Цырымонія перазахавання адбылася ўвечары 2 мая 2011 г. пасля закрыцця базылікі св. Пятра. Цяпер парэшткі благаслаўлёнага знаходзяцца ў капліцы св. Себасцьяна.
Працэсію ўзначаліў арцыпрэзбітэр ватыканскай базылікі кардынал Анджэло Камастры. У ёй прынялі ўдзел кардыналы і біскупы, а таксама законніцы, якія даглядалі Яна Паўла ІІ.
Труна з целам благаслаўлёнага была змешчана пад алтаром і закрыта белай мармурнай плітой, на якой выгравіравалі словы «Beatus Ioannes Paulus PP. II».
На працягу двух дзён (1 і 2 мая) кожны жадаючы мог памаліцца ля труны з целам Яна Паўла ІІ, якая перад урачыстасцямі беатыфікацыі была вынесена з крыпты базылікі св. Пятра і выстаўлена пад алтаром Канфесіі.