Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З мінскай архікатэдры стартавала пілігрымка ў Будслаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.06.2009 18:00
27 чэрвеня 2009 г. з мінскай архікатэдры стартавала пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Святую Імшу на распачацце пілігрымкі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што ключом да пазнання чалавека і да вырашэння яго праблем з’яўляецца «Fiat» Марыі — згода з Божай воляй. Пілігрымы пачулі з вуснаў іерарха заклік Яна Паўла ІІ адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім чалавек можа пазнаць сябе самога, пачулі таксама заахвочванне Бэнэдыкта XVI адчыніць дзверы Збаўцу, які нічога не забірае, а толькі прыходзіць са сваімі дарамі.

«Да Езуса мы ідзём праз Марыю. Ідзём з любоўю. Сапраўдная ж любоў, паводле англійскага гумару, — гэта пілігрымаванне без стратэгіі. Аднак у жыцці такое здараецца рэдка, бо ўсе людзі па сваёй сутнасці стратэгі. Таму трэба з дзіцячай любоўю ісці да Марыі, каб яна прывяла нас да свайго Сына Езуса Хрыста. Трэба ісці і не баяцца падзенняў. Як кропка ў тэксце пісьма не з’яўлецца яго завяршэннем, бо заўсёды можна дадаць яшчэ адзін сказ, так і падзенне — гэта не канец, бо з дапамогай Марыі яно можа стаць пачаткам шляху да святасці. Трэба ісці, паўтараючы яе „Fiat“, і праз гэта станавіцца „Fiat“ XXI стагоддзя, упускаць Езуса ў нашыя сэрцы і нашае жыццё, каб яно станавілася святым і дасканалым», — заклікаў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп заахвоціў пілігрымаў «занесці да Божай Маці Будслаўскай разам са сваімі інтэнцыямі, просьбу аб новых святарскіх пакліканнях, пра што кожны павінен памятаць асабліва сёлета — у Год святарства». Нагадаўшы прысутным, што пілігрымка — гэта не турпаход, але час малітвы і навяртання, Мітрапаліт пажадаў вытрымкі ў перанясенні ўсіх цяжкасцяў і духоўнага плёну малітоўнага падарожжа.

Фота  by.belapan.com
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.