Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пра жыццё ў Божай прысутнасці разважалі свецкія кармеліты на рэкалекцыях у Канстанцінаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.06.2014 12:02

З 30 мая па 1 чэрвеня ў вёсцы Канстанцінава прайшлі рэкалекцыі для Трэцяга Ордэну свецкіх кармэлітаў босых св. Юзафа. Гэтыя духоўныя практыкаванні адбыліся перад важным момантам у жыцці супольнасці: складаннем першых абяцанняў, праз якія свецкія кармэліты імкнуцца да дасканаласці ў духу евангельскіх парадаў — чысціні, убоства і паслухмянасці.

У канферэнцыях айцец-рэкалекцыяніст Пётр Фраштэнга OCD распавядаў аб галоўным героі кнігі Выйсця, Майсеі, пра яго адносіны з Богам, з фараонам, а таксама з выбраным народам, каб нанова адкрыць шлях, які вядзе да навяртання, да вызвалення чалавека ад граху і імкнення знайсці ў жыцці шчасце, крыніца якога знаходзіцца ў Тым, Хто Святы, у Тым, Хто заклікае нас да святасці ў Адзіным Богу.

Падчас гэтай вандроўкі святар пераносіў этапы жыцця Майсея на сферу нашага жыцця, тлумачыў духоўны сэнс гэтых падзеяў. Пры гэтым айцец карыстаўся духоўнай спадчынай святых Кармэлю: св. Тэрэзы ад Езуса і св. Яна ад Крыжа.

Для тых, хто мае намер узрастаць у кармэліцкай духоўнасці, распачынаецца ўнутранная вандроўка, якая мае на мэце адкрыць прысутнасць Бога ў нас. Мы не праходзім каля Бога, мы не ходзім уласнымі шляхамі тут на зямлі, а Бог там дзесьці ў небе — мы ў нейкім сэнсе “зашчэпленыя ў Бога” і перад тым, як прыйшлі ў гэты свет, Бог у сваёй любові задзейнічаў нас у сваіх планах. Ужо нас палюбіў, калі нас яшчэ не было. Паколькі наш пачатак у Богу, то і нашае заканчэнне таксама ў Ім. Важна адкрыць, што мы не знаходзімся ў нейкім вакууме, або ў пустэчы ці бязважкасці. Мы знаходзімся ў Богу і аб гэтай праўдзе нас вучыць св. Ян ад Крыжа. У першым слупку “Духоўнай песні” ён піша: «Чалавеча, ты Мяне шукаеш далёка, дзесьці звонку, ты мучаешся, непакоішся, а Я так блізка, Я ў табе, у тваім сэрцы».

 



Адна з галоўных таямніцаў Кармэлю — жыць і знаходзіцца ў Божай прысутнасці, каб ні на хвіліну Яго не згубіць, каб не забыцца пра Яго. Практыка жыцця ў Божай прысутнасці ў Кармэлі — гэта цэлы працэс, выніку якога не адразу можам дасягнуць. Развіццё, якое душа набывае ў практыцы, не заключаецца ў тым, каб шмат разважаць, але, каб шмат любіць. Канешне, усё распачынаецца ад разважанняў, на пачатку думкі пра Бога з’яўляюцца асноўнымі сярод мноства іншых. А ў пэўны момант Бог становіцца жывой асобай, і тады ўжо Яго не трактуеш як таго, хто толькі вырашае ўсе больш ці менш важныя справы, але Бог з’яўляецца тым, хто побач і гэта пачынае ўсведамляцца. Таму практыка кармэліцкай малітвы на пачатку няпростая, бо час ад часу трэба пакінуць свае абавязкі, розныя справы і прысвяціць час выключна для Бога. Вось чаму ў нашым духоўным жыцці мы так часта адчуваем унутраны неспакой і мітусню. Чалавеку не хапае ўнутранага душэўнага засяроджвання. Сутнасцю ж жыцця ў Божай прысутнасці з’яўляецца тое, што чалавек знаходзіцца з Ім заўсёды і ў кожную хвіліну, ці гэта мае адносіны з іншым чалавекам: мужам, жонкай, дзецьмі, ці гэта мае адносіны з прафесійнай сферай — заўсёды чалавек можа знаходзіцца ў Божай прысутнасці і гэтую прысутнасць адчуваць. Бог для яго той, хто пастаянна побач, у кожнай справе, ва ўсім жыцці. Не зусім правільна Богу выдзяляць час або месца ў нашым жыцці, бо Яму належыць аддаць усё, што да нас належыць, усяго сябе. У гэтым і заключаецца кармэліцкі прынцып жыцця ў Божай прысутнасці.

Ірына Шыцікава
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.