Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выхаванцы дзіцячых дамоў Мінскай вобласці дапамогуць анкахворым дзецям
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.05.2012 15:38

20 мая 2012 г. дабрачынны канцэрт «Таленты чыстых сэрцаў» вызначыў пераможцаў. Каля ста выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў Мінскай вобласці змагаліся не толькі за ўласную перамогу, але і сваім выступленнем збіралі сродкі на лячэнне анкахворых дзяцей.

Дапамагчы дзецям-сіротам і дзецям з асаблівасцямі развіцця адкрыць свае таленты і зрабіць свой уклад на карысць дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі, — такую мэту перад сабой ставілі арганізатары акцыі-канцэрта Моладзевая каталіцкая місія «Чыстае сэрца» і ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама.

Акцыя распачалася ў пачатку мая і была прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Удзельнікамі рэгіянальных канцэртаў, што прайшлі ў тры туры, сталі дзеці з 16 інтэрнатаў Мінскай вобласці, а ў фінал трапілі 14 нумароў (каля ста чалавек). Фінальны канцэрт прайшоў 20 мая ў Маладзечанскім Палацы культуры. Па яго выніках былі адзначаны лепшыя з лепшых у намінацыях «Прарыў года», «Крэатыў года», «Паю сэрцам» і «Казачная краіна».

Падчас фінальнага канцэрта збіраліся сродкі на падтрымку анкахворых дзяцей, якія праходзяць лячэнне і рэабілітацыю ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах і на аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі. Акрамя матэрыяльнай дапамогі выхаванцы дзіцячых дамоў падораць анкахворым дзецям сваю ўсмешку і падзеляцца з імі сваімі талентамі: 29 мая ў Бараўлянах пройдзе гала-фестываль.

«Мы, як арганізатары, вельмі рады, што такі праект удалося запусціць, — адзначыў кс. Юрый Санько, дырэктар місіі «Чыстае сэрца». — Радуе, што мэты, якія перад сабой ставілі — аб’яднаць дзяцей з інтэрнатаў Мінскай вобласці — была дасягнута. Наш праект дазволіў заўважыць мноства таленавітых дзяцей і моладзі, нягледзячы на іх парокі і хваробы. Яны адчулі, што іх талент ацанілі, а гэта можна было зразумець па рэакцыі залы (на фінальным канцэрце было каля 850 гледачоў). І, канечне, ажыццявілася галоўная мэта — зрабіць свята і прынесці радасць як самім удзельнікам, так і тым, хто знаходзіцца на лячэнні ў цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах».

Ксёндз Юрый Санько спадзяецца, што такія акцыі стануць традыцыйнымі і з часам змогуць называцца фестывалямі. Верым, што так і будзе. І што кожны з нас, нават у самыя складаныя жыццёвыя сітуацыі ніколі не адвернецца ад тых, каму патрэбна наша дапамога ці проста ўсмешка. А гэтаму нам варта павучыцца ў талентаў чыстых сэрцаў.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.