Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі маліўся на вайсковых могілках Монтэ-Касіна
Грэка-Каталіцкая Царква
07.05.2014 10:31

18 мая 1944 г. скончылася бітва пад Монтэ-Касіна, вядомая таксама як бітва за Рым - адна з самых вялікіх і крывавых баталій супраць нямецкай нацысцкай арміі на Захадзе Еўропы. Гэта была серыя з 4 бітваў Другой сусветнай вайны каля кляштара Монтэ-Касіна, у выніку якой саюзныя войскі прарвалі нямецкія ўмацаванні, названыя «Лінія Густава», і захапілі Рым.

У бітве ўдзельнічалі шматлікія ўраджэнцы Беларусі, якія змагаліся з нямецкімі нацыстамі ў складзе арміі генерала Уладзіслава Андэрса, сфарміраванай у чэрвені 1941 г. на тэрыторыі СССР. Сярод 1058 загінулых жаўнераў, якія паклалі жыццё ў гэтай бітве, былі 183 беларусы (іншыя крыніцы кажуць пра 264), прыналежныя да розных канфесій (рыма-католікаў, праваслаўных, грэка-католікаў). Яны пахаваны на польскіх вайсковых могілках, побач з кляштарам бэнэдыктынаў на Монтэ-Касіна.

Штогод, асабліва ў сакавіку, красавіку і маі (першая аперацыя прайшла 15 лютага 1944 г., апошняя, чацвёртая, 17 мая) вайсковыя могілкі на Монтэ-Касіна наведваюць пілігрымы з Польшчы, Беларусі, Украіны, Італіі, Вялікабрытаніі, каб у разважанні і малітве ўзгадаць загінулых у барацьбе з нацыстамі.

Сёлета спаўняецца 70 гадоў бітвы пад Монтэ-Касіна. У сувязі з гэтым колькасць наведвальнікаў, у тым ліку з Беларусі, узрастае. 18 сакавіка 2014 г. вайсковыя могілкі наведаў і ўсклаў вянок Прэзідэнт Італіі Джорджыо Напалітана.

3 мая 2014 г., у рамках пілігрымкі ў кляштар Монтэ-Касіна, на вайсковых могілках разам з міжнароднай групай сяброў Беларусі маліўся Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

На магіле Васіля Яўтуха, беларускага сапёра, грэка-католіка са Столінскага павета, архімандрыт Сяргей Гаек адслужыў пасхальную Паніхіду за ўсіх загінулых у бітве пад Монтэ-Касіна, а таксама за тых, хто ўдзельнічаў у гэтай бітве і хто не дажыў да сённяшняга дня, сярод якіх грэка-каталіцкі святар айцец Кастусь Маскалік (памёр 12 красавіка 2010 г. у Лондане).

Паводле svjazep.org

(AG)

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.