Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Святар з вялікім сэрцам»: гісторыя жыцця і служэння кс. Станіслава Кучынскага (+унікальныя архіўныя здымкі)
Душпастырства
28.09.2014 22:16

Сёлета адзначаецца 100-годдзе нараджэння кс. інфулата Станіслава Кучынскага. Гэтага душпастыра вернікі называлі «Святаром з вялікім сэрцам». Ксёндз Станіслаў Кучынскі застаўся для беларускіх католікаў прыкладам нязломнай веры, непахіснай надзеі на магутнасць Бога і гарачай любові да Найсвяцейшай Панны Марыі.

кУсім нам вядома, што памяць чалавека абмежавана. Людзі хутка забываюцца нават пра вялікія здарэнні, нават пра некалі вядомых людзей, якія, аднак, страцілі сваю папулярнасць. Але ў памяці цэлых пакаленняў назаўсёды запісаны тыя, хто ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню людзям. Гэта ў першую чаргу нязломныя сведкі нашай веры – святары, якія служылі вернікам у савецкія часы. Да іх можна залічыць таксама і яркую постаць кс. Станіслава Кучынскага, якога вернікі называлі «Святаром з вялікім сэрцам», таму што праз сваё душпастырскае служэнне ён заваяваў у іх непахісны аўтарытэт. Ніжэй будзе прадстаўлена яго кароткая біяграфія.


Дзяцінства і маладосць


2 студзеня 1914 г. у пабожнай сям’і Кучынскіх, у якой было 10 дзяцей, нарадзіўся хлопчык. 14 студзеня бацькі Адам і Анэля (у дзявоцтве – Палянская) прынеслі дзіця ў парафіяльны касцёл у Альковічах каля Вілейкі, каб ахрысціць яго. Пры хросце яму далі імя Станіслаў.

Ужо з дзяцінства хлопец адрозніваўся асаблівай пабожнасцю. Ён любіў Найсвяцейшую Панну Марыю ўсім сэрцам і даверыў Ёй сваё жыццё. Асабліва ў цяжкія і вырашальныя моманты ён з верай шаптаў Нябеснай Маці: «Накіруй Стася!» Гэта менавіта Яна дапамагла яму мужна вытрываць усе пакуты і выпрабаванні, якіх хапала ў яго жыцці.

Кучынскія з маленства вучылі дзяцей працы. Аднак асаблівую ўвагу бацькі надавалі выхаванню дзяцей у хрысціянскім духу. У 1922 г., маючы 8 гадоў, Станіслаў упершыню прыняў у сваё сэрца Сапраўднага Бога з усёй Яго Усемагутнасцю. З гэтага часу ён стараўся быць усё лепшым.

І так надышоў той перыяд яго жыцця, калі трэба было пачынаць вучыцца. У 1925 г. ён паступіў у гімназію ў Вілейцы, дзе сваёй стараннасцю і жаданнем атрымаць веды заражаў іншых вучняў. Менавіта яму ў апошні год было даручана выносіць сцяг гімназіі.


Перыяд семінарыі


Пасля заканчэння гімназіі малады Станіслаў хацёў стаць ваенным афіцэрам, але, адчуваючы ў сабе дар паклікання да святарства, вырашыў супрацоўнічаць з Божай ласкай. У 1933 г. ён паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. Заўважыўшы здольнасці і ахвоту да навукі маладога алюмна, адзін з выкладчыкаў прапанаваў яму падаць дакументы ва ўніверсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні. Станіслаў пагадзіўся і стаў студэнтам гэтага ўніверсітета. У семінарыі ён, як старанны навучэнец, быў абраны на пасаду дэкана алюмнату.

Час навучання ў семінарыі праляцеў для Станіслава вельмі хутка. Надышоў самы хвалюючы момант у яго жыцці – прэзбітэрскае пасвячэнне. 18 чэрвеня 1939 г. у віленскай катэдры тагачасны арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў пасвячэнне 19 выхаванцам семінарыі, сярод якіх быў і дыякан Станіслаў Кучынскі. У наступным годзе кс. Кучынскі скончыў універсітэт Стэфана Баторыя з навуковай ступенню магістра тэалогіі.

Першыя гады святарства: парафія ў Свіры

Першы для маладога святара дэкрэт арцыбіскупа Ялбжыкоўскага накіраваў яго ў парафію ў Свіры ў якасці вікарыя. У хуткім часе настаў цяжкі перыяд ІІ Сусветнай вайны і савецкага нападу. З-за страху пераследавання пробашч і дэкан парафіі ў Свіры кс. Казімір Шылэйка адмовіўся ад сваёй пасады і выехаў у Літву. Пробашчам стаў малады кс. Станіслаў Кучынскі, які з запалам узяўся за арганізацыю парафіяльнага жыцця. Але савецкія ўлады вельмі хутка зацікавіліся дзейнасцю стараннага пробашча. Яго шукаў НКУС, і ён больш за два тыдні правёў у лодцы на возеры Свір, хаваючыся ў чароце. Тады вернікі акружылі кс. Станіслава апекай, прыносілі яму на возера ежу, ахоўвалі ноччу плябанію.

У 1942 г., калі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі быў арыштаваны і вывезены немцамі, новы адміністратар Віленскай архідыяцэзіі вярнуў пробашчам і дэканам у Свір кс. Шылэйку, накіроўваючы кс. Кучынскага ў бліжэйшую парафію ў Шэметаве ў якасці вікарыя. Калі кс. Станіслаў, падпарадкоўваючыся касцёльнай уладзе, пакідаў сваё першае месца працы, парафіяне развітваліся з ім з вялікім болем у сэрцы.


Шматгадовы душпастыр парафіі ў Шэметаве


Ксёндз Станіслаў, будучы вікарыем у Шэметаве, на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічаў з кс. Сцяпанам Раманоўскім, пажылым пробашчам, які трагічна загінуў у 1943 г. падчас раптоўнага нападу савецкіх партызанаў. Калі кс. Кучынскі стаў пробашчам гэтай парафіі, ён не баяўся цяжкасцяў, бо даверыў сваё жыццё Маці Божай Нястомнай Дапамогі, заступніцы парафіі ў Шэметаве. Калі пасля вайны яго выгналі з плябаніі, ён жыў у вернікаў. Вымушаны «туляцца», на працягу пэўнага часу ён павінен быў пераадольваць адлегласць каля 6 кіламетраў да касцёла – туды і назад. Як душпастыр ён заахвочваў дзяцей і моладзь хадзіць у касцёл. Змагаючыся за іх правы, быў пераследаваны савецкімі ўладамі. Яго часта выклікалі ў Мядзель і Мінск на «размову» з уладамі і пераконвалі, каб ён дабравольна выехаў у Польшчу. Але бясстрашны пастыр застаўся са сваімі авечкамі, не пакінуў парафію. За катэхізацыю дзяцей яго чатыры разы пазбаўлялі дазволу (т.зв. «спраўкі») адпраўляць набажэнствы ў касцёле.

У парафіі ў Шэметаве кс. Кучынскі арганізаваў хор на чатыры галасы, якім сам кіраваў. Сам ён таксама любіў спяваць марыйныя песні. Акрамя святой Імшы, кс. Станіслаў адпраўляў у нядзелю нешпары і іншыя набажэнствы, якія не адштурхоўвалі, а, наадварот, прыцягвалі моладзь і моцна звязвалі яе з Касцёлам. Ён ездзіў з душпастырскай паслугай у бліжэйшыя парафіі, у Канстанцінаве і Кабыльніку (сёння Нарач), якія тады засталіся без святароў. Не шкадуючы сіл для справы збаўлення душаў, ён быў для вернікаў прыкладам сапраўднага слугі Хрыста.

У 1961 г., пасля смерці свірскага дэкана кс. Шылэйкі, кс. Кучынскі стаў яго наступнікам на гэтай пасадзе, а праз 12 гадоў быў прызначаны генеральным вікарыем усходняй часткі Віленскай архідыяцэзіі. Да гэтых годнасцяў было далучана наданне яму ў 1979 г. Папам Янам Паўлам ІІ звання прэлата.

Падчас душпастырскай працы кс. Станіслава закранулі маральныя пакуты і фізічнае калецтва. У 1989 г. яму з-за гангрэны ампутавалі левую нагу вышэй калена. Аднак гэты цяжкі вопыт мужны святар ахвяраваў вяртанню свірскага касцёла, якое адбылося ў хуткім часе. У гэтым жа годзе адбылася ўрачыстасць 50-годдзя святарства кс. Станіслава Кучынскага, падчас якой вернікі і святары супольна дзякавалі Богу за дар вялікага душпастыра.


Апошні перыяд святарскага служэння: горад Гродна


У 1990 г. ксёндз Кучынскі быў прызначаны рэктарам новаўтворанай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Гэта было для яго сапраўднай нечаканасцю, але заўсёды паслухмяны касцёльнай уладзе святар згадзіўся. Пасля года працы ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі. Спіс яго годнасцяў быў увенчаны наданнем яму ў 1991 г. Святым Айцом звання інфулата. З’яўляючыся ў гэты час яшчэ і спаведнікам семінарыстаў, ён хутка атрымаў іх прызнанне, аб чым сведчылі доўгія чэргі перад яго канфесіяналам. Нягледзячы на інваліднасць, ён прымаў актыўны ўдзел у дыяцэзіяльным душпастырстве, быў дырэктарам двух свецкіх таварыстваў.

Ксёндз Станіслаў Кучынскі адышоў да Бога па вечную ўзнагароду 8 мая 1996 г. у Гродне. Ён застаўся для нас прыкладам нязломнай веры, непахіснай надзеі на магутнасць Бога і гарачай любові да Найсвяцейшай Маці.


Эпілог



Сёння вернікам патрэбны менавіта такія святары, як кс. Станіслаў Кучынскі. «Словы павучаюць, а прыклады прыцягваюць» – словы гэтай лацінскай прыказкі актуальныя і ў ХХІ стагоддзі. У той час, як старэйшае пакаленне, якое вытрымала пераслед веры, засталося верным Евангеллю і Хрысту, бачым, што ўсё больш маладых людзей адыходзіць ад Бога, выбіраючы зманлівы шлях зямной асалоды і багацця. Ксёндз Станіслаў Кучынскі, а разам з ім іншыя нязломныя сведкі каталіцкай веры, паказваюць нам, якія каштоўнасці з’яўляюцца сапраўднымі і трываюць навекі. Таму цяпер, калі ўся Беларусь адзначае 100-годдзе кс. Кучынскага, варта, асабліва моладзі, ўзяць прыклад трываласці і сталасці ў святароў ХХ стагоддзя, каб перадаць яго наступным пакаленням.

Кс. Павел Эйсмант,
спецыяльна для Catholic.by

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Душпастырства

14.03 14:25Айцец Арыюш Малыска OFM Cap прызначаны душпастырам беларускіх католікаў у Вільнюсе
02.12 07:00Святар благаслаўлення: успаміны пра кс. Рышарда Юніка ў гадавіну яго смерці
17.08 16:19Увага для міністрантаў: рэкалекцыі ў Лебедзеве адменены
11.08 17:13Моладзь мінскай парафіі Божага Цела наведала касцёлы і гістарычныя мясціны Берасцейшчыны
11.08 14:46«Заўсёды за ўсё дзякаваць Богу»: у Гродне дзякавалі за пілігрымку «Гродна – Рось»
06.06 18:47Назаўсёды ў нашых сэрцах: развітваемся з цудоўным святаром – кс. Янам Занеўскім
23.03 10:47Айцы піяры абвясцілі вынікі конкурсу на найлепшы відэаролік
01.03 09:021 сакавіка — 55-я гадавіна смерці кс. Віктара Шутовіча — беларускага святара і публіцыста
01.03 08:59Выратаваць ад забыцця: да 15-годдзя смерці кс. прэлата Юзафа Грасевіча
17.02 10:20Кароткая гісторыя кс. Станіслава Шчэмірскага ў 65-годдзе яго смерці