Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каб усе былі адно. Экуменічнае набажэнства прайшло ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.01.2012 22:42

Падзел хрысціянаў — гэта рана, якая няспынна кроваточыць. Лек на яе — павага, любоў, прабачэнне і, канечне, малітва. Памятаючы аб гэтым, 21 студзеня 2012 г. у мінскім архікатэдральным касцёле сабраліся прадстаўнікі Рыма- і Грэка-Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай і Лютэранскай Царквы, Біблейскага таварыства.

Штогод, ужо на працягу 45 гадоў, з 18 па 25 студзеня адзначаецца Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, ініцыятарам якога стаў Каталіцкі Касцёл. У Мінску набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій адбылося ў пяты раз.

Сёлета тэксты да так званага экуменічнага тыдня ўпершыню падрыхтавалі хрысціяне Польшчы. Яго тэмай сталі словы з Першага Паслання да Карынцянаў — «Перамененыя перамогай Езуса Хрыста».

Звяртаючыся да гэтых словаў Апостала народаў кожны казаў пра важнасць падобных набажэнстваў, бо яны з’яўляюцца спаўненнем волі самога Езуса Хрыста — каб усе былі адно. «Таму д'ябал баіцца такіх набажэнстваў», — між іншым адзначыў Старшыня Праўлення Біблейскага таварыства ў РБ Герман Родаў.

«Свет слухае сведкаў, а не настаўнікаў», — аб гэтым нагадаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антноні Дзям’янка падчас Імшы, што папярэднічала набажэнству. А для таго, каб у сённяшнім свеце здолець моцна і ўпэўнена сведчыць пра Хрыста, неабходна быць адзінымі. Заданне кожнага хрысціяніна, як адзначыў іерарх, паказаць, што хрысціянства — гэта тое, да чаго варта імкнуцца.

Па словах біскупа Самастойнай евангельска-лютаранскай Царквы Уладзіміра Меерсана, хрысціянства можна ахарактарызаваць адным словам — любоў. Бо ўся яго сутнасць заключаецца ў дзвюх запаведзях любові — да Бога і бліжняга. «Мы ўсе — дзеці Божыя, таму давайце разумець, любіць і паважаць адно аднаго», — адзначыў прадстаўнік Лютаранскай Царквы.

«Мы павінны перамяніцца, несці святло, добразычлівасць, быць спакойнымі ў сэрцах і не быць злымі, — адзначыў Протаіерэй Праваслаўнай Царквы айцец Аляксандр Шымбалёў. — Шмат залежыць ад нас. Таму будзем жа выконваць словы Святога Пісання і станем „перамененымі перамогай Езуса Хрыста“».

«Перамагаць зло дабром, — адзначыў протаіерэй Грэка-Каталіцкай Царквы Яўген Усошын. — Дабром — значыць захоўваць супакой, не помсціць, рабіць учынкі міласэрнасці і чыніць дабро, праяўляць клопат пра іншых».

Напрыканцы набажэнства Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз нагадаў, што чацвёрты дзень экуменічнага тыдня, якім быў 21 студзеня, прысвечаны тэме перамянення.

«Бог перамог д’ябла — крыніцу падзелаў і непаразуменняў, каб і мы маглі перамагаць падзелы, — адзначыў іерарх. — Дар еднасці — гэта дар Святога Духа, таму трэба маліцца, каб усе былі адно, умелі прасіць прабачэнне і прабачаць».

«Каб усе былі адно — гэта праграма жыцця кожнага хрысціяніна. Езус захоўвае нас ад усялякага зла, трэба толькі адкрыць сваё сэрца на Яго», — падкрэсліў у гаміліі Мітрапаліт.

Набажэнства завяршылася вызнаннем веры і малітвай «Ойча наш», якой  навучыў сам Езус Хрыстус.

Святлана Жылевіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме