Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Знакі Божай міласэрнасці на тэатральнай сцэне Івянца
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2009 01:26

На працягу чатырох дзён напярэдадні малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы ў гэтым мястэчку працавала «Музычная майстэрня», дзе маладыя людзі з розных куткоў Беларусі атрымлівалі веды і навыкі па царкоўных спевах і тэатральных пастаноўках. Між іншым, за гэты час удзельнікам майстэрні неабходна было стварыць пастаноўку на тэму Божай міласэрнасці ў кантэксце тых урачыстасцяў, якія ў гэтым годзе маюць месца ў Івянцы.

Госці з Польшчы Дарота Урбаноўска і а. Анджэй Сонсядэк OFMConv., якія з’яўляліся аднымі з кіраўнікоў Музычнай майстэрні, вырашылі прычыніцца да арганізацыі тэатральнай пастаноўкі і, калі размаўлялі на гэтую тэму, адбылася, па іх словах, фантастычная рэч: «Мы не дамаўляліся наконт гэтага раней, аднак раптам зразумелі, што думаем аднолькава і маем адны і тыя ж задумы. Падчас падрыхтоўкі сюжэта мы ішлі дарогаю Святога Пісання». Усе рэпетыцыі мелі месца падчас працы Музычнай майстэрні — на працягу чатырох дзён, прыкладна па паўтары гадзіны кожны дзень.

Дарота і Анджэй патлумачылі, што галоўнай ідэяй пастаноўкі з’яўляецца думка аб тым, што Бог ёсць добры і Ён заўсёды прабачае. Спектакль складаўся з чатырох сцэн, у якіх паказана Божая міласэрнасць у розных яе праявах — гісторыя пра міласэрнага самараніна; Марыю Магдалену, яўную грэшніцу, якой Бог прабачае; сына марнатраўнага, які навярнуўся; Лотара, добрага злачынцу, якому Бог абяцае рай. Сэнс усяго гэтага ў тым, што Бог ёсць добры. Калі грэшнік сапраўды хоча навярнуцца, Бог праявіць сваю міласэрнасць.

«Калі мы пачалі працаваць з моладдзю, мы ім казалі, што не важна, як яны сыграюць свае ролі. Важна ўвайсці ў гэтую гісторыю і знайсці ў ёй сябе, — расказваюць польскія пастаноўшчыкі. — І калі мы глядзелі сёння на гэтае выступленне, на вачах з’явіліся слёзы, бо бачна было, што ўдзельнікі сапраўды перажывалі ў сваім сэрцы, прапусцілі праз сябе ўсё тое, што прыходзілася іграць на сцэне».

Аналізуючы выступленне, Дарота і а. Анджэй радасна ўсклікнулі: «Гэта быў сапраўды цуд Божы! Калі нам паведамілі, што сцэнку трэба будзе ставіць не на вуліцы, але ў касцёле, мы пачалі перажываць, што будзе мала месца, нязручна. Мы пачалі баяцца, што не зможам рэалізаваць там тое, што планавалі паказаць на вялікай сцэне. Але, як аказалася, гэта было ідэальным месцам для выступлення. За намі знаходзіўся абраз Езуса Міласэрнага і ўсё было так цудоўна скампанавана, што цяжка нават уявіць цяпер іншыя ўмовы для выступлення. Было ўражанне, што ўсё гэта падрыхтаваў сам Бог, а мы толькі недзе збоку назіралі за тым, што адбываецца».

Нарэшце госці з Польшчы адзначылі, што моладзь цёпла сустракае такія тэатральныя пастаноўкі і было б вельмі добра, калі б пробашчы прыцягвалі маладых вернікаў да ўдзелу ў такіх творчых занятках. «Мы будзем толькі рады, калі гэтую сцэнку вырашыць ставіць моладзь у сваіх парафіях», — сказалі Дарота і а. Анджэй.

Алена Рулевіч

{mosimage}

{mosimage}

{mosimage}

{mosimage}

Фота Ул. Валадзько

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.