Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр здзейсніў візіт у Магілёў (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.02.2017 08:32

4–5 лютага Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр прабываў з візітам у Магілёве. Гэта быў першы візіт прадстаўніка Святога Айца па-за межамі сталічнага рэгіёна.

У першы дзень візіту арцыбіскуп Габар Пінтэр прыняў удзел у пастырскай сустрэчы з духавенствам і кансэкраванымі асобамі Магілёўскай часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Акрамя біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB у сустрэчы прымаў удзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які выступіў з дакладам на тэму святарскага служэння і прыгадаў гісторыю Касцёла на магілёўскай зямлі.

Апостальскі Нунцый звярнуўся да духавенства і кансэкрваных асобаў з прывітальным словам і падкрэсліў, што яго візіт не з’яўляецца кантролем дзейнасці мясцовага Касцёла.


«Гэтая святыня быццам сама запрашае зачэрпнуць вопыт шматвекавой традыцыі і адданай душпастырскай працы вашых папярэднікаў на ніве Пана», — звярнуўся да духавенства арцыбіскуп Габар Пінтэр.

«Я прыехаў сюды не для таго, каб вас вучыць, але каб перш за ўсё лепш і асабіста пазнаёміцца з вамі, каб мець магчымасць пазнаць вашу працу, тую рэчаіснасць, у якой знаходзіцеся, каб разам паглядзець на планы, якія ставіце перад сабой, і каб проста мець магчымасць раздзяліць вашы радасці і трывогі. Прашу вас не разглядаць гэты візіт, як кантроль, але як айцоўскі візіт, як бачную лучнасць са Святым Айцом. Спадзяюся, што гэты час будзе плённым для разпазнання Божай волі адносна жыцця Касцёла ў магілёўскай частцы Мінска-Магілёускай архідыяцэзіі і магчымасцю лепшага пазнання адзін аднаго», — падкрэсліў нунцый.

Затым прадстаўнік Святога Айца ўзначаліў святую Імшу і прамовіў гамілію.

«Усё нашае жыццё складаецца з сустрэч. ... Кожная з іх з’яўляецца непаўторнай магчымасцю для нашага жыцця. На пачатку сённяшняй літургіі мы чулі, што Езус, прынесены Юзафам і Марыяй у святыню, сустрэўся са сваім народам, які так доўга чакаў Яго. Каб сустрэча адбылася, перш за ўсё неабходна, каб было жаданне сустрэцца зараз, як мага хутчэй. Сімяон “чакаў суцяшэння Ізраэля”. Гэта было яго адзіным прагненнем. Можам спытацца ў саміх сябе: “Я сапраўды жадаю сустрэцца з Богам?”» — звярнуўся да прысутных іерарх.

«Сённяшняе свята — гэта таксама свята святла. Спеў Сімяона абвяшчае Езуса як “…святло для асвятлення народаў”, як таго, хто да краёў напоўніў яго жыццё. Пасля гэтай сустрэчы ён гатовы пакінуць гэты свет, бо знайшоў таго, каго шукаў. Вось прыклад паўнаты шчасця, паўнаты жыцця. Вось адказ для “вечна незадаволеных”, “вечна разчараваных”, хто ў пошуку шчасця жадае паспрабаваць усе яго сурагаты, але не прымае святло, якое можа яго напоўніць. Святло Хрыста на прамую звязана з Яго ахвярай на крыжы. Менавіта на крыжы Ён становіцца Валадаром Сусвету», — дадаў Апостальскі Нунцый.

«Сучасныя людзі моцна баяцца ахвяры, але без яе нічога добрага, сапраўднага, прыгожага не дасягнеш. ... Ахвяраванне Пана запрашае нас не баяцца ахвяроўваць нашае жыццё, перажываць гэтую ахвяру разам з Богам, знаходзіць у сустрэчы з Ім святло і моц, каб ужо цяпер жыць паўнатою жыцця», — заключыў іерарх.

Пасля Эўхарыстычнай літургіі адбыўся прыём у памяшканнях катэдры, падчас якога нунцый пазнаёміўся з духавенствам і кансэкраванамымі асобамі Магілёва і Магілёўскай вобласці.

У першы дзень візіту прайшла таксама сустрэча з Уладзімірам Даманеўскім, старшынёй Магілёўскага аблвыканкама, і іншымі прадстаўнікамі мясцовай дзяржаўнай улады.

Падчас сустрэчы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB паведаміў, што ў міжнародным фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», які традыцыйна праходзіць у Магілёве і сёлета адбудзецца ў канцы чэрвеня або пачатку ліпеня, можа прыняць удзел знакаміты хор папскай Сікстынскай капэлы.


У звароце да старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага Апостальскі Нунцый адзначыў: «Я вельмі рады, што магу наведаць Магілёў, які гістарычна адыграў такое важнае значэнне ў жыцці каталіцкага Касцёла. Маёй прысутнасцю я жадаю падкрэсліць добрую волю вернікаў каталіцкай канфесіі, якія на працягу шматлікіх вякоў з’яўляюцца на гэтай зямлі неад’емнай часткай мясцовага грамадства і жадаюць далей працаваць для агульнага дабра ўсіх гараджанаў.

Мы з Вамі выконваем адну агульную справу: служым людзям. Вы — як прадстаўнік свецкай улады, я — як прадстаўнік Каталіцкага Касцёла. Кожны па-свойму: Вы — клапоцячыся пра дабрабыт і парадак, Касцёл — пра духоўны спакой і гармонію, але на карысць адных і тых жа людзей.

Спадзяюся, што гэтая сустрэча паспрыяе яшчэ больш плённаму супрацоўніцтву паміж Касцёлам і ўладай дзеля агульнага дабра ўсяго грамадства і кожнага асобнага чалавека».

Акрамя гэтага з мясцовымі ўладамі былі абмеркаваны моманты ўзаемадзеяння па арганізацыі і стварэнні спрыяльных умоваў для дзейнічання каталіцкіх парафій на Магілёўшчыне, а таксама пытанні адносна рамонту каталіцкіх святыняў і будаўніцтва новых касцёлаў у Магілёўскім рэгіёне.

Пасля гэтага беларускія іерархі разам з нунцыем накіраваліся на сустрэчу з праваслаўным біскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім Сафроніем. Сімвалічна, што сустрэчна супала з 16-годдзем біскупскага пасвячэння праваслаўнага іерарха.

Нунцый падзякаваў біскупу Сафронію за сустрэчу і магчымасць пазнаёміцца, а таксама сцвердзіў, што ў нашай краіне хрысціяне, католікі і праваслаўныя, жывуць у гармоніі і ўзаемнай павазе, і «дзякуючы такім сустрэчам, як наша, гэтае сяброўства зможа працягвацца і ў будучым,  прыносячы багаты плён узаемапавагі і адмаўлення ад стэрэатыпаў, якія наўпрост звязаны з няведаннем адно аднаго».

Апостальскі Нунцый меў магчымасць пазнаёміцца з Магілёвам таксама праз наведванне Музея гісторыі горада, які знаходзіцца ў будынку адноўленага помніка архітэктуры XVII стагоддзя — гарадской Ратушы.


Пасля гэтага нунцый наведаў супольнасці магілёўскіх парафій Святога Антонія, Святога Казіміра і святой Ядвігі, у якіх нясуць служэнне айцы кларэтынцы і айцы дамініканцы адпаведна.


Таксама іерархі наведалі каталіцікія могілкі, на тэрыторыі якіх знаходзіцца каталіцкая капліца.

(KB), (VGr)
Фота кс. Кірыла Бардонава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.