Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: «Прыярытэтам маёй дзейнасці з’яўляецца моладзь»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.07.2009 19:50
25 ліпеня 2009 г. у 12.30 у рамках запланаваных мерапрыемстваў малітоўнага спаткання моладзі ў Івянцы адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з моладдзю. У маладых вернікаў была магчымасць задаць арцыпастыру пытанні, якія іх хвалявалі, і пачуць думкі і меркаванні Мітрапаліта Тадэвуша адносна ўзнятых праблем.

Напачатку Мітрапаліт паразважаў над важнасцю сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі, якім падчас сёлетняй сустрэчы ў Івянцы удзяляецца найбольшая ўвага. Менавіта праз гэтыя сакрамэнты чалавек уваходзіць у духоўнае жыццё. «Мы павінны быць сталымі ў нашым жыцці, а не быць падобнымі да трасціны, якая калышацца ў залежнасці ад таго, куды падуе вецер. — Мы павінны заўсёды заставацца вернымі сваім маральным прынцыпам, — сказаў арцыпастыр. — У нас стаяла пытанне, ці праводзіць сустрэчу моладзі ў гэтым годзе. Я казаў падчас свайго інгрэсу, што прыярытэтам маёй дзейнасці з’яўляецца моладзь. Я хацеў бы вас прасіць, каб вы сваім прыкладам, добрым хрысціянскім жыццём прыцягвалі сваіх сяброў і знаёмых да такіх спатканняў».

Мітрапаліт ўзгадаў мінулагоднюю сустрэчу, калі моладзь задала вельмі шмат пытанняў адносна хрысціянскіх, у прыватнасці, каталіцкіх СМІ. Ён заахвоціў моладзь прымаць актыўны ўдзел у працы друкаваных і электронных каталіцкіх СМІ — пісаць і дасылаць на адрас рэдакцый матэрыялы, якія б асвятлялі падзеі мясцовых парафій Беларусі. Кажучы пра 20-гадовы юбілей сваёй біскупскай намінацыі, кандрусевіч адзначыў: «Кожны біскуп выбірае свой дэвіз. Я, калі быў прызначаны біскупам 20 гадоў назад, выбраў словы “Хто ж, як Бог”. Гэтым самым я хацеў падзякаваць тым людзям, якія ў цяжкія часы не адракліся ад веры і на першым месцы ў іх быў Бог. Я хацеў бы, каб у вашым жыцці, поўным спакусаў, цяжкасцяў, якія толькі адцягваюць ад Бога, менавіта Ён заставаўся заўжды на першым месцы».

Пасля гэтага а. Аляксандр Пісарук OFMConv. запрасіў моладзь да размовы з Мітрапалітам. Кожны жадаючы меў магчымасць задаць пытанне свайму душпастыру. Размова, з якой можна азнаёміцца ніжэй, атрымалася адкрытай і шчырай.

— Маеце шмат год святарскага жыцця. За гэты час у Вас былі сумненні наконт таго, ці правільна Вы зрабілі, што сталі святаром? І калі так, што Вам дапамагала справіцца з гэтымі сумненнямі і ісці далей?

— Святарскае жыццё — гэта не ружы, а калі нават ружы, то яны таксама маюць шыпы. І я таксама пайшоў у семінарыю не адразу пасля школы. Тады ніхто не ведаў нават, дзе тая семінарыя і г.д. Я закончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут, потым быў накіраваны працаваць у Вільнюс. Я таксама пачаў вучыцца ў аспірантуры. Але заўсёды думаў, што хачу служыць людзям. І дзе я змагу гэта рабіць лепш — будучы інжынерам, атрымаўшы кандыдата навук ці стаўшы святаром, якіх, дарэчы, было вельмі мала на той час. І вось аднойчы, проста пасля малітвы ў Вострай Браме, я сказаў: «Дзякую Богу за тое, што я атрымаў такую адукацыю, стаў інжынерам, але я іду ў семінарыю». Нялёгка было. І сёння нялёгка. Але ні разу я не сказаў, што зрабіў нядобра. І калі было зусім цяжка, я заўсёды маліўся, найперш, да Маці Божай.
   
— Ці Вашае навуковае мінулае дапамагае Вам сёння ў святарскай і біскупскай паслузе?

— Напэўна. Сёння ў казанні вечарам будзем весці размову пра ядзерную рэакцыю (смяецца). Дапамагае, асабліва калі трэба будаваць. Я не спецыяліст у будове, але працаваў трохі падчас практыкі на будоўлі Краснаярскай ГЭС. Кожная адукацыя дапамагае, я так думаю.

— Усім запомніўся тэлемост, які не так даўно праводзіўся ў Мінску. Ці ёсць у планах правядзенне падобных мерапрыемстваў, каб далучаць моладзь Беларусі да жыцця еўрапейскага Касцёла?


— Гэта быў трэці тэлемост у маім жыцці. Першы быў з Масквы, другі з Пецярбурга. Я вельмі ўдзячны, што вас многа было падчас тэлемосту ў Мінску. Катэдра была запоўненая людзьмі. Нідзе ў свеце на адным квадратным метры не было столькі моладзі, колькі было ў той дзень у мінскай катэдры. Гэта не я прыдумаў. Пасля тэлемосту я быў на канферэнцыі, дзе гэта мне сказалі еўрапейскія біскупы. Праблема нашага касцёла, як аднойчы сказаў кардынал Джордж з Чыкага, у тым, што яго мала хто ведае. Таму трэбы бываць на канферэнцыях, спатканнях, патрэбныя тэлемасты. На жаль, я не магу сказаць, калі гэта можа паўтарыцца, таму што ў гэтым годзе тэлемосту не было. Я буду трымаць руку на пульсе, як гаворыцца, і пры магчымасці, пастараюся зрабіць усё як найлепей.

— Але неабавязкова праводзіць менавіта тэлемасты. Ці ёсць магчымасць правесці сустрэчу тыпу Тэзэ?

— Гэта добрая прапанова. Трэба будзе абавязкова над гэтым падумаць. Дзякую! Вось такія прапановы ад вас мне патрэбныя. Давайце іх як мага больш! Вырашу я гэтыя пытанні ці не, не ведаю. Я не ўсемагутны. Але зраблю ўсё магчымае.

— Ваша Эксцэленцыя, 20 гадоў назад Вы атрымалі біскупскае пасвячэнне непасрэдна з рук Папы Яна Паўла II у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Сярод усіх тут прысутных Вы з’яўляецеся, хіба, адзіным чалавекам, які так часта наведвае Ватыкан і сустракаецца з Папам. Не маглі б Вы літаральна некалькі слоў сказаць пра тое, што адчуваеце падчас гэтых паездак у Ватыкан.


— З Папам Янам Паўлам II я сустракаўся вельмі многа. Ён меў такі звычай — запрашаць біскупаў на абед. Гэта былі такія працоўныя спатканні. Ён заўсёды цікавіўся жыццём Касцёла, католікаў, адносінамі з Праваслаўнай Царквой, міжрэлігійным дыялогам — якія ёсць праблемы, як іх вырашыць. Не ведаю, што было на маім твары падчас маёй біскупскай сакры, якая адбылася 20 кастрычніка 20 гадоў назад, але потым, калі па традыцыі Папа рабіў здымак каля фігуры Маці Божай П’ета, ён моцна ўзяў мяне за руку і сказаў па-польску: «Ты не бойся. Я за цябе буду маліцца». Я заўсёды памятаю гэтыя словы. Папа вельмі часта ўспамінаў пра аб’яўленне Маці Божай у Фаціме. Быў упэўнены, што Расія навернецца. Расія, у яго разуменні, гэта ўвесь свет. Апошні раз я бачыў Яна Паўла II роўна за месяц да яго пахавання, 8 сакавіка ў бальніцы Чэмэлі. Калі я ўвайшоў да яго, ён спытаўся: «Што чуваць у Маскве?» (я тады працаваў у Маскве). Ён жыў Касцёлам. Памятаю час яго пахавання (я прысутнічаў тады на плошчы св. Пятра і меў вялікую ласку, калі менавіта мяне папрасілі ўзначаліць Імшу. Было каля 40 бікупаў і каля 500 святароў. Гэта была апошняя Імша, якая цэлебравалася ў базыліцы св. Апостала Пятра, калі там знаходзілася цела Яна Паўла II. Ужо на наступны дзень Імша была на плошчы св. Пятра. Калі развярнулі гроб Яна Паўла II да людзей — авацыі!...З аднаго боку слёзы на вачах, а з другога — авацыі, удзячнасць гэтаму чалавеку, які так многа зрабіў для Касцёла. І ён такім застаецца ў маёй памяці назаўсёды: чалавек, які заўсёды глядзіць наперад, бо Божая Маці ў Фаціме сказала, што ўсё будзе добра і гэтыя народы навернуцца.

Пасля размовы прадстаўнікі моладзі, якая сабралася 24-26 ліпеня ў Івянцы на чарговай малітоўнай сустрэчы, павіншавалі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з 20-годдзем біскупскай намінацыі, падаравалі кветкі і пажадалі, каб добры Бог і надалей апекаваўся нашым душпастырам, даваў яму сілы для добрага выканання прызначанага Нябесным Айцом задання і ўзмацняў яго веру. Моладзь падзякавала Мітрапаліту Тадэвушу за яго прысутнасць у Івянцы, за яго клопат пра моладзь, за тое, што менавіта ён збірае маладых людзей разам на падобных мерапрыемствах.

Алена Рулевіч



 

 
 
 
 



 
 

Фота  Ул. Валадзько
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.