Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Казімір Свёнтэк узначаліў галоўную святую Імшу падчас урачыстасцяў у Будславе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2009 16:19

У 10.30 раніцы 2 ліпеня 2009 г. на ўсталяваным алтары каля Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе распачалася галоўная святая Імша, якую ўзначаліў кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі. У літургіі прынялі ўдзел усе беларускія іерархі, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, вернікі з усёй Беларусі і замежжа.

На пачатку літургіі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў на розных мовах прысутных вернікаў Будслава, пілігрымаў, якія прыйшлі з розных куткоў Беларусі, а таксама гасцей з іншых краін. У адказ пачуліся гучныя апладысменты. Уся плошча перад святыняй была запоўненая вернікамі. Усе яны сабраліся тут, каб звярнуцца да Маці Божай Будслаўскай са словамі падзякі, перапрашэння, шчырай малітвы і просьбы аб апецы.

Гамілію прамовіў Мітрапаліт Кандрусевіч, які заклікаў вернікаў прыслухацца да голасу Бога, які пытаецца ў кожнага з нас: «Чалавек, дзе ты?». «І сапраўды, як часта ў наш час постмадэрнізму, калі не шануюцца маральныя каштоўнасці, чалавек кажа, што Бога няма, і такім чынам хаваецца ад Яго», — працягваў арцыпастыр. Мітрапаліт запэўніў, што «бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог не пакідае нас адных, а заўсёды спяшаецца з дапамогай». Арцыпастыр таксама нагадаў, што распачаўся Год святарства. Нездарма і дэвізам сёлетняй сустрэчы ў Будславе сталі словы «Міласэрнасць Божая ў сакрамэнце алтара і святарства». Больш таго, акцэнт робіцца на бязмежнай Божай міласэрнасці. Увага вернікаў скіроўваецца да гэтай думкі таму, што ўжо трэці месяц па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праходзіць перэгрынація абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. І менавіта ў гэтыя святочныя для Будслава дні абраз і рэліквіі прыбылі ў мясцовы санктуарый.

На завяршэнне сваёй гаміліі арцыпастыр звярнуўся да Маці Божай з палымянай просьбай: «Марыя, Маці святароў і Эўхарыстычная нявеста, ты бачыш, колькі людзей сёння на каленях ідзе да алтара з тваёй выявай. Іх многія тысячы. Яны славяць твайго Сына ў Эўхарыстыі і аддаюць пашану табе, сваёй Валадарцы. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку святарскай вернасці і новы цуд — ласку шматлікіх пакліканняў да святарства, каб усіх агарнула ласка навяртання і сучасныя людзі будавалі сваю будучыню на Евангельскіх каштоўнасцях».

Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>

Перад заканчэннем Імшы і ўдзяленнем благаслаўлення адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол парка. У ёй прынялі ўдзел усе іерархі, святары, сёстры законныя, а таксама многія вернікі. Урачысты настрой малітоўнага шэсця падтрымліваўся яшчэ і цудоўным спевам хора.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі гэтага свята, а таксама вернікам, якія прыйшлі пешшу або прыехалі ў Будслаў, каб разам маліцца перад абразом Маці Божай Будслаўскай.

На заканчэнне літургіі кардынал Казімір Свёнтэк удзяліў усім прысутным сваё пастырскае благаслаўленне.

  

  

  

  

  

Фота М. Новікава і В. Кучаравага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.