Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч моліцца разам з пілігрымамі, якія крочаць у Будслаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.06.2009 18:32
28 чэрвеня 2009 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з мінскай і маладзечанскай групамі пілігрымаў, каб падтрымаць іх сваім пастырскім словам і малітвай.

Раніцай у гэты дзень Мітрапаліт наведаў пілігрымаў з Мінска, якія знаходзіліся на другім прыпынку маршрута — у вёсцы Вішнёўка. Па-айцоўску, рупліва арцыпастыр пацікавіўся, «як ім ідзецца», ці добра іх кормяць і які ў іх настрой у пачатку другога дня малітоўнага падарожжа, надвор’е якога абяцала быць вельмі гарачым (а было больш за 30 градусаў цяпла).

Па традыцыі святая Імша адбылася пад адкрытым небам, якую ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. Іерарх, спасылаючыся на тэксты чытанняў ХІІІ Звычайнай нядзелі, нагадаў пра тое, што не Бог стварыў смерць, яе стваральнікам з’яўляецца злы дух.

«Бог стварыў чалавека для жыцця, і толькі грэх стаў прычынаю таго, што запанавала смерць, з якой нас выбавіў Езус Хрыстус. Ён учыніў шмат цудаў, сярод якіх таксама ўваскрашэнне з памерлых, як, напрыклад, дачкі кіраўніка сінагогі Яіра. Езус, каб учыніць цуд, жадаў убачыць веру. Убачыць веру не ў тое, што Ён можа яго ўчыніць, але веру ў Яго — Сына Божага. Пасля ўваскрашэння дачкі Яіра Езус папрасіў, каб ёй далі есці. Гэта вельмі сімвалічна. Бо і сёння ў сакрамэнце пакаяння і паяднання Езус уваскрашае нас да новага жыцця, а падчас Эўхарыстыі запрашае есці. Менавіта падчас святой Імшы Ён кажа: бярыце і ешце, бярыце і піце. Гэта — запрашэнне да актыўнага і дзейснага ўдзелу ў Эўхарыстыі. Каб жыць — трэба есці. Каб жыць духоўным жыццём — трэба прымаць удзел у Эўхарыстыі», — нагадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт заахвоціў пілігрымаў праз Марыю — Маці Божую Будслаўскую — набліжацца да Езуса ў сакрамэнце духоўнага ўваскрашэння, якім з’яўляецца святая споведзь, набліжацца да Эўхарыстыі — хлеба жыцця вечнага.

Развітаўшыся з мінскімі пілігрымамі, арцыбіскуп накіраваўся ў Маладзечна, дзе прыняў удзел у распачацці пілігрымкі з касцёла святога Юзафа. Яе ўдзельнікам Мітрапаліт нагадаў, што яны ідуць «да сэрца Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — да Маці Божай Будслаўскай».

Фотарэпартаж з Маладзечна >>>

«Пілігрымка павінна быць часам малітвы і асабістага навяртання, — заклікаў арцыпастыр, — часам сведчання і падзякі Богу за тыя вялікія справы, якія Ён чыніць на нашых вачах, часам просьбы аб благаслаўленні на будучае. Марыя была першым чалавекам, які здзейсніў пілігрымку. Яна несла ў сабе Езуса і з Ім спяшалася ў дом Альжбеты і Захарыя. На прывітанне Альжбеты Марыя заспявала свой гімн Магніфікат. Таксама і мы павінны жыць так, каб несці іншым Хрыста, быць Яго сведкамі і спяваць наш Магніфікат».

У малітве-роздуме Мітрапаліт даверыў усіх пілігрымаў апецы Бога і Марыі: «Па дарогах Беларусі ідуць пілігрымы, ідуць да Маці Божай Будслаўскай, бо вераць у яе дапамогу, вераць у тое, што па яе просьбе Езус учыніць новы цуд, перш за ўсё — цуд навяртання. Пілігрымы ідуць і даюць сведчанне, што і ў нашым секулярным свеце ёсць тыя, хто мае надзею ў Богу і Яму давярае сябе. Няхай ім благаславіць Бог».



 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 


Фота кс. Юрыя Санько
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.