Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях на мінскай Кальварыі: словы, якія датычыліся кожнага
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.04.2012 11:30

Крыжовы шлях на Кальварыйских могілках у Мінску — традыцыйная падзея напярэдадні Вялікага тыдня. Вернікі збіраюцца там, каб сярод векавых крыжоў паразважаць над галоўным Крыжам — тым, які пагадніў неба і зямлю, узняўшы на сабе ў вышыню Цела Езуса Хрыста. Святары, вернікі, моладзь сабраліся, каб з крыжам і за крыжам прайсці стацыі, якія прайшоў наш Пан на Галготу.

Кожны год падчас Крыжовага шляху мы чуем розныя разважанні. Апошнія гады адбываўся таксама інсцэніраваны Крыжовы шлях, што дапамагала лепш уявіць пакуты Пана Езуса. Мы перажывалі і нават плакалі. У гэтым годзе, можна з упэўненасцю сказаць, слёзы на вачах людзей былі такімі ж шчырымі, бо кожны аплакваў, перажываў, успамінаў свае ўласныя цярпенні, грахі і пакуты. Абсалютна кожнага датычыліся тыя разважанні, якія падрыхтавала моладзь і святары.

А пачалося ўсё з невялікай самаробнай сцэны проста сярод могілак, дзе малады чалавек расказаў гісторыю жыцця, характэрную для вельмі многіх юнакоў і дзяўчат. Гэта быў верш, напісаны адным з маладых людзей, ды і вершам яго цяжка назваць — хутчэй гэта споведзь перад памерлымі маці і бацькам.

Так часта здараецца, што мы жывём без Бога і веры, крыўдзім родных і блізкіх, а прабачэнне ў канцы нашага шляху нам няма каму даць, апрача Бога. І кожная стацыя гэтага незвычайнага Крыжовага шляху датычылася любога чалавека. Не было нікога абыякавага. Хто не адчуваў у сваім жыцці «суд неразумнага і смех натоўпу», хто не адчуваў, што, сумленна працаваўшы, стаў неўзабаве непатрэбным? І таму напрыканцы першай стацыі маліліся: «Дай, Пане, сілы зносіць злыя словы, а свае — узважваць. Вучы чуваць над судамі сэрца і вуснаў, каб не прапала ў іх любоў».

На працягу другой стацыі разважалі над нашымі прафесійнымі абавязкамі. Часта мы наракаем і на працу і на нашых супрацоўнікаў, і, як адкрыццё, —  малітва-просьба: «Выконвай свой прафесійны абавязак па любові, даводзь усе справы да канца па любові — і ты дакажаш, што твая праца здольная прынесці салодкі плён, насенне вечнасці — менавіта таму, што ты любіш, нават калі твая любоў часам запраўлена горыччу непаразумення, несправядлівасці, няўдзячнасці і нават краху тваіх намаганняў тут, на зямлі». А колькі ў нас эгаізму і сярод нас — эгаістаў! Як гэта знаёма.

Падчас трэцяй стацыі, калі Езус падае першы раз, разважалі над тым, што трэба часам адрачыся ад клопату толькі аб сваёй асобе і папрасіць: «Пане, не дай нам узносiцца тымi дарамi, якiя мы ад Цябе атрымалi. Дапамажы нам усвядомiць, што цяжар нашага эгаiзму цяжкiм крыжам кладзецца на плечы блiжнiх, на Твае плечы».

Ідзём далей. І вось чацвёртая стацыя: Езус сустракае сваю маці. Разважанні падчас гэтай стацыі кранулі сэрцы ўсіх жанчын, якія хоць раз у жыцці здзейснілі акт забойства свайго ненароджанага дзіцяці. «Ты спадзяешся, што ў цябе будуць іншыя дзеці, больш жаданыя і патрэбныя, чым я? Чым жа я горшы за іх? Чым, мама? Мама, як ты будзеш глядзець у вочы маім будучым брацікам і сястрычкам, так і не даведаўшыся, якога колеру мае вочы? Мама, ну чаму так усё складана ў вас, у дарослых? Ты ж ніколі не ўтопіш шчанюка або кацяня. Табе ж стане шкада яго. Чаму ж ты не шкадуеш мяне? Я не кволая кропка на ультрагукавым даследаванні, я не згустак крыві, у які ператваруся, калі мяне, разадранага на кавалкі, кінуць у вядро. Я ўжо чалавек. З самага першага дня, калі ты нават не ведала, што я ў табе ўжо ёсць. І гэта не аперацыя, лекары цябе падманулі. Гэта забойства, тваё забойства, а лекары толькі выканаўцы. Мама, чаму ты не даеш тату абараніць мяне? Ён так хоча, каб я жыў. Ён хоча і можа зрабіць цябе шчаслівай. Мама, ў цябе ж НЯМА больш роднага чалавека, чым я! За што ты хочаш мяне забіць? За тое, што я не своечасовы? За тое, што ты не любіш майго тату? Але ж не тату будуць адрываць ножкі і ручкі, не яму раздушаць абцугамі твар... Як страшна, мама. Я так баюся паміраць. Так баюся паміраць... Калі я вінаваты перад табою, мама, прабач мне, калі ласка. Каханенькая, родная, прабач. Толькі не забівай. Калі ласка, матуля...» Пане, дай жа кожнаму дзіцяці сустрэць сваю маці!

Ідучы крок за крокам па Кальварыі, з кожнай стацыяй усе больш разумелі — не, гэта не Крыжовы шлях Езуса Хрыста, гэта наш Крыжовы шлях, не мы дапамагаем Яму несці крыж — Ён нам дапамагае несці гэты крыж сваім разуменнем і прабачэннем. Бо як жыць чалавеку, калі ён нясе на сабе грахі пыхі, зласлоўя, зайдрасці, гневу, пажадлівасці? Як жыць, калі над табой схілілася хвароба, забыццё родных і часам несправядлівы прысуд? Толькі Ён дасць нам веру і збаўленне. Трэба толькі своечасова распазнаць руку дапамогі, працянутую Ім. Бо і мы часта можам дапамагчы, а не робім гэтага, бо нам здаецца, што для гэтага патрэбны вельмі важны і відавочны ўчынак. Аднак дастаткова працягнуць руку і ўсміхнуцца. «Езу, калі няма ў нас чым дапамагчы бліжняму, дай нам мужнасць адкрыць перад ім дзверы свайго сэрца. Даруй мне, калі я мог дапамагчы, але не выкарыстаў гэтую магчымасць», — гэта малітва напрыканцы пятай стацыі.

Разважалі над адносінамі дзяцей і бацькоў, над праблемамі кахання і вернасці, няпоўных сем’яў. Сапраўды, гэта ў сучасным свеце вялікая праблема. Маліліся за святароў і за пакліканні.

Як часта кажуць — лепш адзін раз самому паўдзельнічаць у такім Крыжовым шляху, чым пачуць альбо прачытаць пра яго. Але праблемы нашы не пачынаюцца і не заканчваюцца толькі падчас такіх разважанняў раз у год. Езус склаў за нас ахвяру. І толькі Езус дасць нам параду і дапамогу.

Напрыканцы адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. У набажэнстве ўдзельнічалі пробашч мінскай парафіі Св. Сымона і св. Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Андрэй Бародзіч, іншыя святары, сёстры законныя, шматлікія вернікі, моладзь. Біскуп Дзям’янка назваў традыцыю правядзення Крыжовага шляху на Кальварыі вельмі важнай і заахвоціў, каб такія набажэнствы адбываліся на працягу ўсяго года.

Ала Невяровіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме