Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Чэслаў Сіповіч – іерарх, які жыў і працаваў для Беларусі
Грэка-Каталіцкая Царква
06.08.2015 14:07

Грэка-католікі Беларусі ў гэтыя дні адзначаюць знакавую дату не толькі для сваёй супольнасці, але і для ўсяго Каталіцкага Касцёла краіны – 55-годдзе сакры біскупа Чэслава Сіповіча, асобы сапраўды легендарнай, які стаў першым каталіцкім іерархам для беларусаў яшчэ падчас панавання камуністычнага рэжыму.

З просьбай прызначыць біскупа для беларусаў звярнуліся на пачатку 1960 г. да Папы Яна XXIII беларускія каталіцкія святары заходняга і ўсходняга абрадаў, якія працавалі ў той час па-за межамі краіны, нагадаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Пасля сакры біскуп Чэслаў Сіповіч адразу ж уключыўся ў важную працу – падрыхтоўку да Другога Ватыканскага Сабору. Гэтую пакуль недасканала вывучаную старонку яго дзейнасці беларусам яшчэ трэба асэнсаваць, лічыць архімандрыт. “На самым пачатку ён удзельнічаў у працы камісіі, якая займалася якраз справамі Усходне-Каталіцкіх Цэркваў, і практычна да пачатку Сабору працаваў у гэтай камісіі. Гэта была платформа, дзе абмяркоўваўся і кананічна, і юрыдычна новы статус Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, а таксама адносіны з Праваслаўнымі Цэрквамі – адны і другія жылі тады пад ігам камунізму. Біскуп Сіповіч тады сустракаўся і з прадстаўнікамі Маскоўскага Патрыярхату, дэлегацыю якога ўзначальваў айцец Віталь Баравы, беларус. Яны сустракаліся некалькі разоў тут, у Рыме. Біскуп Чэслаў вельмі актыўна працаваў і падчас падрыхтоўкі да Сабору, і падчас самога Сабору, але ўжо ў камісіі па справах законнікаў”, - расказаў частку гісторыі архімандрыт Сяргей Гаек беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Свой духоўны шлях біскуп Сіповіч пачаў яшчэ ў 14 гадоў, прыйшоўшы ў марыянскі кляштар у Друі. Потым працягнуў адукацыю ў Вільні і Рыме, абараніў дактарат. Доўга жыў і працаваў у Лондане. Стаў святаром у 1940 г., праз 20 гадоў – біскупам і адначасова Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у замежжы.

Зараз прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі працуюць над архіўнымі дакументамі і нататкамі біскупа Чэслава Сіповіча, каб асэнсаваць дасягненні іерарха і тым самым ушанаваць памяць чалавека, які шмат зрабіў для вернікаў і Касцёла. “Ёсць заўжды небяспека, што будзем будаваць Царкву “па вобразу і падабенству свайму”, а трэба глядзець і ў мінулае, на гісторыю. Нават мы, грэка-католікі, павінны шмат яшчэ зрабіць, каб асэнсаваць постаць біскупа Чэслава Сіповіча, таму што ён яшчэ ў тыя камуністычныя часы змагаўся за прызначэнне каталіцкага біскупа ў Беларусі, і не толькі для грэка-католікаў (бо тады не было магчымасці аднавіць іх структуры). Мы не ведаем яшчэ ўсіх дэталяў, але ведаем, што вельмі яму гэта ляжала на сэрцы. Ён рабіў нататкі, вывучаў гісторыю рыма-каталіцкіх біскупаў у Мінску. Гэта была вельмі важная справа, і ў гэтым сэнсе мы павінны асэнсаваць гэта. І гэта таксама запавет, які даў нам, пры маёй сустрэчы з ім, Папа ў мінулым годзе – “асэнсуйце вашу духоўную спадчыну”, - паведаміў архімандрыт Сяргей Гаек.

Біскуп Чэслаў Сіповіч, яго праца і постаць, натхняе грэка-католікаў і сёння. Царква аднавіла сваю адкрытую дзейнасць у сучаснай Беларусі ў 1990-я гады, але яе гісторыя сягае нашмат далей, калі існавалі ўсе атрыбуты Царквы: епархіі і іерархія.

Не шмат хто ведае, што кананічна епархіі існуюць і зараз, звярнуў увагу архімандрыт Сяргей Гаек, бо ў 1839 г. ліквідаваны яны былі толькі праз гвалт свецкіх уладаў, па палітычных прычынах. “Старыя епархіі, Полацкая і Літоўская, дзейнасць якіх была прыпынена, нават, можна сказаць, знішчана ўладамі, на самой справе паводле касцёльнага заканадаўства існуюць і сёння, іх можна проста аднавіць. І гэта была б асноўная база. Царква, якую маем сёння, - гэта тое, што было адноўлена 22 гады таму, а вядома, што сёння пастырскія патрэбы ўжо іншыя”, - адзначыў архімандрыт.

Таму грэка-католікі Беларусі жывуць сёння спадзяваннем і марамі аб адпаведнай кананічнай структуры і спадзяюцца на заступніцтва перад Богам біскупа Чэслава Сіповіча ў спаўненні гэтага.      

Праца па вывучэнні спадчыны беларускага іерарха будзе працягнута. Прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы ўжо хутка плануюць сабраць і прадставіць у Беларусі гістарычны матэрыял аб яго асобе.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.