Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Катэхезы ў Івянцы: паглыбіць рэлігійныя веды
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.07.2009 17:47

Адразу пасля афіцыйнага адкрыцця малітоўнай моладзевай сустрэчы ў Івянцы, якое аб’явіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, распачаліся катэхэзы для моладзі, падрыхтаваныя з улікам агульнай тэматыкі сустрэчы ― евангелізацыі.

Вучэннем Каталіцкага Касцёла і ўласнымі разважаннямі на тэму хросту падзяліўся а. Аляксандр Яшэўскі SDB, які адразу адзначыў, што «хрост ― самы выдатны і прыгожы дар Божы. Гэта сакрамэнт, у якім Хрыстус дае Божае жыццё. Гэта аснова хрысціянскага жыцця, дзверы, праз якія нам адкрываецца новае жыццё. Праз хрост мы вызваляемся ад граху і становімся часткай Касцёла».

«Хрост ― гэта дар, бо даецца тым, хто нічога не прыносіць; ласка, бо даецца вінаватым і вызваляе нас ад граху; намашчэнне, бо яно святое і каралеўскае; асвятленнем, бо з’яўляецца яскравым святлом; адзенне нятленнае, бо ўкрывае наш сорам; абмываннем, бо змывае з нас грахоўны бруд; знак, бо ахоўвае нас і азначае панаванне Божае над намі», ― адзначыў прамоўца.

Падчас катэхезы было адзначана таксама, што вера ў Езуса Хрыста з самага пачатку была звязана з сакрамэнтам хросту і з’яўляецца падмуркам хрысціянства. Айцец Аляксандр нагадаў некаторыя ўрыўкі з Евангелля, у якіх знаходзім апісанне хрышчэння ― пераходу да новага жыцця.

Сёння маладыя людзі павінны валодаць не толькі агульнымі звесткамі пра хрост, але і ведаць яго сімволіку. Пасля прамовы айца Аляксандра кожны мог задаць пытанне па праблеме. Сярод зададзеных пытанняў былі наступныя: чаму ў Каталіцкім Касцёле сакрамэнт хросту ўдзяляюць дзецям, у якіх выпадках Касцёл можа адмовіць у атрыманні хросту, а Мітрапаліт Кандрусевіч пацікавіўся, ці магчыма пахрысціць чалавека ў космасе.

Пасля невялікага музычнага перапынку (падчас якога моладзь змагла крыху патанцаваць) распачалася катэхеза, прысвечаная сакрамэнту канфірмацыі, якую праводзіў а. Аляксандр Шамрыцкі МІС. Айцец прызнаўся, што тэма сакрамэнту канфірмацыі, напэўна, самая складаная для тлумачэння, таму што «неабходна казаць пра Святога Духа ― найбольш таямнічую асобу са Святой Тройцы».

Айцец Аляксандр адзначыў таксама, што сакрамэнт канфірмацыі выклікае шмат пытанняў у сучаснай моладзі. Для таго ж, каб зразумець яго сутнасць, неабходна навучыцца слухаць Духа Святога і заўважаць яго дзеянне ва ўласным жыцці.

«Дух Святы ― гэта той, хто далікатна прамаўляе да кожнага, падказвае, як нам жыць паводле Божых загадаў. Сакрамэнт канфірмацыі робіць чалавека здольным змагацца за жыццё з Богам», ― адзначыў а. Шамрыцкі.

Прамоўца прывёў некалькі прыкладаў з уласнага жыцця, у якіх відавочна дзеянне Святога Духа. Паступова катэхеза перайшла ў дыялог з моладдзю, якую цікавілі пытанні адносна таго, як зразумець Божую волю ва ўласным жыцці і навучыцца слухаць голас Святога Духа.

Святлана Бурлевіч
















 









Фота У. Валадзько
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.