Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскай парафіі Божага Цела адбылося прыняцце членаў Трэцяга Ордэну Кармэлітаў Босых у навіцыят і складанне абяцанняў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.06.2014 15:53

7 чэрвеня, у вігілію Спаслання Духа Святога, у парафіі Божага Цела ў Міснку падчас урачыстай Імшы частка сясцёр з Трэцяга Ордэну Кармэлітаў Босых былі прыняты ў навіцыят, каб жыць духоўнасцю Кармэля, прыняўшы святы шкаплер. Шэраг братоў і сясцёр упершыню склалі абяцанні, выказаўшы Богу сваё “так”.

“Я, сястра Марыя ад Сэрца Езуса, ідучы за ласкаю Духа Святога, адказваючы на Божае пакліканне, шчырым сэрцам абяцаю настаяцелям Ордэну Тэрэзіянскага Кармэлю і вам, мае браты і сёстры, імкнуцца да евангельскай дасканаласці ў духу евангельскіх парадаў - чыстасці, убоства і паслухмянасці, а таксама благаслаўленняў, паводле Канстытуцыі Свецкага Ордэну Кармэлітаў Босых, на тры гады. Сваё абяцанне я з дзіцячым даверам даручаю Найсвяцейшай Дзеве Марыі - Маці і Каралеве Кармэлю”, - так гучаў прыклад абяцання.

У гаміліі а. Пётр Фраштэнга OCD растлумачыў, што канкрэтна азначаюць гэтыя абяцанні: “У статуце жыцця Кармэліцкага Ордену Свецкіх чытаем, што матэрыяй абяцання чыстасці з’яўляецца ўсё тое, што ахоплівае гэтая цнота, згодна са станам жыцця кожнага свецкага кармэліта. Таму абяцанне не пагражае зменай грамадскага стану або немагчымасцю мець дзяцей. Падобна і абяцанне ўбоства не азначае неабходнасці адмаўлення мець ва ўласнасці матэрыяльныя даброты. Тут маецца на ўвазе жыццё ў духу адрачэння і аскезы, а перадусім у надзеі, у даверы Богу і ўнутранай свабодзе. У сваю чаргу матэрыяй абяцання паслухмянасці з'яўляецца тое, што правамоцная ўлада ўскладзе згодна з духам і межамі Статуту жыцця. І будзьце вернымі гэтым абяцанням”.

Святар растлумачыў таксама, хто такія свецкія кармэліты: “Свецкія кармэліты, разам з законнікамі і законніцамі, з'яўляюцца сынамі і дочкамі Ордэну Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль, якая ёсць іх Маці і Сястрой. На знак асаблівай апекі над Ордэнам Найсвяцейшая Панна Марыя падаравала Ордэну і ўсяму Касцёлу святы шкаплер, апранаючы ў яго сваіх дзяцей. Жыць жыццём малітвы і навучаць дарозе малітвы - гэта пасланніцтва, якое Кармэль атрымаў ад св. Тэрэзы ад Езуса і св. Яна ад Крыжа - дактароў Касцёла. Члены Свецкага Ордэну Кармэлітаў Босых - гэта вернікі ў Касцёле, пакліканыя да жыцця ў паслухмянасці Езусу Хрысту праз сяброўства з Тым, пра каго ведаем, што Ён любіць нас, у служэнні Касцёлу. Пад апекай Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль, згодна з інтэнцямі св. Тэрэзы ад Езуса і св. Яна ад Крыжа, а таксама згодна з біблейскай традыцыяй прарока Іллі, яны стараюцца паглыбляць свае хрысціянскія абавязкі, што вынікаюць з хросту”.

Напрыканцы а. Пётр Фраштэнга выказаў пажаданні: “Няхай вашае штодзённае жыццё як свецкіх кармэлітаў будзе напоўнена малітвай, удзелам у Імшы, практыкаваннем малітвы Літургіі Гадзінаў (брэвіярыя). Часта прыступайце да споведзі, фарміруючы такім чынам сваё сумленне і дбаючы таксама пра сваю сувязь з Хрыстом. Памятайце, што ўтвараеце адну сям’ю з усім Кармэлем. Але, перадусім, памятайце пра свае сямейныя абавязкі так, каб ніхто з вашых блізкіх не пацярпеў па прычыне вашай новай прыналежнасці. Бо быць свецкім кармэлітам - значыць служыць Богу, Касцёлу, Ордэну і сям'і. Жадаем вам, каб вы вытрывалі ў пакліканні, атрыманым ад Бога. Беражыце яго, каб яно развівалася ў вас на хвалу Касцёла, Ордэна і нашай Айчыны”.

С. Ірына Шыцікава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.