Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Айцец Піо. Святы ці махляр?» — новая кніга як следства італьянскіх ватыканістаў
Дзяржава Ватыкан
21.09.2010 13:03
«Айцец Піо. Святы ці махляр?» — такую назву мае новая кніга аб адным з найбольш вядомых містыкаў і стыгматыкаў нашых часоў, якая выйшла ў Выдавецтве св. Паўла. Аўтары, італьянскія журналісты Савэрыё Гаета і Андрэа Тарнэллі, праводзяць уласнае следства, каб паказаць праўдзівы вобраз а. Піо і ачысціць яго ад фальшывых падазрэнняў. 23 верасня Касцёл адзначае літургічны ўспамін святога.
 
Як падкрэсліваюць аўтары кнігі, матывацыяй да яе напісання было «адданне справядлівасці фактам», дзеля чаго журналісты карысталіся неапублікаванымі да гэтага часу дакументамі, што захоўваюцца ў архіве Кангрэгацыі Веравучэння па справах святых. «Факты — гэта факты. Раны, якія без усялякіх сумненняў бачылі на працягу 50 год на далонях, ступнях і боку законніка з П’етрэльчыны, не з’яўляюцца простымі праекцыямі задумы, — дадаюць даследчыкі. — Просім паказаць хаця б аднаго чалавека, які пасля доўгай канцэнтрацыі, толькі сілай волі або сілай думкі здолеў бы выклікаць знакі Мукі Хрыстовай і ўчыніць, каб яны захаваліся на працягу 50 гадоў без якіх-небудзь слядоў загойвання  або загнаення». 

Як адзначаюць аўтары на падставе вывучэння дакументаў, а. Піо не ганарыўся фактам атрымання стыгматаў і не лічыў сябе прывілеяваным. Святы зусім не радаваўся пашане, якой акружалі яго. «Гэта бедны законнік, які жыве глыбокім унутраным жыццём і зусім мімаволі стаў цэнтрам такой зацікаўленасці, — пісаў у сваім рапарце ў 1921 г. Апостальскі візітатар біскуп Рафаэла Карла Россі. — У апошнія гады яму прыпісваюцца таксама такія рэчы, аб якіх, нават калі яны праўдзівыя, ён увогуле не хоча казаць».

Франчэска Фарджонэ, пазней св. о. Піо, нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне на поўдні Італіі. Быў пятым з 8 дзяцей у сям’і. У 15 год быў прыняты ў Ордэн капуцынаў. У 1910 г. прыняў святарскае пасвячэнне. 20 верасня 1918 г. а. Піо былі дадзены стыгматы, калі ён маліўся перад крыжам, змешчаным на касцёльных хорах. Гэтыя раны на працягу 50 гадоў былі адкрытымі і крывавілі. 

Айцей Піо памёр 23 верасня 1968 г. 2 мая 1999 г. папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго ў Рыме, а кананізацыя славутага капуцына адбылася 16 чэрвеня 2002 г. 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.