Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
31 мая — cвята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі
Каляндар
31.05.2012 10:29

Святкаванне Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі мае сярэднявечнае паходжанне. Свята адзначалася францішканскім ордэнам яшчэ да 1263 года, калі яно было прапанавана св. Банавентурам. Дзякуючы ўплыву з боку францішканскага ордэна свята распаўсюджвалася, але афіцыйна зацверджана Касцёлам было толькі ў 1389 годзе па загаду папы Урбана VI.

Сустрэчу Дзевы Марыі і  святой Альжбеты, якая адбылася праз некалькі дзён пасля Звеставання, апісвае ў Святым Пісанні евангеліст Лука. Найсвяцейшая Панна Марыя, даведаўшыся, што яе сваячка Альжбета ў хуткім часе павінна нарадзіць, вырушае ў шлях, у «горад Юды». Марыя пераадольвае гэты шлях не адна, разам з ёй Бог, які знаходзіцца ва ўлонні. Гэта было першае падарожжа маленькага Езуса Хрыста.

Увайшоўшы ў дом, Марыя прывітала Альжбету. Пачуўшы прывітанне, Альжбета напоўнілася Духам Святым і даведалася, што Марыя стала маці Бога. Яна гучна ўсклікнула: «Благаслаўлёная ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?» Словы прывітання Альжбеты ўвайшлі ў склад вядомай хрысціянскай малітвы «Вітай, Марыя».

У адказ на словы Альжбеты Марыя праславіла Бога, кажучы: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трону і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў. Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць, як абяцаў бацькам нашым, Абрагаму і яго патомству навекі» (пар. Лк. 1, 46-55).

Гэтае праслаўленне Марыяй Пана стала хрысціянскім гімнам, які вядомы пад назвай «Magnificat» (што і азначае «велічае» па першым слове Маці Божай).

Вікторыя Колзун

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.