Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прывітаннем абраза Езуса Міласэрнага распачалася малітоўная сустрэча ў Івянцы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.07.2009 15:56

25 ліпеня 2009 г. у 10.00 раніцы ўрачыстай сустрэчай абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаславёнага кс. Міхала Сапоцькі распачалася праграма другой малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы. У працэсіі, якую ўзначалілі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кусташ абраза Езуса Міласэрнага кс. Андрэй Стэцкевіч, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Івянцы а. Лех Баханэк OFMConv, а таксама госць сустрэчы кс. Мар’ян Шэршэнь з Налібок, абраз і рэліквіі былі перанесеныя на сцэну, усталяваную пад адкрытым небам на пляцоўцы за касцёлам. Менавіта там на працягу двух дзён моладзевай сустрэчы будуць адбывацца асноўныя малітоўныя і канцэртныя мерапрыемствы.

З мэтай праслаўлення міласэрнасці Божай быў намаляваны абраз згодна з тым вобразам, які Хрыстус паказаў сваёй слузе с. Фаустыне. «Я абяцаю, што тая душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне», ― сказаў Езус. Моладзь, стоячы перад абразом Езуса Міласэрнага, узносіла да Нябеснага Айца просьбу, каб агарнуў сваёй міласэрнасцю душы грэшнікаў, святароў, законнікаў і законніц, усіх вернікаў, а таксама ерэтыкоў, сціплыя і пакорныя душы, душы, якія церпяць у вязніцы чыстцаў.

Са словам прывітання да прысутных звярнуўся а. Аляксандр Пісарук OFMConv. Ён выказаў надзею, што ніякія неспадзяванкі не змогуць перашкодзіць супольнай малітве і радаснаму настрою моладзі і духавенства, якія прыбылі ў гэтыя дні ў Івянец. А. Аляксандр падзякаваў усім, хто знайшоў час на супольнае прабыванне з Хрыстом, і сказаў, што, магчыма, кожны з прысутных тут прывядзе да Бога святароў, біскупаў, сваіх родных менавіта праз сваю малітву, трыванне перад абразом Езуса Міласэрнага. Асаблівым чынам ён прывітаў на гэтай сустрэчы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, дзякуючы ініцыятыве якога ўжо другі год Івянец прымае гасцей на малітоўнай сустрэчы моладзі. Акрамя таго, прысутныя віталі кусташа абраза Езуса Міласэрнага кс. Андрэя Стэцкевіча, а таксама тых святароў, якія будуць праводзіць катэхэзы, запланаваныя ў праграме сустрэчы, ― a. Аляксандра Яшэўскага SDB (катэхэза на тэму «Хрост») і a. Аляксандра Шамрыцкага MIC (катэхэза на тэму «Канфірмацыя»). А. Аляксандр Пісарук OFMConv прадставіў прысутным пробашча парафіі св. Міхала Арханёла ў Івянцы а. Леха Баханэка OFMConv, кс. Яна Крэмеса, адказнага за малітоўны парад на працягу сустрэчы, а таксама госця сустрэчы кс. Мар’яна Шэршня з Налібок.

Напрыканцы сустрэчы да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў гэты дзень, 25 ліпеня 2009 г., адзначае 20-годдзе біскупскай намінацыі. Ён прасіў моладзь і духавенства маліцца ў яго інтэнцыі, каб ён змог і надалей заставацца верным свайму пакліканню, добра выконваць заданне, прызначанае Божым Провідам. Кажучы пра сустрэчу ў Івянцы, арцыпастыр адзначыў, што ў гэтым годзе яна прысвечана евангелізацыі. «Бог выбраў вас, каб вы ішлі і неслі Евангелле ў свет!» ― усхвалявана звярнуўся да моладзі Мітрапаліт і папрасіў з карысцю для сваёй душы правесці гэты час супольнай малітвы. На завяршэнне прамовы Тадэвуш Кандрусевіч ўрачыста аб’явіў другое малітоўнае спатканне моладзі ў Івянцы адкрытым.

Алена Рулевіч

  

  

  

  

  

  

  

  

Фота Ул. Валадзько

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.