Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Апостальскай Сталіцы пачаўся кансісторый, прысвечаны сям’і
Дзяржава Ватыкан
20.02.2014 14:02

20 лютага ў Ватыкане пачаўся надзвычайны кансісторый з удзелам Папы Францішка, прысвечаны праблемам сям’і. У пасяджэннях прымуць удзел каля 185 кардыналаў з розных краін свету. Кансісторый быў адкрыты ў 8.30 раніцы па рымскім часе супольнай малітвай Нешпараў, затым да ўдзельнікаў звярнуўся кардынал Анджэло Садана, дэкан Калегіі кардыналаў.

Папа Францішак заклікаў падтрымаць малітвай іерархаў, якія 22 лютага далучацца да Калегіі кардыналаў. “У гэтыя дні асаблівым чынам мы будзем разважаць аб сям’і, якая з’яўляецца фундаментальнай ячэйкай чалавечага грамадства. Ад самага пачатку Створца благаславіў мужчыну і жанчыну, каб былі плоднымі і размнажаліся на зямлі. Такім чынам, сям’я з’яўляецца ў свеце нібыта адлюстраваннем Трыадзінага Бога”, - нагадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў кансісторыя памятаць аб прыгажосці сям’і і сужэнства, велічы гэтай чалавечай рэчаіснасці, “такой простай і адначасова багатай, якая складаецца з радасцяў і смуткаў, намаганняў і пакутаў, як і ўсё жыццё”. “Мы паспрабуем глыбей задумацца над тэалогіяй сям’і і душпастырскай дзейнасцю, якую павінны ажыццяўляць у актуальным кантэксце. Зробім гэта глыбока, пазбягаючы “казуістыкі”, якая непазбежна знізіць узровень нашай працы”, - сказаў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, у сучасным свеце сям’я “недаацэнена” і “пакрыўджана”, таму ад удзельнікаў кансісторыя чакаецца пацвярджэнне таго, наколькі цудоўна, праўдзіва і добра ствараць сем’і, быць сям’ёй, наколькі яна неабходна для жыцця свету і будучыні чалавецтва. Перад Касцёлам, як дадаў Папа, стаіць задача дапамагчы сужэнцам радасна рэалізаваць сябе ў сям’і, падтрымліваючы іх у шматлікіх цяжкасцях.

Пасля прамовы Пантыфіка да ўдзельнікаў кансісторыя звярнуўся з дакладам на тэму “Евангелле сям’і” кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Таксама іншыя іерархі выступілі і выступяць у далейшым са сваімі зваротамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.