Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл у мінскім парку «Катоўка»: каментарый спецыяліста
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.11.2016 15:22

Старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч у каментарыі Catholic.by выказаў сваё меркаванне адносна будаўніцтва ў парку «Катоўка» каталіцкай святыні.

Перадгісторыя

Мінская парафія Святых апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно атрымала дзяржаўны дазвол на будаўніцтва касцёла. Пляцоўка, якую вызначыла дзяржава пад будаўніцтва, знаходзіцца ў так званым Селгаспасёлку ў месцы, названым скверам ці паркам «Катоўка».

Тэрыторыя зялёных насаджэнняў — 3 гектары. Надзел, ведзелены парафіі, складае прыкладна 10 працэнтаў ад агульнай плошчы, а сам касцёл зойме прыкладна 1,5 працэнта тэрыторыі. Прыкасцёльная тэрыторыя будзе адкрыта для наведвання на працягу дня для ўсіх, а не толькі для вернікаў.

Паводле зацверджанага «Зелянбудам» праекта, перад будаўніцтвам трэба будзе выкапаць 49 дрэў, замест якіх у іншым месцы будуць пасаджана 56 новых.

Гэтым пытаннем, аднак, занепакоены некаторыя мясцовыя жыхары, якія выступаюць супраць выкопвання дрэваў.

Catholic.by папрасіў пракаментаваць сітуацыю старшыню ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антона Астаповіча.

— «Катоўка» і без касцёла будзе забудавана. Святое месца, як у народзе кажуць, пустым не бывае. А ў горадзе, які перажывае імклівыя ўрбаністычныя працэсы, незабудаваныя тэрыторыі засвойваюцца вельмі хутка. Часта нават ахоўныя рэгламенты іх не выратоўваюць.

Спачатку ўносіцца карэкціроўка ў генплан або ў праект дэтальнага планавання, змяняецца функцыянальнае прызначэнне тэрыторыі і — будоўля пайшла.

Такім чынам, будзе там ці жылая забудова, ці гандлёвы цэнтр, але «Катоўкі» так званай усё роўна не будзе ў перспектыве.

Калі ўлады адмовяць парафіі ў вылучанай пляцоўцы, то перспектыва пабудовы касцёла адсунецца на нявызначаны тэрмін. Не так проста ў горадзе з надзеламі пад забудову, тым больш, калі заяўнікам з’яўляецца Касцёл.

Catholic.by: Якія Вашыя заўвагі да тых прэтэнзій, якія выказваюцца адносна легальнасці будаўніцтва ў скверы?

А. А.: Петыцыя нязгодных з будаўніцтвам у Катоўцы касцёла абапіраецца на нарматыўна-прававыя, тэхнічныя і горадабудаўнічыя дакументы, якія даўно не дзейнічаюць.

Зараз дзейнічае генплан, зацверджаны ў 2016-м. Спасылаюцца на генплан 2003 года. Пагадзіцеся, трохі дзіўна. Тое ж і з палажэннем аб грамадскім абмеркаванні, зацверджаным у 2006-м Мінгарвыканкамам, хаця з 2011-га дзейнічае палажэнне, зацверджанае Саўмінам, куды ў 2014-м былі ўнесены змены і дапаўненні… Не буду далей аналізаваць, бо і адной маніпуляцыі ў петыцыі дастаткова, каб не звяртаць увагі на ўвесь дакумент.

Рэакцыя жыхароў навакольных кварталаў таксама заканамерная. У Мінску сітуацыя з землевылучэннем пад будаўніцтва, як і з інвестпраектамі, рэдка з'яўляецца празрыстай, таму любыя дзеянні выканкама людзьмі ўспрымаюцца з асцярогай, а часта і ў штыкі.

Catholic.by: Якія Вашы думкі адносна сітуацыі, якая ўзнікла ў сувязі з будаўніцтвам каталіцкай святыні ў мінскім скверы «Катоўка»?

А.А.: Шчыра кажучы, я асабіста не бачу вялікай трагедыі, менавіта трагедыі таго маштабу, як падаюць нашы «зялёныя». Нічога страшнага няма, калі частка тэрыторыі так званага парку «Катоўка» будзе занята касцёлам і добраўпарадкаванай побач тэрыторыяй.


Тым больш, што на гэтай тэрыторыі растуць таполі — малакаштоўная парода дрэваў, якія да таго ж з’яўляюцца ўзнаўлямым рэсурсам. Таму для мяне ўсё гэтае змаганне — проста дзея дзеля дзеі.

(red)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.