Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Апостальскай Сталіцы пачалася сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Пантыфіку ў кіраванні Касцёлам
Дзяржава Ватыкан
17.02.2014 17:05

Папа Францішак прыняў удзел у пасяджэнні Рады кардыналаў, якую стварыў для дапамогі ў кіраванні Касцёлам і вывучэнні праекту рэфармавання Рымскай Курыі. Восем кардыналаў у трэці раз сабраліся ў Ватыкане на чарговую сустрэчу, якая працягнецца да 19 лютага.

Перад абмеркаваннем актуальных пытанняў адбылася Імша ў Доме св. Марты.

У пасяджэнні прыняў удзел арцыбіскуп Пьетро Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці, які будзе прысутнічаць і на наступных сустрэчах. Раніцай 17 лютага былі выслуханы даклады трох прадстаўнікоў Камісіі па арганізацыі эканоміка-адміністрацыйнай структуры Апостальскай Сталіцы, але ніякіх рашэнняў не прымалася.

18 лютага члены Рады кардыналаў пазнаёмяцца з дакладам камісіі па рэформе Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк, а 19 лютага сустрэнуцца з камісіяй з 15 кардыналаў, якая кантралюе ўсе фінансавыя пытанні Апостальскай Сталіцы.

Пасля пасяджэння Рады кардыналаў 20 лютага пачнецца кансісторый, прысвечаны пытанням сям’і. Яго адкрые кардынал Анджэло Садана, дэкан Калегіі Кардыналаў, а з уводным дакладам выступіць нямецкі кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

22 лютага, на заканчэнне кансісторыя, з нагоды свята базылікі св. Пятра Папа Францішак надасць кардынальскую годнасць некаторым іерархам, імёны якіх абвясціў 12 студзеня. На 24-25 лютага запланавана пасяджэнне Пастаяннай Рады Сіноду Біскупаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.