Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч на аплаткавай сустрэчы з супрацоўнікамі «Карытас»: «8 благаслаўленняў — маральны кодэкс кожнага хрысціяніна»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.12.2016 19:07

16 снежня ў Ляскоўцы адбылася аплаткавая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага з супрацоўнікамі і валанцёрамі «Карытас». Аплаткавай сустрэчы папярэднічала святая Імша, якую ўзначаліў іерарх.

У пачатку сваёй гаміліі арцыпастыр адзначыў, што сустрэча ў Ляскоўцы — гэта добрая магчымасць «напрыканцы года ацаніць працу дабрачынных арганізацый Беларусі і перажыць радасны час чакання прыйсця Пана разам».

«Езус прыходзіць і мы як супрацоўнікі дабрачыннасці павінны дапамагчы, каб Ён сваёю ласкай нарадзіўся ў душах тых, хто знаходзіцца на перыферыі жыцця, хто хворы і калека, хто пакрыўджаны лёсам і г.д., — зазначыў іерарх. — Яны таксама людзі і таксама маюць права, як усе іншыя, радавацца надыходзячым святам».

Распавядаючы гісторыю, у якой багач, чакаючы Хрыста, тры разы праганяў бедняка, які стукаў у яго дом, Мітрапаліт нагадаў, што такія гісторыі з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што ў беднай і патрабуючай асобе трэба бачыць Езуса.

«Дзверы міласэрнасці нашага сэрца павінны заставацца шырока адчыненымі, пра што нагадвае нам папа Францішак у Апостальскім пасланні Misericordia emiseria (“Міласэрнасць і беднасць”)».

Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што справа міласэрнасці мае сацыяльны характар, і таму неабходна вучыцца культуры міласэрнасці і яе развіваць.

«Езус кажа, што бедных мы будзем мець заўсёды, і таму заўсёды неабходна быць гатовымі для служэння ім па прыкладу Хрыста», — нагадаў арцыпастыр.

Тэкст гаміліі цалкам глядзіце ТУТ››

Іерарх зазначыў, што праблема справядлівасці застаецца актуальнай заўсёды, таксама і ў наш час: «У сучасным свеце шмат гаворыцца пра неабходнасць захавання прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці і салідарнасці паміж народамі. Аднак у той жа час як не было справядлівасці, так і няма далей, што вядзе да сацыяльнай напружанасці».

Як дадаў Мітрапаліт, сацыяльная несправядлівасць, якая існуе і расце ў многіх краінах свету, з’яўляецца крыніцай нестабільнасці і пагражае новымі канфліктамі.

«Таму, выходзячы насустрач патрэбам патрабуючых, мы не толькі дапамагаем ім у вырашэнні іх праблем, але і спрыяем захаванню кансалідацыі грамадства», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Мір можна збудаваць толькі на прынцыпах Евангелля»

«Гісторыя, аднак, паказала, што войны і таталітарныя рэжымы не спрыяюць будаванню міру. Яго можна збудаваць толькі на прынцыпах Евангелля», — зазначыў арцыпастыр.

«Езус заклікае любіць бліжняга і захоўваць прынцып сацыяльнай справядлівасці. Яго славутае казанне на гары пра 8 благаслаўленняў — гэта маральны кодэкс кожнага хрысціяніна», — падкрэсліў іерарх.

Стагоддзе таму, як прыгадаў Мітрапаліт Кандрусевіч, упэўнены ў вайсковай моцы нямецкі канцлер Вільгельм Кайзер казаў, што на базе васьмі благаслаўленняў не будуецца трывалы супакой.

«Сёння, калі з кожным днём сацыяльна-палітычная сітуацыя ў свеце ўскладняецца, “Карытас” павінен быць будаўніком культуры міласэрнасці і сацыяльнай справядлівасці, каб наша зямля была Бэтлеемам нашага часу», — заключыў арцыбіскуп.


(DN), (IL)

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.