Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кс. Мечыслаў Малыніч-Маліцкі — адважны пастыр беларускай зямлі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.04.2011 15:19

Мінула 42-я гадавіна смерці кс. Мечыслава Малыніч-Маліцкага, апошняга ў савецкія часы каталіцкага пастыра ва Усходняй Беларусі. Памяць спачылага ўшанавалі ў парафіі ў Бялынічах (Магілёўскі дэканат), молячыся аб супакоі душы святара ў дзень яго смерці — 30 красавіка.

Парафіі Слуцка, Барысава, Гомеля, Бабруйска, Магілёва, Асіповіч, Мсціслава абавязаны сваім адраджэннем менавіта гэтаму пастыру, які не пагадзіўся з распаўсюджанай сёння думкаю, што чалавеку дастаткова верыць «у душы», маліцца ў хатнім зацішшы, і што ўлада робіць немагчымым адкрытае вызнаванне веры і апраўдвае яе забыццё.

Ксёндз Мечыслаў ужо ў маладосці адзначаўся непрыйманнем негатыўных з’яў у грамадстве і жаданнем супрацьстаяць як штодзённым, так і эпахальным цяжкасцям.

Нарадзіўся будучы святар у Вялікай Бераставіцы ў 1888 г. 1 мая 1912 г., у сераду пасля свята Найсвяцейшай Тройцы, у касцёле ў Коўне (сучасны Каўнас) быў узведзены у сан іпадыякана, стаўшы такім чынам духоўнай асобаю.

14 мая там жа прыняў дыяканскія пасвячэнні, а побач з ім благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька — іпадыяканскія. Гэта было незвычайнае пакаленне святароў, выхаванае паміж вызваленчым паўстаннем Каліноўскага і Першай сусветнай вайною, пакаленне святароў, на долю якіх выпала стаць сведкамі і ўдзельнікамі эпахальных падзей.

Разам з ксяндзом Малынічам дыяканскія пасвячэнні прынялі іншыя вялікія беларускія святары: Станіслаў Пяткевіч, Канстанцін Стэпавіч (Казімір Сваяк), Юзаф Германавіч (Вінцук Адважны). 10 чэрвеня 1912 г. яны атрымалі святарскія пасвячэнні ў віленскай катэдры. З прычыны адсутнасці віленскага біскупа Эдварда Ропа, выгнанага царскімі ўладамі, абрад здзяйсняў Жмудскі біскуп Цыртаўт.

У 1916 г. у час ваеннай завірухі кс. Малыніч распачаў пабудову новага касцёла ў Моньках каля Беластока, куды быў накіраваны працаваць. Сёння ў Моньках існуе вуліца ксяндза Малыніча. Святар неаднаразова канфліктаваў з польскімі ўладамі, а ў 1935 г. за адважныя казанні нават трапіў у віленскую вязніцу.

У 1944 г. ксёндз Малыніч быў накіраваны віленскім біскупам на вызваленую Усходнюю Беларусь, у Слуцк. Сваёй пастырскай апекаю святар хутка агарнуў даволі абсяжную тэрыторыю Усходняй Беларусі, што выклікала незадавальненне савецкай улады. Не здолеўшы дабіцца адкрыцця магілёўскага касцёла, святар абвясціў, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы вясною 1947 г.

У студзені 1948 г. быў прыгавораны да 7 год зняволення ў лагеры і адпралены ў Мардовію (Расія).

У 1955 г. вярнуўся ў Слуцк, адкуль патаемна наведваў католікаў Усходняй Беларусі, заахвочваючы прыкладваць намаганні ў вяртанні і адкрыцці касцёлаў, асабліва ў Магілёве і Бабруйску. Святару нярэдка выпадала насіць пры сабе пераносны алтар — мармурную пліту з парэшткамі мучанікаў (без чаго раней нельга было служыць літургію). Алтар разам з іншымі літургічнымі прыналежнасцямі дзесяцігоддзямі захоўваліся ў дамах вернікаў, а пасля былі перададзены святарам.

Ксёндз Малыніч, перагружаны працай, у якой не меў надзеі на дапамогу новых святароў, памёр у Слуцку 30 сакавіка 1969 г. Яго цела спачыла на могілках у Вялікай Бераставіцы. На помніку змешчаны словы: «Ад удзячных парафіянаў з Асіповіч».

Няхай жа ўдзячныя парафіяне шматлікіх іншых усходнебеларускіх святыняў памятаюць аб сваім пастыры ў малітвах.

Кс. Караль Тамэцкі

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.