Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў сувязі з візітам Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардыналa П'етро Параліна
Канферэнцыя Біскупаў
06.03.2015 11:59

«Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана» (Мк 11, 9).


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Як паведаміла Апостальская Нунцыятура ў Беларусі, 12-15 сакавіка 2015 г. нашу краіну, па запрашэнні дзяржаўных уладаў, наведае Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка Яго Эмінэнцыя кардынал П'етро Паралін. Візіт найбліжэйшага супрацоўніка Пантыфіка — гэта знак павагі Апостальскай Сталіцы і асабіста Пантыфіка да Беларусі і Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне.

Падчас візіту кардынал П'етро Паралін сустрэнецца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і іншымі высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі, а таксама асвяціць вуглавы камень Апостальскай Нунцыятуры, якая будуецца. У праграме візіту шаноўнага госця прадугледжана сустрэча з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Асаблівае значэнне будуць мець сустрэчы кардынала з моладдзю і вернікамі.

14 сакавіка 2015 г. у касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску ў 20.00 з удзелам кардынала П'етро Параліна распачнецца Міждыяцэзіяльнае велікапоснае начное чуванне моладзі пад дэвізам «Не адкладвайце навяртання» (Сір 5, 7). На наступны дзень, 15 сакавіка, у 10.00 кардынал П'етро Паралін узначаліць святую Імшу з удзелам дзяцей у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў маліцца аб поспеху гэтага візіту і заклікае прыняць актыўны ўдзел у вышэйузгаданых набажэнствах. Асабліва запрашаюцца моладзь і дзеці на сустрэчу і малітву з кардыналам П'етро Паралінам.

Маладыя людзі, прыйдзіце і засведчыце перад прадстаўніком Святога Айца, што вы ёсць у Касцёле і што Касцёл у Беларусі малады і поўны надзеі! Бацькі, зрабіце ўсё магчымае, каб вашы дзеці сталі актыўнымі ўдзельнікамі гэтай важнай падзеі ў жыцці нашага Касцёла!

Вы – будучыня нашай Айчыны і будучыня Касцёла. Яна будзе радаснай і светлай, калі мы будзем яе будаваць на хрысціянскіх каштоўнасцях. Няхай сустрэча з пасланнікам Папы Францішка і супольная малітва стане благаслаўлёным часам для ўсіх нас як падчас Вялікага посту, так і ў нашым жыцці.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты зварот вернікам у нядзелю 8 сакавіка 2015 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Канферэнцыя Біскупаў

18.03 07:00Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2017
16.03 12:49Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на дзень «Карытас»
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.12 11:25Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям'і
07.12 16:33Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
20.10 10:23Біскуп Яшэўскі прымае ўдзел у кангрэсе ў Рыме
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.07 03:22Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды распачацця Сусветных дзён моладзі ў Кракаве
25.07 14:25Зварот Старшыні ККББ з нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
13.07 11:17Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра свята св. Марыі Магдалены