Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Евангелізацыя і беларускі патрыятызм: Апостальскі Нунцый акрэсліў задачы новага біскупа для Магілёўшчыны
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.06.2015 19:25

Прадстаўнік Святога Айца Апостальскі Нунцый aрцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуўся да прысутных у мiнскай архікатэдры 9 чэрвеня з цёплай прамовай з нагоды прызначэння прэзбітэра Аляксандра Яшэўскага, члена Салезіянскай Кангрэгацыі, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Вы ведаеце, што Папа Францішак з асаблівай сімпатыяй ставіцца да Беларусі, і што ён запусціў машыну, якая штампуе біскупаў, і дала ўжо свае вынікі. Сёння мы дадаем да раней абвешчаных яшчэ аднаго», — сказаў Нунцый на пачатку прамовы.

Калі Апостальскі Нунцый абвясціў камунікат пра прызначэнне ксяндза Яшэўскага дапаможным біскупам, прысутныя адказалі гучнымі воплескамі. Пасля прадстаўнік Пантыфіка асабіста павіншаваў біскупа наміната і надзеў яму на галаву сваю піуску.

«Новыя біскупы — не толькі знак любові Папы да Касцёла ў Беларусі, але і сведчанне таго, што гэты Касцёл узрастае, павялічваецца, за што мы ўсе павінны падзякаваць Богу», — дадаў Апостальскі Нунцый.

Арцыбіскуп Гуджэроцці таксама падзякаваў беларускім біскупам і асабіста згадаў кардынала Казіміра Свёнтка і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, адзначыўшы іх працу ў адраджэнні Касцёла пасля атэістычнага тэрору СССР. Таксама іерарх падзякаваў сям'і Яшэўскіх і салезіянскай супольнасці за тое, што выхавалі новага біскупа.

«У Беларусі нялёгка знайсці кандыдатаў на новага біскупа, найперш таму, што ваш Касцёл вельмі малады, але гэта і вашае шчасце», — зазначыў прадстаўнік Папы.

Апостальскі Нунцый паведаміў, што асабіста ўзначаліць цэлебрацыю біскупскага пасвячэння ад імя Святога Айца 27 чэрвеня, каб падкрэсліць значэнне менавіта беларускага Касцёла.

«Заданне Яго Эксцэленцыі біскупа Аляксандра будзе вельмі канкрэтным і вельмі адказным... Па просьбе арцыбіскупа ён быў прызначаны дапаможным біскупам менавіта для Магілёўшчыны. Гэта тая зямля, якая калісьці даўно была вельмі славутая каталіцкай прысутнасцю на ёй. І зараз мы маем заданне адрадзіць гэтую прысутнасць», — сказаў Нунцый.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці распавёў пра гісторыю Магілёўскай архідыяцэзіі ў ХІХ і ХХ стагоддзях, пра тое, як мясцовыя біскупы змагаліся супраць антыхрысціянскай прапаганды і былі вымушаныя цярпець пераслед за сваю вернасць Касцёлу, калі Беларусь была акупаваная Расійскай імперыяй і СССР.

«Аднак гэтая намінацыя - не толькі нейкая настальгія і жаль за слаўнае мінулае, але таксама адказ на душпастырскія патрэбы гэтага рэгіёну. 185 кіламетраў, якія аддзяляюць Магілёў ад Мінска, з'яўляюцца вялікай складанасцю для біскупа, які мусіць рэгулярна бываць там... І цяпер надышоў час, калі там, на месцы, будзе заўсёды прысутнічаць той, у кім можна будзе бачыць аблічча самога Езуса Хрыста», — дадаў Нунцый.

Пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча новы біскуп будзе дапамагаць каталіцкім супольнасцям Магілёўшчыны, каб рэлігійнае жыццё там узрастала, уздымалася і ўмацоўвалася.

«Таксама неабходна дапамагчы гэтым людзям адкрыць свае карані, сваё нацыянальнае паходжанне, каб яны таксама адчувалі сябе ўкаранёнымі ў сваю беларускую глебу. У той жа час падтрымліваючы адносіны павагі з суседскімі славянскімі народамі, з уладамі Праваслаўнай Царквы, з усім палітычным, эканамічным і культурным асяроддзем Магілёўшчыны», — акрэсліў абавязкі новага дапаможнага біскупа Нунцый.

Прызначэнне новага біскупа — не канец, але новая магчымасць далейшых, на перспектыву, крокаў да ўмацавання каталіцкай прысутнасці на гэтай зямлі, якая ёй зусім не чужая, сказаў прадстаўнік Папы.

«Дарагія мае, Касцёл расце, нават калі мы не заўважаем гэтага... І мы са здзіўленнем і з удзячнасцю можам бачыць, як Слова апярэджвае нас у гэтай вялікай справе евангелізацыі. Мы павінны быць сціплымі, але моцнымі, адказнымі і рашучымі супрацоўнікамі ў справе распаўсюджвання Божага Слова», — нагадаў арцыбіскуп пра неабходнасць заўсёды памятаць пра рэальнасць Божай дапамогі і захоўваць надзею і веру ў справу Касцёла.

«Я ўпэўнены, што Вашае сэрца будзе біцца ў салезіянскім рытме да апошняга ўдару», — сказаў пад воплескі прысутных напрыканцы прамовы Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да біскупа наміната.

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.