Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску пачаўся беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.04.2016 18:25

10 красавіка ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску пачаўся працэс беатыфікацыі свядомага беларуса, грамадска-палітычнага, культурнага дзеяча і дабрачынцы пач. ХХ стагоддзя Эдварда Вайніловіча.

На першую сесію беатыфікацыйнага працэсу, якая праводзілася публічна, у Чырвоны касцёл завіталі вернікі з усёй Беларусі і госці з-за мяжы. На пачатку адбылася святая Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Узрадуемся і ўзвесялімся, бо сёння пачынаецца доўгачаканы беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча. Молячыся ў сваіх інтэнцыях, а таксама ў інтэнцыях Касцёла ў Беларусі, асабліва нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 25-годдзе адраджэння якой мы адзначаем у гэтыя дні, мы молімся таксама аб паспяховым працэсе беатыфікацыі нашага земляка, каб як мага хутчэй мы мелі нябеснага заступніка. Каб мелі таго, які з дому Нябеснага Айца будзе за нас маліцца і нас благаслаўляць», – прывітаў прысутных на пачатку Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх нагадаў некаторыя моманты з біяграфіі Эдварда Вайніловіча, падкрэсліўшы яго асаблівы ўнёсак у справу адраджэння веры ў Беларусі.

«Ён быў сынам сваёй зямлі. У часы царскай Расіі ён захаваў сваю хрысціянскую ідэнтычнасць. Не адмовіўся ад сваёй веры», – заўважыў Мітрапаліт.

Арцыпастыр падкрэсліў, што Чырвоны касцёл, пабудаваны Эдвардам Вайніловічам, сёння, як і ў пачатку ХХ стагоддзя, з’яўляецца каменным сведкам веры і візітнай карткай горада.

«Нават калі ў часы ганенняў ён выкарыстоўваўся для свецкіх мэтаў, то сваім выглядам заклікаў чалавека задумацца аб духоўным. Калі было забаронена абвяшчаць Евангелле, гэта рабіў Чырвоны касцёл. На яго прыкладзе спраўдзіліся словы Хрыста: “Калі вы будзеце маўчаць, то будуць прамаўляць камяні”», – адзначыў арцыбіскуп.

Працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча – першы ў гісторыі, які праводзіцца на беларускіх землях. Раней беатыфікацыйныя і кананізацыйныя працэсы выхадцаў з Беларусі адбываліся за мяжой.

Гэта, па словах Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, знак таго, што Касцёл у Беларусі дастаткова ўмацаваўся, каб узяцца за такую справу, як працэс беатыфікацыі.

Знамянальным для Касцёла іерарх назваў і той факт, што працэс беатыфікацыі супаў з Юбілейным Годам Божай Міласэрнасці, і яго распачацце, па словах арцыбіскупа, – «вялікі дар Божай Міласэрнасці».

Пасля святой Імшы пачалася сесія адкрыцця беатыфікацыйнага працэсу. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч разам з духавенствам і вернікамі памаліўся да Духа Святога аб плённым правядзенні даследавання жыцця Эдварда Вайніловіча.

У склад беатыфікацыйнага трыбуналу ўвайшлі пастулятар працэсу кс. Андрэй Сцомбэр, канцлер курыі, натарыус кс. Дзмітрый Пухальскі, віцэ-пастулятар працэсу кс. Раман Факсінскі, дэлегат біскупа кс. Дзмітрый Барыла, прамотар справядлівасці а. Пётр Фраштэнга OCD. Узначаліў трыбунал Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Канцлер курыі кс. Дзмітрый Пухальскі зачытаў прысутным інфармацыю аб прызначэнні беатыфікацыйнага трыбуналу, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручыў членам трыбуналу дэкрэты.

Таксама канцлер зачытаў дэкрэт прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэло Амато. Затым кс. Раман Факсінскі, віцэ-пастулятар працэсу, звярнуўся да Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і членаў трыбуналу з просьбай распачаць беатыфікацыйны працэс і яшчэ раз нагадаў прысутным кароткую біяграфію Эдварда Вайніловіча.

Узгадаўшы асноўныя падзеі з жыцця кандыдата, члены трыбуналу склалі прысягу, якую падпісалі пад урачысты спеў хору.

«Да Слугі Божага Эдварда можна смела аднесці словы Святога Пісання: “Справядлівы будзе жыць у памяці вечна…” Пачатак беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага Эдварда Вайніловіча – гэта не што іншае, як адкрыццё Паўсюдным Каталіцкім Касцёлам дзвярэй, каб Ён прыйшоў да нас, а мы да яго ў нашых жыццёвых патрэбах, дзякуючы веры, добрым учынкам і любові Бога і бліжняга», – заўважыў у сваім слове пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Святар падзякаваў Богу за ласку распачацця такога працэсу, выказаў падзяку Кангрэгацыі па справах Кананізацыі і ўсім вернікам і духавенству за прысутнасць і духоўную падтрымку.

Радасць ад распачацця беатыфікацыйнага працэсу Эдварда Вайніловіча перадаў арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш.

«Спадзяюся, што Слуга Божы Эдвард Вайніловіч, якога вельмі шануюць у Мінску, паспрыяе ўзрастанню пабожнасці і святасці вернікаў Касцёла ў Беларусі, а асабліва ў Мінску», – заўважыў кардынал у сваім лісце, які агучыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Адбылася малітва ў інтэнцыі беатыфікацыі. Пасля пастырскага благаслаўлення Мітрапаліта вернікі прайшлі ў працэсіі да месца пахавання Эдварда Вайніловіча ў крыпце Чырвонага касцёла.

«Браты і сёстры, цяпер крок за намі. Маліцеся ў інтэнцыі беатыфікацыі Слугі Божага Эдварда Вайніловіча», – заахвоціў кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Маліцца аб беатыфікацыі гэтага слаўнага дабрачынцы і грамадска-палітычнага дзеяча можна ўжо зараз спецыяльнай малітвай.

Праз заступніцтва фундатара мінскага касцёла свв. Сымона і Алены можна складаць Богу ўсе свае просьбы. Аб усіх выслуханых просьбах і пачутых малітвах важна паведаміць у Чырвоны касцёл.

Цуды, якія могуць адбыцца праз заступніцтва Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, будуць канчатковым аргументам для яго беатыфікацыі.

Марына Валасар,

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.