Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.03.2014 17:23

13 сакавіка адбылася сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэчу, якая праходзіла ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас Імшы ў межах сустрэчы арцыбіскуп, разважаючы над літургічнымі чытаннямі чацвярга II тыдня Вялікага посту, нагадаў, што яны звяртаюць увагу на тое, што “чалавек павінен мець надзею не ў багаццях і зямных уладах, але ў Богу”. У першым чытанні прарок Ерамія папярэджвае, што той, хто спадзяецца толькі на людзей, будзе як ядловец у стэпе. “Вядома, што ў стэпе дрэвы вельмі сціплыя і не прыносяць плёну. У той жа час чалавек, які спадзяецца на Бога, падобны да пасаджанага над вадою дрэва, якое заўсёды будзе зялёным і пладаносным”, - адзначыў Мітрапаліт.

Па словах іерарха, вынік пакладання надзеі ў чалавеку і багацці або ў Богу прадстаўляе і Евангелле гэтага дня, дзе Езус нагадвае пра лёсы багатага чалавека, які любіў банкеты, і беднага Лазара. Пасля завяршэння іх зямнога жыцця іх чакалі вельмі розныя лёсы: багаты апынуўся ў пекле, а бедны – у небе. Таму, дадаў арцыпастыр, гэтыя чытанні з’яўляюцца таксама вельмі важнымі ў сённяшні час, “калі чалавецтва больш давярае сабе, сваім дасягненням і багаццям, а не Богу”; яны “павінны спрыяць упарадкаванню жыцця чалавека паводле маральных нормаў і захавання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці”.

Мітрапаліт нагадаў таксама, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае першую гадавіну абрання Папы Францішка, які “ў сваім служэнні вельмі вялікую ўвагу звяртае на праблемы беднасці, што існуе ў сучасным свеце”. “Яго адкрытасць, вельмі простыя і зразумелыя казанні, увага да кожнага чалавека, асабліва да бедных і абяздоленых, заслужылі яму павагу сярод веруючых і няверуючых. Нездарма ён быў абраны Чалавекам года і з’яўляецца кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру”, - адзначыў арцыпастыр, дадаўшы, што ў энцыкліцы Папы “Святло веры” і Апостальскай адгартацыі “Радасць Евангелля” выказаны “клопат пра захоўванне веры, якая асвятляе шлях чалавека, і пра радасць з жыцця паводле Евангелля”, і “гэтыя дакументы носяць выразны пастырскі характар”.

“Сёння Папу Францішку Езус, як калісьці святому Францішку, кажа: “Аднаві Мой Касцёл”, - дадаў арцыбіскуп. - Кожны Папа вядзе аднову Касцёла, бо ў кожны час існуюць свае выклікі. У наш час яны вельмі вялікія і небяспечныя, і Папа Францішак мужна праводзіць патрэбныя Касцёлу рэформы, каб ён сапраўды быў евангелізайным па меры выклікаў нашага часу”.

Мітрапаліт заклікаў маліцца ў інтэнцыі Папы Францішка, “каб той, якога паклікаў Хрыстус, умацоўваў нашу веру і даваў свету новую надзею, нават насуперак надзеі”.

У межах сустрэчы адбыліся таксама пастырскія аб’явы. Між іншым, Мітрапаліт засяродзіў увагу прысутных на падзеях перыяду Вялікага посту, у межах якога будуць праводзіцца традыцыйныя велікапосныя набажэнствы – Песні жальбы, Крыжовы шлях, у тым ліку інсцэнізаваны, што пройдзе ў сераду Вялікага тыдня, 16 красавіка, каля касцёла Св. Роха на Залатой Горцы ў 18.30, а таксама рэкалекцыі, удзяленне споведзі хворым, асвячэнне велікоднай ежы ў мінскіх парафіях, якое адбудзецца ў Вялікую суботу.  

Іерарх паведаміў таксама, што ў гэтым годзе тэлетрансляцыя велікоднага набажэнства адбудзецца з віцебскай катэдры.

Мітрапаліт праінфармаваў прысутных, што кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску, прызначаны эканомам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Арцыпастыр распавёў, што адбудзецца агульнабеларуская пілігрымка з усіх дыяцэзій Беларусі на Святую Зямлю на асвячэнне абраза Маці Божай Будслаўскай. Асвячэнне прадугледжана на 28 чэрвеня 2014 г. У пілігрымку вырушыць у агульнай колькасці 1000 чалавек, вылет з Мінска запланаваны на розныя дні, пачынаючы з 21 чэрвеня. Праграма вылетаў і прабыванне на Святой Зямлі распрацавана так, каб 28 чэрвеня ўсе сустрэліся разам у Назарэце.

Наступная пастырская сустрэча, злучаная з Імшой хрызма, пройдзе ў мінскім архікатэдральным касцёле і магілёўскім катэдральным касцёле 17 красавіка.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.