Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на Імшы ў ХХ Звычайную нядзелю: Бог хоча, каб усе людзі дасягнулі збаўлення
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.08.2014 17:57

17 жніўня 2014 г., у ХХ Звычайную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.

Разважаючы ў гаміліі над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, арцыбіскуп адзначыў, што ў іх увага канцэнтруецца на Божай міласэрнасці – “адзінай надзеі свету”, па словах св. Яна Паўла ІІ. У першым чытанні прарок Ісая нагадвае аб Божай справядлівасці адносна тых, хто жыве справядліва, кажучы, што і чужаземцы, якія давяраюцца Богу, таксама спазнаюць Яго справядлівасць. У другім чытанні з паслання апостала Паўла да Рымлянаў гаворыцца, што і язычнікі спазнаюць Божую міласэрнасць, калі навернуцца да Бога. У Евангеллі распавядаецца, як Езус выслухаў просьбы ханаанскай жанчыны і вылечыў яе дачку ад апантанасці злым духам. Пахваліўшы вялікую веру ханаанскай жанчыны і выбавіўшы яе дачку ад апантанасці, Хрыстус, як адзначыў Мітрапаліт, “яшчэ раз паказаў, што прыйшоў збавіць не толькі Выбраны народ, але і ўсё чалавецтва”.

“Чынячы цуд вызвалення ад злога духа дачкі ханаанкі, Езус як быццам кажа, што ніхто не можа быць выключаны з гісторыі збаўлення, для якога патрэбна вера. Гэта таксама добры ўрок для сучаснага чалавека і хрысціяніна. Мы не можам пазбаўляцца тых, якія не належаць да Касцёла, але шукаюць праўды і Божай дапамогі. Калі мы разам з Езусам увойдзем у сітуацыю тых, якія знаходзяцца ў патрэбе і шчырым сэрцам шукаюць Бога, якога дасюль не ведаюць, то ўбачым тое, чаго Бог чакае ад нас, - а менавіта дапамагчы гэтым людзям Яго знайсці”, - дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Мы таксама не маем права казаць іншым, што ў нас ёсць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што ў іх душы няма Бога. Вельмі сумна, калі хрысціяне розных веравызнанняў абвінавачваюць адзін аднаго ў тым, што яны не сапраўдныя хрысціяне, - звярнуў увагу арцыпастыр. - Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што і іншыя хрысціянскія супольнасці не пазбаўлены значэння і вагі ў таямніцы збаўлення. Асабліва гэта адносіцца да Праваслаўнай Царквы, у якой ёсць усе сродкі для збаўлення. Сабор заклікае да прызнання, захоўвання і падтрымкі тых духоўных, маральных і сацыяльна-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў нехрысціянскіх рэлігіях. Часамі нам, хрысціянам, неабходна вучыцца ў іх”.

Па словах іерарха, “Божая міласэрнасць бязмежная, і Бог вызначае шляхі збаўлення кожнаму чалавеку і кожнаму народу”; “мы не павінны замыкацца ў сваім уласным каталіцкім гетта - нам неабходна клапаціцца аб абвяшчэнні Евангелля ўсім людзям, каб Божая міласэрнасць дасягнула іх як мага хутчэй”.

Мітрапаліт падкрэсліў, што “Бог хоча, каб усе людзі дасягнулі збаўлення”, і заахвоціў вернікаў, “беручы прыклад з ханаанскай жанчыны, не пераставаць прасіць дапамогі ў Бога” і “даверыць сябе, свае лёсы і лёсы нашай краіны Божай міласэрнасці”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.