Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч падчас св. Імшы на заканчэнне 2016 года: папросім у Бога благаслаўлення на будучыню
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.01.2017 03:58

31 снежня, у апошні вечар года, у мінскай архікатэдры па традыцыі адбылася святая Імша. Падчас эўхарыстычнай літургіі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, прысутныя дзякавалі Богу за адыходзячы год і прасілі благаслаўлення на новы.

«Ужо зусім хутка гадзіннік на мінскай ратушы, бой якога мы добра чуем у нашай катэдры, абвесціць, што 2016 Год Пана стаў здабыткам гісторыі і распачаўся Новы — 2017», — адзначыў на пачатку гаміліі арцыпастыр.

Іерарх, заклікаючы прысутных быць удзячнымі Богу за ўсё, што было ў 2016 годзе, узгадаў асноўныя падзеі ў ім:

«Перадусім гэта быў час Надзвычайнга Юбілею Божай Міласэрнасці з магчымасцю кожны дзень атрымаць поўны адпуст у юбілейных святынях. (...) Адыходзячы год быў таксама годам святкавання сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Галоўныя Юбілейныя ўрачыстасці, якія прайшлі ў Будславе 1–2 ліпеня, былі ўзбагачаны прысутнасцю спецыяльнага пасланніка папы Францішка кардынала Крыстафа Шонбарна».

«У адыходзячым годзе мы таксама перажывалі XXXI Сусветны Дзень Моладзі, які праходзіў у Кракаве. Гэта была сапраўдная маніфестацыя веры маладых людзей у прыцемках яе крызісу. Пяць тысяч маладых людзей з Беларусі разам з двума мільёнамі ўдзельнікаў гэтага моладзевага форуму ўслухоўваліся ў голас Пятра нашага часу, папы Францішка, і маліліся разам з ім, каб умацаваць сваю веру і быць яе сведкамі, асабліва праз учынкі міласэрнасці», — дадаў арцыпастыр.

У 2016 годзе таксама распачалася падрыхтоўка да святкавання Юбілею 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў, якое прыпадае на май 2017 года.

«На заканчэнне 2016 года мы таксама павінны зрабіць рахунак сумлення, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Ці заўсёды мы былі верныя вучэнню Евангелля і ці належным чынам выкарысталі прадстаўленыя нам Божым Провідам магчымасці ўмацавання нашай веры і яе сведчання ў сучасным свеце?

Просім прабачэння ў Цябе, Божа, за ўсялякае зло, якое ўчынілі, за нявернасць нашаму хрысціянскаму пакліканню і адсутнасць сведчання, а таксама за нявыкарыстаныя магчымасці!»

Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча пачас св. Імшы ў вігілію Новага 2017 года.

«І нарэшце, сённяшняе набажэнства — гэта вельмі добрая нагода прасіць у Бога благаслаўлення на будучыню. Мы хочам жыць шчасліва. Гэта натуральна і зразумела. Аднак ці заўсёды мы разумеем, у чым праўдзівае шчасце? Нярэдка пад ім мы разумеем уладу, багацце, задавальненні... Пры гэтым мы часта забываем, што ўсё гэта мінае, — працягваў іерарх. — У новым годзе Бог дае нам новыя магчымасці. Нам неабходна мудра іх выкарыстоўваць. Нельга дапусціць, каб мы захапіліся справамі, якія разыходзяцца з Божым законам».


(DN), (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.