Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: Быць сведкамі Хрыста
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2009 02:00

Увечары 25 ліпеня распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр разважаў над урыўкам з Евангелля пра тое, як Хрыстус паклікаў дванаццаць апосталаў і сказаў ім ісці і прапаведаваць. Іерарх адзначыў, што ўжо ІІ Ватыканскі Сабор звярнуў асаблівую ўвагу на значэнне апостальства свецкіх, на тое, што Дванаццаць — гэта не толькі першыя абраныя Хрыстом апосталы, але і кожны хрысціянін.

«Гэта нагадвае пра тое, што Езус патрабуе ўсіх і ўсіх чыніць сваімі пасламі і папярэднікамі, каб прыгатаваць Яму шлях да тых месцаў, куды Ён збіраецца ісці. Войска, каб перамагчы ворага павінна складацца не толькі з генералаў і афіцэраў, але таксама і з жаўнераў. Адзін у поле не воін, нават калі ён і генерал. Тое ж самае і на духоўным фронце, калі можна так сказаць. Для абвяшчэння Евангелля патрэбны не толькі Папа, біскупы, святары, законнікі і законніцы, але і свецкія», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Зразумела, што шлях абвяшчэння Добрай Навіны складаны, не быў ён простым і для першых апосталаў. Аднак неабходна супрацьстаяць выклікам сучаснага свету і «ва ўсіх абставінах заставацца сведкам Хрыста».

Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>

Звяртаючыся да аднаўлення абяцанняў хросту, якое адбудзецца пасля гэтай Літургіі арцыпастыр нагадаў, што, перш за ўсё, яно сімвалізуе пераход ад «грахоўнай няволі да свабоды дзяцей Божых».

«Гэтае аднаўленне абяцання хросту не можа абмяжоўвацца толькі фармальным актам, але павінна стаць сапраўдным адрачэннем ад злога духа і вызнаннем веры ў Бога, каб мы не былі падобнымі да трасціны, якая хістаецца на ветры, але моцным дрэвам, катораму не страшны ніякія буры, і каб будавалі дом свайго жыцця не на пяску, але на скале, якой ёсць Хрыстус і Яго Евангелле», — заахвочваў Мітрапаліт Кандрусевіч прысутную моладзь.

«Дарагая моладзь! Свет і Касцёл чакае вас, чакае вашай глыбокай веры, чакае вашага сведчання! Ад гэтага будзе залежаць яго будучыня. Не будзьце тады штучнымі, але сапраўднымі хрысціянамі, каб абвяшчаць ад імя Езуса Хрыста і сведчыць Яго Евангелле збаўлення. Калі гэтага не зробіце вы, то хто? Як не сёння, то калі?», — заклікаў арцыбіскуп.

Напрыканцы святой Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў благаслаўленне рэліквіямі благаслаўлёнага земляка ксяндза Міхала Сапоцькі.

«Благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька, які прысутнічае цяпер з намі ў сваіх рэліквіях, благаславіць цяпер вас, моладзь, каб мужна адказвала на выклікі сённяшняга свету, каб несла ў наш свет Евангельскае сведчанне», ― адзначыў МІтрапаліт.

Святлана Бурлевіч

  

  

Фота Ул. Валадзько

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.