб змяняць Евангелле, але Евангелле павінна змяняць нас, каб мы сталі сапраўднымі яго сведкамі. А таму, як cказаў Папа Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з моладдзю 6 красавіка 2006 г. на плошчы Святога Пятра ў Рыме, найперш трэба ўчыніць так, каб Бог, які не з’яўляецца фантазіяй, але які явіў сябе ва ўцелаўлёным Слове, прысутнічаў у нашых супольнасцях і ў нашым жыцці. А Ён будзе ў нашым жыцці праз малітву, Слова Божае, удзел у сакрамэнтах, жыццё у ласцы Божай, учынкі міласэрнасці і г.д.

7.    Дарагая моладзь! Свет і Касцёл чакае вас, чакае вашай глыбокай веры, чакае вашага сведчання! Ад гэтага будзе залежаць яго будучыня. Не будзьце тады штучнымі, але сапраўднымі хрысціянамі, каб ад імя Езуса Хрыста абвяшчаць і сведчыць Яго Евангелле збаўлення.
Калі гэтага не зробіце вы, то хто? Як не сёння, то калі? І няхай вам у гэтым благаславіць Бог. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона