Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы выказаўся пра заўвагі Камітэта ААН па правах дзіцяці
Дзяржава Ватыкан
06.02.2014 13:44

Апостальская Сталіца са здзіўленнем прыняла Заключныя заўвагі Камітэта ААН па правах дзіцяці, прадстаўленыя 4 лютага ў Жэневе, адзначыў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных установах у Жэневе арцыбіскуп Сільвано Тамазі. У дакуменце ўтрымліваюцца абвінавачванні ў адрас Святога Пасаду, звязаныя з сексуальнымі злачынствамі прадстаўнікоў духавенства.

Камітэт сцвердзіў, што Апостальская Сталіца працягвае парушаць канвенцыю аб правах дзіцяці, а таксама абрынуўся з крытыкай на пазіцыю Касцёла адносна гомасексуалізму, кантрацэпцыі і абортаў.

Пастаянны назіральнік выказаў меркаванне, што дакумент быў падрыхтаваны яшчэ перад сустрэчай Камітэта з дэлегацыяй Святога Пасаду і не быў дапоўнены. Апостальская Сталіца, па словах арцыбіскупа, “прадставіла дакладныя адказы на розныя пункты, якія не былі ўнесены ў гэты заключны дакумент ці прынамсці не былі ўзяты пад сур’ёзную увагу”. Паводле ватыканскага дыпламата, у дакуменце не адзначаны тыя намаганні, якія былі ўзняты Святым Пасадам, Дзяржавай Ватыкан і рознымі епіскапатамі на карысць абароны дзяцей і якія “цяжка знайсці” ў дзейнасці іншых структур ці нават дзяржаў.

Арцыбіскуп адзначыў, што некаторыя з абвінавачванняў ААН з’яўляюцца “некарэктнымі” і нават супярэчаць самой Канвенцыі аб правах дзіцяці. “Напрыклад, Канвенцыя ў сваёй прэамбуле кажа пра абарону жыцця і абарону дзіцяці перад і пасля нараджэння, у той час як у бок Апостальскай Сталіцы робіцца парада – змяніць пазіцыю па пытанні абортаў!” - заўважыў іерарх. “Калі дзіця забіваецца – яно не мае больш правоў”, - падкрэсліў арцыбіскуп і дадаў, што ў гэтым галоўная супярэчнасць з фундаментальнымі мэтамі Канвенцыі – бараніць дзяцей.

Дыпламат лічыць, што Камітэт па правах дзіцяці не аказвае “вялікай паслугі” ААН, спрабуючы прымусіць Святы Пасад адмовіцца ад свайго навучання. Тым не менш Апостальская Сталіца намерана працягваць канструктыўны і адкрыты дыялог, ёй няма чаго хаваць, і яна гатова працягваць даваць адказы на пытанні, неабходныя для дасягнення галоўнай мэты – абароны дзяцей, адзначыў арцыбіскуп Тамазі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.