Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аднаўленне абяцанняў хросту - сведчанне непахіснай веры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2009 04:25

25 ліпеня ў 23.30 на пляцоўцы побач са святыняй івянецкай парафіі святога Міхала Арханёла распачаўся абрад аднаўлення абяцанняў хросту, які прызваны нагадаць кожнаму прысутнаму пра тое, што ён з’яўляецца дзіцём Божым. Як сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у казанні, якое папярэднічала самому абраду, «кожны хрысціянін павінен адчуваць сябе як у сваёй талерцы або, як людзі кажуць, у сваіх пантофлях, усведамляць, кім ён з’яўляецца». Каб гэта можна было лепш зразумець, Мітрапаліт запрасіў на сцэну трох чалавек з розным памерам абутку.

Дапамагчы душпастыру вызваліся дзве дзяўчыны (35-ы і 38-ы памер абутку) і хлопец (48-ы памер абутку). Мітрапаліт папрасіў маладых людзей разуцца і памяняцца абуткам. У выніку дзяўчыны змаглі зрабіць у чужых пантофлях некалькі крокаў, але ім было вельмі нязручна рабіць гэта. Хлопец жа адразу адмовіўся нацягнуць на сябе малыя пантофлі і прайшоўся босым. Пасля чаго Мітрапаліт звярнуўся да моладзі з рытарычным пытаннем: «Таксама і мы, калі не ў сваёй талерцы, не ў сваіх пантофлях, якімі хрысціянамі з’яўляемся?»

«Сёння мы будзем аднаўляць абяцанні хросту, - нагадаў Тадэвуш Кандрусевіч. - Мы павінны спытацца ў сябе, ці сапраўды з’яўляемся такімі хрысціянамі, якімі нас хоча бачыць Бог? Бо інакш мы не зможам адказаць на выклікі часу. Мы павінны ісці ў сваіх пантофлях, быць сапраўднымі хрысціянамі». Мітрапаліт выказаў пажаданне, каб гэты абрад дапамог усім прысутным аднавіць сваю веру, каб словы «Адракаюся злога духа» былі сапраўдным адрачэннем, а словы «Веру ў Бога» былі сапраўднай верай, той, якая рэалізуецца ў нашым жыцці.

Мітрапаліт Тадэвуш нагадаў, што ідэя арганізаваць рытуал аднаўлення абяцанняў хросту бярэ свой пачатак з 1964 года, калі Папа Павел VI падчас свайго візіту ў Святую Зямлю на беразе Ярдану зачэрпнуў рукою ваду і ўчыніў знак крыжа. І сёння вернікі паўтараюць гэты абрад, каб сведчыць аб сваёй непахіснай веры ў Езуса Хрыста.

Перад распачаццем урачыстага абраду кс. Юрый Санько пракаменціраваў тое, што будзе адбывацца: спачатку кожны дакранецца пальцамі да асвечанай вады, пасля чаго ўчыніць знак крыжа і атрымае з рук святара свечку, якая будзе запалена ад пасхала падчас сумеснай малітвы «Ойча наш», і памятку ў выглядзе медальёна з выявай святога Міхала Арханёла.

Пад прыгожы спеў удзельнікаў «Музычнай майстэрні» распачаўся абрад аднаўлення абяцанняў хросту. І ўжо хутка пляцоўка каля касцёла, дзе адбываўся гэты рытуал, асвяцілася агеньчыкамі ад запаленых свечак, што стала сведчаннем палымянай веры сотняў маладых людзей, якія на працягу гэтых дзён трывалі на супольнай малітве ў Івянцы.

Пасля завяршэння абраду Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, святары, законнікі і законніцы, прысутная моладзь ва ўрачыстай працэсіі накіраваліся да святыні, дзе малітоўныя мерапрыемствы працягнуліся Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і начным чуваннем.

Алена Рулевіч

{mosimage}

Фота В. Кучаравага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.