Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Нясвіжы прайшло набажэнства для паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.10.2016 09:51

29 кастрычніка, напярэдадні свята св. Губерта, у парафіі Божага Цела ў Нясвіжы адбылося набажэнства для паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Душпастырства існуе ў дыяцэзіі ўжо пяць гадоў.

Набажэнства, у якім прынялі ўдзел каля 80 чалавек, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які знаходзіўся ў Нясвіжы на пастырскай візітацыі. Іерарх адзначыў асаблівасць Нясвіжа і яго паляўнічых традыцый, уласцівых радзівілаўскаму роду, які калісьці валодаў гэтымі землямі.

«Свята апекуна паляўнічых св. Губерта ў гэтым горадзе павінна паспрыяць адраджэнню старых паляўнічых традыцый, якія перш за ўсё былі накіраваны на адпачынак і захапленне прыгажосцю створанай Богам прыроды», — адзначыў Мітрапаліт.

У прамове арцыпастыр прыгадаў спосаб палявання на малпаў у Афрыцы, калі малпа трапляе ў пастку, не жадаючы адпусціць прынаду ў выглядзе апельсіна. Іерарх заўважыў, што непамяркоўнае імкненне да матэрыяльных каштоўнасцяў і прывязанасць да іх робіць нас іх нявольнікамі.

Тэкт прамовы цалкам тут››

«Што казаў бы чалавек, які любіць звяроў, бачачы, што да малпы падыходзяць паляўнічыя? Напэўна, ён крычаў бы: “Пакінь апельсін і хутчэй уцякай”. Гэта якраз тое, што Езус кажа багатаму маладому чалавеку, які з аднаго боку хоча быць дасканалым, каб дасягнуць вечнага жыцця, а з іншага не ўмее адмовіцца ад багаццяў, якія становяцца для яго новым богам».


Паводле слоў арцыпастыра, евангельскі малады чалавек «падобны да той малпы, якая толькі і думае пра апельсін, нягледзячы на тое, што яе жыццё знаходзіцца ў небяспецы».

Што такое «Евангелле дабрабыту»?

Іерарх адзначыў, што імкненне да багацця з’яўляецца «ідэалогіяй матэрыялізму», галоўная ідэя якой заключана ў тым, што жыццё не мае сэнсу без матэрыяльных каштоўнасцяў.


Прыгадваючы спосаб палявання на ваўкоў эскімосамі, калі неразумная жывёліна на марозе пачынае лізаць аголенае лязо нажа, Мітрапаліт дадаў, што многія сёння жывуць так, як гэты воўк:

«Калі воўк пачуе запах крыві, то падыходзіць да прынады і пачынае яе лізаць. З часам ён ліжа ўсё хутчэй і хутчэй, пакуль лязо нажа не агаліцца. На марозе ён не заўважае, што нож пачынае рэзаць яго язык і ён ужо п’е сваю кроў. Яго воўчы апетыт не можа задаволіцца тым, што мае.

Многія, асабліва маладыя людзі, паляць цыгарэты, п’юць алкаголь, прымаюць наркотыкі, пачынаюць неўпарадкаванае сексуальнае жыццё па той самай прычыне, што і воўк пачынае лізаць лязо нажа. На пачатку ўсё здаецца бяспечным і прыемным, але з часам не задавальняе, і яны патрабуюць усё больш і больш і такім чынам трапляюць у залежнасць, з якой цяжка выйсці».


У завяршэнне набажэнства Мітрапаліт пажадаў прысутным устрымлівацца ад «воўчага апетыту» і сцерагчыся ад пастак «Евангелля дабрабыту».

«Няхай наша сённяшняя малітва і прыклады з жыцця паляўнічых сцерагуць нас ад траплення ў расстаўленыя намі самімі пасткі "Евангелля дабрабыту", а таксама ад амаральнага воўчага апетыту, каб мы маглі жыць сапраўднай верай, без якой няма збаўлення», — сказаў арцыбіскуп.

(DN), (IL)
фота кс. Антонія Клімантовіча

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.