Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы - 2009
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2009 15:20
З 24 па 26 ліпеня 2009 г. у мястэчку Івянец Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася малітоўная моладзевая сустрэча, ужо другая па ліку, прызваная стаць добрай штогадовай традыцыяй у жыцці Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Праграма мерапрыемстваў, запланаваных сёлета ў рамках сустрэчы, мела свае адметнасці, звязаныя з падзеямі, якія перажываюць у гэтым годзе католікі Беларусі.

Ужо на працягу чатырох месяцаў па Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праходзіць перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. Таму асаблівым чынам падчас урачыстасцяў у Івянцы ўвага вернікаў скіроўвалася да знакаў Божай міласэрнасці, якія праяўляюцца ў нашым паўсядзённым жыцці. Моладзь мела магчымасць засяродзіцца на разважаннях над бязмежнасцю Божай міласэрнасці і адчуць яе прысутнасць праз ушанаванне абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі.

Сімвалічным распачаццем малітоўных мерапрыемстваў ў Івянцы стала сустрэча духавенствам, законнікамі і законніцамі, моладдзю абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, якія ў гэтыя дні былі прывезеныя ў івянецкую парафію святога Міхала Арханёла. З мэтай праслаўлення міласэрнасці Божай быў намаляваны абраз згодна з тым вобразам, які Хрыстус паказаў сваёй слузе с. Фаустыне. «Я абяцаю, што тая душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне», ― сказаў Езус. Моладзь, стоячы перад абразом Езуса Міласэрнага, узносіла да Нябеснага Айца просьбу, каб агарнуў сваёй міласэрнасцю душы грэшнікаў, святароў, законнікаў і законніц, усіх вернікаў, а таксама ерэтыкоў, сціплыя і пакорныя душы, душы, якія церпяць у вязніцы чыстцаў.

Адразу пасля афіцыйнага адкрыцця малітоўнай моладзевай сустрэчы ў Івянцы, якое аб’явіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, распачаліся катэхезы для моладзі, падрыхтаваныя з улікам агульнай тэматыкі сустрэчы ― евангелізацыі. Катэхезы праводзілі a. Аляксандр Яшэўскі SDB (катэхеза на тэму «Хрост») і a. Аляксандр Шамрыцкі MIC (катэхеза на тэму «Канфірмацыя»). Праслухаўшы кожнага выступоўцу, маладыя людзі маглі задаваць свае пытанні, якія ўзніклі падчас катэхезы.

У 12.30 25 ліпеня распачалася сустрэча моладзі з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Напачатку іерарх звярнуўся да моладзі і ў сваёй прамове, між іншым, адзначыў: «Я казаў падчас свайго інгрэсу, што прыярытэтам маёй дзейнасці з’яўляецца моладзь. Я хацеў бы вас прасіць, каб вы сваім прыкладам, добрым хрысціянскім жыццём прыцягвалі сваіх сяброў і знаёмых да такіх спатканняў».

Адказваючы на пытанні моладзі, Мітрапаліт расказаў пра тое, як зрабіў свой выбар на карысць святарскай паслугі, чым кіруецца ў сваёй духоўнай працы, якія мерапрыемствы стараецца рэалізоўваць, каб прыводзіць да веры ўсё новых людзей, асабліва моладзь. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы даведаліся вельмі шмат цікавага пра Папу Яна Паўла II, з якім у свой час часта даводзілася сустракацца Тадэвушу Кандрусевічу. Прысутныя на гэтай сустрэчы засталіся задаволеныя шчырай і адкрытай размовай са сваім душпастырам. Напрыканцы гутаркі прадстаўнікі моладзі павіншавалі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з 20-годдзем біскупскай намінацыі, якое іерарх адзначаў у гэты дзень, падаравалі кветкі і пажадалі, каб добры Бог і надалей апекаваўся душпастырам, даваў яму сілы для добрага выканання прызначанага Нябесным Айцом задання і ўзмацняў яго веру.

Пасля абеду праграмай было запланавана пакутнае набажэнства з рахункам сумлення. У гэты час кожны жадаючы меў магчымасць скарыстаць з сакрамэнту споведзі. У 15.00 распачалося набажэнства да Божай міласэрнасці. Вельмі незвычайным і цікавым працягам малітвы стала тэатральная пастаноўка на тэму Божай міласэрнасці, падрыхтаваная ўдзельнікамі «Музычнай майстэрні» пад кіраўніцтвам гасцей з Польшчы Дароты Урбаноўскай і а. Анджэя Сонсядэка OFMConv.

Культурная праграма працягнулася канцэртам, які быў падрыхтаваны ўдзельнікамі «Музычнай майстэрні» ― маладымі вернікамі з розных куткоў Беларусі, якія сабраліся напярэдадні моладзевай сустрэчы ў Івянцы і на працягу чатырох дзён удасканальвалі свае навыкі ў хрысціянскіх спевах.

З 18.00 гадзінаў вечара ўдзельнікі малітоўнай сустрэчы мелі час на вячэру, адпачынак і падрыхтоўку да святой Імшы, якая распачалася ў 20.00. Цэлебрацыю Літургіі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Звяртаючыся да аднаўлення абяцанняў хросту, якое адбывалася пасля набжэнства, арцыпастыр нагадаў, што, перш за ўсё, гэты абрад сімвалізуе пераход ад «грахоўнай няволі да свабоды дзяцей Божых».

Пасля супольнай малітвы на святой Імшы моладзь мела магчымасць праславіць Бога радасным спевам і танцамі разам з польскімі католікамі, бо на моладзевую сустрэчу ў Івянцы завітала хрысціянская музыкальная група «Deus Meus». Беларуская моладзь вельмі цёпла прывітала гасцей з Польшчы. Пад рытмы і новых, і ўжо знаёмых мелодый яна танцавала і падпявала ўдзельнікам гурта. У сваю чаргу і спевакі не шкадавалі сілаў і голасу, прыгожа праслаўляючы хрысціянскімі песнямі Бога, Творцу сусвету і Даўцу жыцця, і радуючы ўзрушаных слухачоў.

25 ліпеня ў 23.30 на пляцоўцы побач са святыняй івянецкай парафіі святога Міхала Арханёла распачаўся абрад аднаўлення абяцанняў хросту, які прызваны нагадаць кожнаму прысутнаму пра тое, што ён з’яўляецца дзіцём Божым. Хутка пляцоўка асвяцілася агеньчыкамі ад запаленых свечак, што стала сведчаннем палымянай веры сотняў маладых людзей, якія на працягу гэтых дзён трывалі на супольнай малітве ў Івянцы.

Пасля завяршэння абраду Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, святары, законнікі і законніцы, прысутная моладзь ва ўрачыстай працэсіі накіраваліся да святыні, дзе малітоўныя мерапрыемствы працягнуліся Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і начным чуваннем.

Падчас чування былі запланаваны як супольная Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта з удзелам моладзі з розных дыяцэзій Беларусі, так і час на індывідуальную малітву. Адарацыя працягвалася да 5.00 і завяршылася благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

На наступны дзень, 26 ліпеня, у 8.00 распачаліся Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля ранішняй малітвы ўдзельнікі сустрэчы маглі падсілкавацца падчас снядання. А потым пачалася падрыхтоўка да галоўнай святой Імшы, якая павінна стаць урачыстым фінальным акордам двухдзённай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы.

У 10.00 раніцы 26 ліпеня пад узнёслы спеў удзельнікаў «Музычнай майстэрні» Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны бікуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка і большасць з прысутных святароў ва ўрачыстай працэсіі выйшлі на пляцоўку каля івянецкага касцёла. Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, якая стала своеасаблівым падсумаваннем праведзенага разам часу на малітве і чуванні, а таксама апошнім момантам перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі. Падчас набажэнства арцыбіскуп Кандрусевіч і біскуп Дзям’янка ўдзялілі многім з прысутных вернікаў сакрамэнт канфірмацыі. Перад завяршэннем святой Імшы адбыўся акт даручэння моладзі Божай міласэрнасці, пасля чаго ўдзельнікі набажэнства развіталіся з абразом Езуса Міласэрнага і рэліквіямі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі. Абраз і рэліквіі вяртаюцца ў Мінск і да 23 жніўня будуць знаходзіцца ў касцёле святых Сымона і Алены, пасля чаго ва ўрачыстай працэсіі будуць перанесеныя ў мінскі архікатэдральны сабор Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Напрыканцы святой Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі другой малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы. Асабліва Мітрапаліт падзякаваў моладзі за іх прысутнасць на гэтых мерапрыемствах, за іх супольную малітву і радасны настрой. Ён заклікаў маладых людзей заставацца непахіснымі ў сваёй веры, заўсёды памятаць пра тое, што ўсе мы з’яўляемся дзецьмі Божымі і можам у кожную хвіліну жыцця разлічваць на Яго падтрымку і дапамогу, чэрпаць з бязмежнай крыніцы Яго міласэрнасці.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.