Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельнікі сустрэчы моладзі ў Івянцы прывіталі рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.07.2013 21:17

27 ліпеня ўдзельнікі Усебеларускай сустрэчы моладзі ў Івянцы сустрэлі рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Моладзь выслухала канферэнцыю «Жыццё і духоўнасць святой Тэрэзы». Пасля пакутнага набажэнства, праведзенага айцамі кармэлітамі, і ўшанавання рэліквій адбылася святая Імша.

Аб жыцці і духоўнасці святой расказаў у канферэнцыі а. Казімір Мараўскі OCD.

Тэрэза, як адзначыў святар, «заразілася прыкладам святасці ад сваіх бацькоў: адносіны ў яе сям’і былі цудоўнымі». Тэрэза «ўзрастала ў атмасферы любові, пабожнасці і сапраўднай свабоды». Жыццё святой не было лёгкім: калі яна была маленькай дзяўчынкай, памерла яе маці.

Тэрэза з дзяцінства хацела быць святой, а з узростам яе прагненне святасці ўзрастала.

Святар нагадаў, што Тэрэза вельмі часта паўтарала: «Езу, я Цябе люблю, Маці Божая, я Цябе люблю, усе святыя Божыя, я вас люблю, Касцёл, я цябе люблю, усе грэшнікі, я вас люблю».

Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку літургіі прысутных яшчэ раз прывітаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Асаблівым чынам вітаю святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус, — сказаў іерарх. — Яе рэліквіі ўжо амаль два месяцы знаходзяцца ў нашай краіне. Сёння ў Івянцы моладзь вітае гэтую адну з самых маладых святых, якая прапануе шлях да святасці, асабліва патрэбны сённяшнім маладым людзям. Касцёл у Беларусі дзякуе Богу праз яе заступніцтва і давярае Яму ўсе нашы справы і патрэбы».

Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч. Святар прывітаў моладзь словамі папы Францішка, з якімі ён звярнуўся да ўдзельнікаў Сусветнага дня моладзі ў Бразіліі: «Я бачу ў вас прыгажосць маладога твару Хрыста, і маё сэрца напаўняецца радасцю!» «Напэўна, нашы біскупы таксама могуць паўтарыць, бачачы вас, што іх сэрцы напаўняюцца радасцю», — сказаў кс. Марціновіч.

«Сёння з намі рэліквіі святой Тэрэзы. Некалі яна казала так: „Калі б Езус здаваў экзамены, то здаў бы ўсе, акрамя аднаго — матэматыкі, бо ў Яго і 1, і 99 маюць аднолькавую каштоўнасць“. Гэта сапраўды так, бо Езус — Добры Пастыр, які заўсёды ідзе шукаць згубленую авечку», — адзначыў святар.

«Тое ж заданне, якое атрымалі апосталы, атрымаў праз хрост кожны з нас, — дадаў кс. Юрый Марціновіч. — Мы сталі хрысціянамі, каб бараніць нашу веру і перадаць яе іншым». Святар прывёў словы Святога Айца, прамоўленыя на сёлетнім Сусветным дні моладзі: «Трэба, каб мы выйшлі на вуліцу, каб Касцёл ішоў вуліцамі».

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся напрыканцы Імшы да моладзі, адзначыў: «Дэвіз сёлетняга Сусветнага дня моладзі ў Бразіліі і нашай сустрэчы ў Івянцы — „Ідзіце і навучайце“. Гэты запавет уваскрослага Хрыста заўсёды актуальны. Кожны малады чалавек павінен актыўна ўключыцца ў справу евангелізацыі. (...) Сённяшні свет асабліва патрабуе адважных сведкаў любові Хрыста». 

Рэліквіі святой Тэрэзы будуць знаходзіцца ў івянецкім касцёле ўсю ноч. Вернікі атрымаюць магчымасць ушанаваць іх і памаліцца.

Анастасія Грышан


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.