Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
105 гадоў з часу нараджэння беларускага святара і патрыёта, «Божага журналіста» — Льва Гарошкі
Грэка-Каталіцкая Царква
11.03.2016 10:53

Сын беларускіх сялян, дзякуючы якому Святы Пасад зразумеў і прызнаў Беларусь як асобную нацыю са сваімі патрэбамі і памкненнямі, — айцец Леў Гарошка.

Будучы прадстаўнік сапраўднай духоўнай і інтэлектуальнай эліты беларускага народа нарадзіўся 11 сакавіка (па новым стылі) 1911 года ў вёсцы Трашчычы пад Навагрудкам.

Бацькі аддалі здольнага хлопчыка ў Навагрудскую беларускую гімназію, многія навучэнцы якой сталі адданымі прыхільнікамі беларускай справы.

У сям'і яшчэ жылі традыцыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, забароненай Расійскай імперыяй у 1837 годзе.

Верагодна, што менавіта гэтым кіраваўся юнак, калі паступіў у 1931 годзе ў Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію. Дапамаглі Льву Гарошку ў паступленні дырэктар Навагрудскай гімназіі Ян Цеханоўскі і дырэктар беларускага музея ў Вільні Антон Луцкевіч, былы прэм'ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі.


Потым было навучанне ў каталіцкім Багаслоўскім інстытуце ў Інсбруку ў Аўстрыі — за свае акадэмічныя поспехі Леў Гарошка атрымаў стыпендыю грэка-каталіцкага Мітрапаліта Львоўскага вялебнага Андрэя Шаптыцкага.

17 кастрычніка 1937 года Леў Гарошка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук украінскага грэка-каталіцкага епіскапа Мікіты Будкі ў прыватнай капліцы Мітрапаліта Шаптыцкага ў Львове.

Першую Боскую літургію на Бацькаўшчыне святар адслужыў у грэка-каталіцкай парафіі Далятычы на роднай Навагрудчыне, дзе тады працаваў а. Вячаслаў Аношка.

Потым служыў на Палессі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі — у парафіях ва Угрынічах, Гарадной (Столінскі р-н), Стоўбцах, Збуражы (Маларыцкі р-н). Пераследаваўся за сваю душпастырскую і нацыянальна-асветніцкую дзейнасць польскімі ўладамі, пастаянна знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Пасля стварэння ў 1939 годзе Беларускага Экзархату ГКЦ і прызначэння ў кастрычніку 1940 года а. Антона Неманцэвіча SJ першым у XX ст. беларускім грэка-каталіцкім экзархам, а. Леў Гарошка 2 мая 1942 года быў абраны ў Раду экзархату і стаў віцэ-экзархам.

Акрамя духоўнай працы, а. Леў, які ўвесь час вучыўся сам, знаходзіў час для таго, каб дапамагаць суайчыннікам нават падчас вайны — працаваў на настаўніцкіх курсах, быў выкладчыкам беларускай і лацінскай моў у розных навучальных установах, працаваў у рэдакцыях беларускіх газет.

У 1944-45 гадах разам з многімі тысячамі беларусаў, якія не жадалі зноў трапіць пад савецкі тэрор, а. Леў апынуўся ў эміграцыі, дзе стаў духоўным айцом для беларусаў на чужыне і прадстаўніком Беларусі ў Рыме, дапамагаў беларусам, якія служылі ў польскай арміі генерала Андэрса.

У 1946 годзе а. Леў Гарошка падрыхтаваў і выдаў малітоўнік «Божым шляхам», які дагэтуль выкарыстоўваецца многімі беларусамі і шмат разоў перавыдаваўся.

Тады ж адбылася гістарычная падзея, пра якую распавядаў а. Аляксандр Надсан:

«На той год прыпадалі 350-я ўгодкі Брэсцкай Уніі 1596 года. З гэтай нагоды Папа Пій ХІІ выдаў 25 снежня энцыкліку Orientalis omnis. Айцец Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што неабходна перакласці энцыкліку на беларускую мову.

Ён таксама настаяў, каб, беручы пад увагу абставіны ХХ стагоддзя, лацінскае слова "Rutheni" (рускія) перакладалася як "беларусы і ўкраінцы". Кангрэгацыя доўга вагалася, але нарэшце згадзілася. Перамога была невялікая, але важная.

Да айца Гарошкі ў Рым прыязджала даволі шмат беларускіх святароў і студэнтаў, але ніводзін з іх не зрабіў высілкаў, каб царкоўныя ўлады прызналі Беларусь як асобную нацыю са сваімі патрэбамі і памкненнямі. Можна смела сказаць, што назва "Беларусь" з'явілася на мапе Каталіцкага Касцёла дзякуючы айцу Льву Гарошку».

Айцец Леў Гарошка далей служыў беларускім вернікам у Францыі і Брытаніі, не мог толькі патрапіць дадому — у Беларусь, аднак кіраваў беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё ў 1970-77 гадах. У гэты перыяд вяшчанне радыёстанцыі на беларускай мове павялічылася да пяці разоў на тыдзень па 14 хвілін. Акрамя непасрэдна ватыканскіх навін, айцец Гарошка рабіў ухіл на апалагетычную і беларускую нацыянальную тэматыку.

Кожны святар — у пэўнай ступені карэспандэнт, бо распавядае Добрую навіну пра самыя важныя ў жыцці чалавецтва падзеі. І менавіта такім нястомным карэспандэнтам быў а. Леў Гарошка.

Айцец Леў Гарошка (сядзіць другі злева) на сустрэчы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб'яднання «Рунь» у Рыме. Далей сядзяць а. Пётр Татарыновіч, а. Францішак Чарняўскі, а.Чэслаў Сіповіч, а. Уладзімір Тарасевіч. За а. Львом Гарошкам стаіць а. Аляксандр Надсан.

Ён падрыхтаваў цыклы праграм, прысвечаныя хрысціянскім аспектам беларускай літаратуры, гісторыі хрысціянства ў Беларусі, славутым беларускім рэлігійным дзеячам, сведчанням вялікіх асобаў — навукоўцаў, астраномаў, кампазітараў — пра існаванне Бога.

Усяго толькі 14 гадоў не дажыў да незалежнасці Беларусі і адраджэння Касцёла ў нашай краіне а. Леў Гарошка, аўтар і выдавец кніг, адзін з аднаўляльнікаў беларускай грэка-каталіцкай традыцыі, патрыёт, чалавек, які вярнуў Беларусь на сучасную мапу Касцёла.

Няхай жа ў Валадарстве Божым ён цешыцца, бачучы, як беларускія рыма- і грэка-католікі разам працуюць дзеля дабра Касцёла і Беларусі!

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.