Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў Імшу за ахвяраў катастрофы расійскага ваеннага самалёта
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.12.2016 19:30

«Хрысціянства — гэта не толькі радасць, але і цярпенні, якія, аднак, вядуць да вечнай радасці», — нагадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы 26 снежня, у свята святога Стэфана, першамучаніка. Падчас літургіі маліліся за ахвяраў катастрофы расійскага ваеннага самалёта, крушэнне якога адбылося раніцай 25 снежня пад Сочы.

«Хрыстус сказаў: калі Яго пераследуюць, то і вызнаўцаў Ягоных таксама будуць пераследаваць. Уся гісторыя хрысціянства пацвярджае гэта. І наша краіна яшчэ добра памятае эпоху жорсткага пераследу веры ў часы ваюючага атэізму», — адзначыў арцыпастыр у гаміліі.

Як нагадаў іерарх, сведчанне святога Стэфана было такім моцным, што ніхто не мог супрацьстаяць яму. Гэта стала прычынай таго, што ён быў укаменаваны.

«Пратаганістамі сцэны забойства св. Стэфана з’яўляюцца яго духоўныя супернікі, якія палалі на яго гневам і скрыгаталі ад злосці зубамі. Яны вывелі яго за горад і ўкаменавалі. Яшчэ адным пратаганістам з’яўляецца сам Стэфан, які бачыў адкрытае неба і прасіў Езуса прыняць яго дух і не лічыць граху тым, хто яго камянуе. Трэцім пратаганістам з’яўляецца юнак Саўл, які пільнаваў адзенне тых, хто каменаваў Стэфана.

Кожны з іх запісаўся ў гісторыю. Супернікі Стэфана засталіся ў ёй як тыя, хто ўзненавідзеў Хрыста. Стэфан — як той, хто па прыкладу Езуса, да канца даверыўся Богу і прасіў Яго аб дараванні грахоў злачынцам. І нарэшце, Саўл, вядомы сваім жорсткім пераследам хрысціянаў, які потым стаў апосталам Хрыста, самым вялікім місіянерам», — адзначыў Мітрапаліт.  

«Калі мы жадаем дасягнуць Божага Валадарства, то павінны ўзяць крыж нашага жыцця і ісці за Хрыстом так, як гэта ўчыніў святы Стэфан», — падкрэсліў іерарх, указваючы на тое, як чалавек можа наследаваць святога Стэфана.

«Езус не ўтойваў ад сваіх вучняў, што іх чакае, калі яны будуць ісці за Ім», — дадаў арцыбіскуп.

Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на свята св. Стэфана, дыякана і мучаніка

«Мы не вельмі ахвотна ўспрымаем заклік Хрыста несці крыж нашага штодзённага жыцця. Але трэба памятаць пра тое, што калі мы будзем несці яго разам з Хрыстом, то ён стане для нас крыжом збаўлення, падобна як стаў для святога Стэфана. Імя Стэфан азначае дыядэму, вянок, карону, якую ён сапраўды атрымаў у Божым Валадарстве, — адзначыў іерарх. — Пане Езу, Тваё прыйсце ў гэты свет у чалавечым целе з мэтай збавіць нас ад грахоўнага рабства, нясе нам радасць і надзею нават сярод цяжкасцяў і жыццёвых выпрабаванняў... Дапамажы нам, па прыкладу св. Стэфана, дыякана і мучаніка, несці наш штодзённы крыж, умацуй нашу веру, надзею і любоў, дай мужнасць не пахіснуцца, а спаўняць тваю волю».

(DN), (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.